wd wp Пошук:

Шызы голуб

Шызы голуб (Columba livia) — шырока распаўсюджаная птушка сямейства галубіных, радзімай якой лічацца Еўропа, Паўднёва-Заходняя Азія і Паўночная Афрыка.

Апісанне

Даўжыня цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая.

Пашырэнне

Аселы. У прыродзе насяляе абрывістыя, патрэсканыя скалы, часта прыморскія (ахвотней з паўд. экспазіцыяй), гліністыя яры ў стэпах або каля рэк, а таксама руіны высокіх пабудоў сярод адкрытых тэрыторый. Пранікае ў населеныя пункты, ахвотна засяляе цэнтры гарадоў, дзе звычайна пасяляецца гарадскі галуб, якія таксама могуць быць здзічэлымі свойскімі галубамі (C. l. forma domestica).

Арэал: Фарэрскія астравы, Шатландыя і навакольныя астравы, Ірландыя, Паўднёвая Еўропа, лакальна ў Пірэнеях і Альпах, Малая Азія, Аравійскі п-аў і Блізкі Усход, Заходняя, Цэнтральная і Паўднёвая, месцамi Усходняя Азія, Індыя, Шры Ланка, Паўночная Афрыка, на поўдзень да Джыбуці праз возера Чад да Манровіі. На Беларусі шырока распаўсюджаны ў населеных пунктах шматлікі аселы від.

Асаблівасці біялогіі

Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйкі. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культурных раслін, рэшткамі ежы чалавека.

Прыручэнне

Яшчэ ў глыбокай старажытнасці гэтыя птушкі былі прыручаныя чалавекам, у выніку былі выведзеныя так званыя хатнія галубы (Columba livia var. Domestica). У часы Вялікіх адкрыццяў чалавек перавозіў з сабой усю сваю маёмасць, у тым ліку і галубоў. Пасля здзічэлыя галубы (Columba livia var. Urbana) шырока распаўсюдзіліся ў свеце і сталі сінантропамі, звыклымі насельнікамі вялікіх гарадоў і сельскагаспадарчых ферм. Ад іх паходзяць шматлікія пароды дэкаратыўных і паштовых галубоў.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Галубіныя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1789 годзе