wd wp Пошук:

Сіваграк звычайны

Паштовая марка Беларусі

Сівагра́к звычайны, Ракша[1], Сіваваронка[2] (Coracias garrulus) — буйная птушка атрада ракшападобных памерам з голуба.

Апісанне

Даўжыня цела 32-35 см, маса 140—160 г. Склад цела шчыльны, дзюба моцная. Агульная афарбоўка зеленавата-блакітная з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна глініста-карычневая. Палавы дымарфізм слаба выяўлены. Афарбоўка маладых птушак бледнаватая.

Пашырэнне

Еўразія і Паўночна-Заходняя Афрыка. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах пашырэння віду. Параўнальна нядаўна ў невялікай колькасці гнездавалася на поўначы краіны. Найбольш пашырана на Палессі.

Аддае перавагу старым рэдкім лясам паблізу рачных абалонаў, каля азёраў, высечак, лугоў, палёў, выганаў. Часта селіцца паблізу высакавольтавых ліній, у старых занядбаных парках, прысадах, гаях. Неабходныя ўмовы — наяўнасць дуплаватых дрэваў.

Асаблівасці біялогіі

Прылятае паміж 15 красавіка і 15 мая. Дакладныя тэрміны прылёту і гнездавання залежаць ад ходу вясны і геаграфічнага месцазнаходжання мясцовасці. Займае дуплы асін, дубоў, вольхаў, сосен, вербаў, радзей старых ігруш, яблынь, таполяў, ліп. Дуплы выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Нярэдка засяляе і штучныя гняздоўі (галачнікі).

Ахова

Птушка ўжо патрапіла ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды і нададзеная катэгорыяй NT як від, які знаходзяцца пад пагрозай вымірання. Уключана яна ў дадатак II Бернскай і Бонскай канвенцый і, само сабой, увайшла з 1993 года ў Чырвоную кнігу Беларусі[3].

За апошнія 50 гадоў колькасць беларускай папуляцыі сівагракаў скарацілася больш чым у 200 разоў. Калі ў канцы 1960-х гадоў іх налічвалася ад 10 да 30 тысяч пар, то цяпер у краіне, па самых аптымістычных падліках, не больш за 70 пар. У Еўропе ж агульная колькасць сівагракаў не перавышае 100 тысяч пар[3].

Па статыстыцы, сёння ў Беларусі зафіксавана толькі 5 месцаў пастаяннага гнездавання сіваграка звычайнага[3]. І толькі ў адной кропцы яе колькасць дасягае 8-10 пар. Гэта тэрыторыя, важная для птушак, «Гронава» ў Магілёўскай вобласці. Тут у цяперашні час выяўлена самая шматлікая папуляцыя сіваграка. Тэрыторыя мае міжнароднае значэнне. Але афіцыйна гэты статус нідзе не замацаваны. Таму грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» мае намер ініцыяваць там у 2012 годзе стварэнне заказніка мясцовага значэння[3].

Зноскі

  1. Напісанне Сіваграк звычайны, Ракша, а таксама напісанне на латыні ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.14., Мн., 2002, С.363
  2. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Coracias garrula
  3. 1 2 3 4 В Беларуси хотят взять под охрану места, где обитает «синяя птица» Архівавана 10 студзеня 2012. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Птушкі на марках
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сівагракавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта