wd wp Пошук:

Сіддзі

Сі́ддзі, сі́дхі, шы́ддзі (хіндзі: सिदी, урду: شیدی), таксама хабшы (літаральна “эфіопы”, ад перс.: حبشه‎) — негроідная расавая група ў Паўднёвай Азіі. Жывуць пераважна на поўдні і захадзе Індыі і на поўдні Пакістана. У Гуджараце і Дамане, дзе іх колькасць складае 11420 чалавек (2014 г.)[1][2], прызнаюцца асобнай этнічнай групай. Агульная колькасць індыйцаў і пакістанцаў афрыканскага паходжання можа дасягаць болей за 200 тысяч чалавек. Размаўляюць на мовах тых народаў, сярод якіх жывуць.

Паходжанне

Сіддзі з’яўляюцца нашчадкамі афрыканцаў, якія траплялі ў Паўднёвую Азію ў якасці рабоў, слуг і маракоў. Гандлёвыя сувязі паміж Усходняй Афрыкай і паўвостравам Індастан былі ўсталяваны ўжо ў ранняе сярэднявечча. Усходнеафрыканская дзяржава Аксум з’яўлялася важным пасрэднікам на марскім шляху паміж Міжземнамор’ем і Індыяй[3].

Эмі Кэтлін, амерыканская даследчыца культуры сіддзі, лічыць, што іх з’яўленне ў Паўднёвай Азіі датуецца XII - XIX стст.[4] і галоўным чынам было звязана з больш познімі кантактамі паміж індыйцамі і суахілі, пасрэднікамі паміж якімі часцяком былі арабы. Пасля адкрыцця прамога марскога шляху паміж Еўропай і Індыяй у гандлі афрыканскімі рабамі ў Паўднёвай Азіі таксама прымалі ўдзел партугальцы і галандцы. У фальклоры прыбярэжных раёнаў Заходняй Індыі сіддзі ўзгадваюцца як піраты-рабаўнікі[5].

Некаторыя здатныя афрыканцы рабілі кар’еру ў войску або пры двары паўднёваазіяцкіх валадароў, але большасць аказвалася на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Адарваныя ад радзімы, сіддзі перажылі працэс асіміляцыі, страцілі родныя мовы, але захавалі некаторыя культурныя адрозненні ў вусным фальклоры і музыцы.

Генетычныя даследаванні[6] выявілі, што сіддзі Карнатакі і Гуджарата паходзяць ад банту і верагодна з’яўляюцца нашчадкамі позніх афрыканскіх мігрантаў. Акрамя таго, у іх прысутнічае паўднёваазіяцкая і еўрапейская (партугальская) генетычная спадчына.

Асаблівасці культуры

Сіддзі звычайна жывуць у вёсках або на ўскраінах гарадоў, і ў паўседзённай культуры мала адрозніваюцца ад іншага мясцовага насельніцтва. Асобнае месца займае музычная спадчына сіддзі. Яна фарміравалася пад моцным ўплывам мусульманскіх суфійскіх традыцый, але на думку некаторых даследчыкаў яна захоўвае афрыканскія карані гэтага народа[7]. Папулярны рытмічныя мелодыі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — цыліндрычны нашыйны барабан мусінда, бразготкі з какосаў, музычны лук малунга і інш. Сіддзі Гуджарата вядомы рытмічным мужчынскім танцам дхамал[8], які суправаджае суфійскія святы. Вусная народная спадчына сіддзі апавядае легендарныя паданні аб суфійскім чарнаскурым святым Горы-Піры, гістарычныя паданні аб службе індуісцкім і мусульманскім валадарам[9] і г. д.

Рэлігія

Большасць вернікаў-сіддзі спавядаюць іслам. Сярод вернікаў-мусульман Гуджарата і Пакістана распаўсюджаны суфізм і шанаванне чарнаскурага суфійскага святога Горы-Піра. Некалькі тысяч вернікаў-сіддзі з’яўляюцца індуістамі — прадстаўнікамі ніжэйшых каст або хрысціянамі. Захаваўся культ шанавання продкаў хірыяру[10].

Зноскі

  1. Siddi, Muslim in India
  2. Siddi, Hindu in India
  3. Kingdoms and Trading States of East Africa
  4. Who are the Siddis of India? Архівавана 26 лютага 2009.
  5. Siddis of Karnataka and the Habshis from Abyssinia … -The Lost African Tribe
  6. Indian Siddis: African Descendants with Indian Admixture
  7. The Siddis-African descendents in India
  8. Siddhi dhamal dance - folk dance of Gujarat Архівавана 7 студзеня 2015.
  9. exhibitions.nypl.org
  10. Siddi Tribe, Gujarat

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Народы Пакістана
Катэгорыя·Народы Азіі