wd wp Пошук:

Стэфан Лазаравіч

Стэ́фан Лазаравіч (сербск.: Стефан Лазаревић; 1374 — 19 ліпеня 1427) — кіраўнік сярэдневяковай Сербіі з 1389 года ў якасці васала Асманскай імперыі, з 1402 года адносна самастойна (пад эгідай венгерскай кароны). Другі і апошні манарх з роду Лазара. У 1403 г. перанёс сталіцу Сербіі ў горад Бялград.

Біяграфія

Сын Лазара Хрэбелянавіча, які загінуў у бітве на Косавым полі з асманамі ў 1389 годзе, і Міліцы.

Стэфан браў удзел у якасці асманскага васала ва ўсіх бітвах султана Баязіда I, які ўзяў да сябе ў гарэм малодшую сястру Стэфана. Сярод іншых ён удзельнічаў у бітве пры Нікопале з балгарамі ў 1396 годзе, якая прывяла да падзення Другога Балгарскага царства, і ў бітве пры Равінэ.

Пасля аглушальнага разгрому Асманскай імперыі Тамерланам у 1402 годзе Стэфан Лазаравіч, які прымаў удзел у гэтай бітве на баку Баязіда, абвясціў сябе дэспатам Сербіі. Права на гэты тытул яму падаў імператар Канстанцінопаля, з якім Стэфан сустрэўся на шляху назад у Сербію.

Па вяртанні на радзіму Стэфан атрымаў перамогу ў барацьбе са сваім пляменнікам Георгіем Бранкавічам за вяршэнства ў Сербіі. Для гэтага ён уступіў у саюз з венгерскім каралём Жыгімонтам, прызнаўшы яго сюзерэнітэт. Яго праціўнік Бранкавіч зрабіў стаўку на маладога султана Сулеймана і аблічыўся.

У вырашальнай бітве сваю армію на дапамогу швагру прывёў Георгій II Балшыч, кіраўнік княства Зэта. Ва ўзнагароду за вернасць Жыгімонт надзяліў Стэфана землямі ў Ваяводзіне, якія ўключалі гарады Земун, Мітравіцу і Апацін. Таксама пад яго кантроль патрапілі ключавыя дунайскія крэпасці — Бялградская і Голубацкая.

Дэспатава вежа — адзіная частка Бялградскай крэпасці часоў Стэфана Лазаравіча, якая ацалела пасля аўстра-турэцкіх войнаў XVII стагоддзя

Стэфан надаваў вялікую ўвагу ўпрыгожванню заснаванага ім манастыра Манасія, увёў у Сербіі рыцарскія турніры на заходні ўзор і адным з першых на Балканах стаў выкарыстоўваць агнястрэльную зброю. Месца пахавання — Копарынскі манастыр у пасёлку Вяліка-Плана.

Паколькі ад шлюбу з дачкой лесбаскага дэспата Гатылузіа дзяцей у Стэфана не было, правы на яго ўладанні атрымаў у спадчыну пляменнік — Георгій Бранкавіч.

У літаратуры

Пяру Стэфана Лазаравіча прыпісваюць шэраг літаратурных твораў — паэтычнае пасланне брату Вуку і плач на смерць князя Лазара.

У жыцяпісе Стэфана Лазаравіча ёсць апавяданне пра тое, як гэты кіраўнік, перапрануўшыся, пад выглядам простага чалавека хадзіў раздаваць міласціну жабракам. Адзін з жабракоў тройчы падыходзіў да кіраўніка за міласцінай, і той папракнуў яго ў прагнасці. Тады жабрак у адказ папракнуў Стэфана, што той «і на зямлі кіруе, і Нябеснае Царства атрымаць жадае». Гэты сюжэт быў выкарыстаны ў жыціі князя Івана Каліты з Валакаламскага патэрыка[2].

Зноскі

  1. Lundy D. R. The Peerage
  2. Турилов А. А. «Гарун-ар-Рашидовский» сюжет в славянских литературах XV—XVI в. //Древняя Русь. Вопросы медиевистики. 2004. № 2(16). С. 8-11.

Спасылкі

Папярэднік:
Лазар Хрэбелянавіч
Князь Сербіі
13891402
Пераемнік:
'
Папярэднік:
'
Дэспат Сербіі
14021427
Пераемнік:
Юрый Бранкавіч
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Пахаваныя ў Сербіі
Катэгорыя·Памерлі 19 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1374 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1427 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кіраўнікі Сербіі