Трасціно́[1] (трансліт.: Trascino, руск.: Тростино) — вёска ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі, пры сутоцы ракі Трасцінкі з Мужычком. Адміністрацыйны цэнтр Трасцінскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км на паўночны захад ад Хоцімска, за 47 км ад чыгуначнай станцыі Камунары (лінія Клімавічы—Сураж), на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Хоцімск.
Тэрыторыя вёскі была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчаць каля 100 крывіцкіх курганоў ва ўрочышчы Мясцішча на беразе Трасцінкі, якія былі выяўлены і раскапаны сялянамі ў 1910—1911 гадах. Курганы адносяцца да XІ—XІV стагоддзяў[2].
Па летапісных крыніцах паселішча вядома з 1662 года[2] ў Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, калі яно была перададзена вайскоўцу гусарскай харугвы Габрыэлю Керсноўскаму[3]. У 1762 годзе згадваецца як сяло, шляхецкая ўласнасць у Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, меўся шынок[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Трасціно апынулася ў Клімавіцкім павеце Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Згодна з эканамічным апісаннем 1784 года, сяло было агульным уладаннем «Антона Станіслава — сына Ланы і жонкі яго Хрысціны Ігнацьевай, дачкі Іосіфа Станіславава, і дзяцей яго: Ягнація, Яфіма, Езафата, Іосіфа», налічвалася 1623 дзесяціны зямлі[2]. У 1811 годзе — ўладанне памешчыка. Сяляне ў чэрвені 1861 года адмовіліся адбываць памешчыцкую павіннасць[4].
У 1885 годзе — сяло ў Хоцімскай воласці Клімавіцкага павета, дзейнічала царква. Частка вяскоўцаў займалася адыходным промыслам. Па выніках перапісу 1897 года, побач з сялом існаваў аднайменны фальварак Гумінскіх[3] (450 дзесяцін зямлі) і фальварак Маркаўка (1 двор, 7 жыхароў). У 1896 годзе ў вёсцы адкрылася школа, для якой у 1906 годзе было ўзведзена памяшканне. У 1905 годзе ў ёй навучаліся 46 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.
У 1919 годзе вёска ўвайшла ў склад Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. 1 мая 1919 года была арганізавана гаспадарка «Разальмова», куды ўвайшла вёска Трасціно. У гаспадарцы былі 4 кані, 6 кароў, 10 свіней, 25 гектараў саду[5]. У снежні 1921 года замест дарэвалюцыйнай адкрыліся працоўная пачатковая школа і хата-чытальня.
У выніку першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Трасціно апынулася ў Хоцімскім раёне Калінінскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці БССР, дзе 20 жніўня 1924 года вёска стала цэнтрам сельсавета. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Новы шлях», які аб’ядноўваў 96 гаспадарак. У 1930 годзе для школы было пабудавана новае памяшканне.
З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Трасціно знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У памяць аб 117 вяскоўцах, якія загінулі ў часе вайны, у 1967 годзе быў пастаўлены помнік.
У 1962—1966 гадах Хоцімскі раён і Трасцінскі сельсавет былі скасаваны, і вёска была перададзена Забельшынскаму сельсавету Клімавіцкага раёна. У 1966 годзе вёска была вернута ў склад Хоцімскага раёна, а ў 1971 годзе — адноўленага Трасцінскага сельсавета.
У 1975 годзе ў склад Трасціна ўвайшлі вёскі Зарэчча 1 і Зарэчча 2, а таксама Азёрная (былая вёска Мужычок)[4].
Па звестках канца 1980-х гадоў, вёска з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Трасціно» (утвораны ў 1965 годзе), працавалі аддзяленні банка і сувязі, бібліятэка, гандлёвы цэнтр, дзіцячы сад, клуб, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, сталовая, сярэдняя школа і фельчарска-акушэрскі пункт[4].
У вёсцы працуюць аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, праваслаўная царква і сярэдняя школа[6].
Трасціно забудоўваецца паводле плана, распрацаванага «Магілёўграмадзянпраектам» у 1981 годзе. Рэкі падзяляюць вёску на дзве часткі. У забудове пераважаюць традыцыйныя драўляныя сялянскія хаты. Новыя вуліцы, размешчаныя на поўначы і паўночным захадзе, забудаваны аднакватэрнымі і шматкватэрнымі цаглянымі дамамі. На захадзе і поўдні — вытворчыя будынкі[4].