Сквер імя А. А. Грамыкі — сквер у Гомелі, размешчаны ў Цэнтральным раёне паміж адрэзкамі вуліц Савецкая, Пушкіна і Ірынінская[1]. Названы ў 2009 годзе ў гонар савецкага дзяржаўнага дзеяча А. А. Грамыкі[2].
Да пачатку ХІХ ст. мясцовасць цяперашняга сквера імя А. А. Грамыкі знаходзілася за гарадскімі межамі Гомеля, прылягаючы да дарогі, якая згодна з дакументамі 1560 г. называлася Чачэрскай[3]. Прыроднай асаблівасцю мясцовасці было яе знаходжанне ў нізіне на перападзе рэльефу і блізкасць да глыбокага яра. Яе ўласніцкую прыналежнасць і характар выкарыстання за часы Гомельскага староства пакуль прасачыць немагчыма. Верагодна, яна складала частку «грунту мѣстъ и застѣнковъ мѣстскихъ» (1560)[3]. На планах генеральнага межавання 1784 г. — аднесена да ўладанняў П. А. Румянцава-Задунайскага[4][5]. Краязнавец А. Ф. Рогалеў, не спасылаючыся на крыніцы, паведамляе аб размяшчэнні тут да пачатку ХІХ ст. праваслаўных могілак, якія нібыта былі зладжаны пасярод ліставога лесу[6]. Указанне на імавернасць гэтага ўтрымліваецца ў плане Гомеля 1799 г., дзе на адпаведнай мясцовасці паказаны невялікі лапік зямлі, пазначаны крыжам[7].
Планы 1830 і 1838 гг. фіксуюць наяўнасць у гэтай мясцовасці пэўнага аб’екта простакутнай формы, выцягнутага паралельна дарозе (будучая вуліца Румянцаўская)[8][9]. Ёсць падставы меркаваць, што ён згаданы ў статыстычным апісанні Гомеля 1867 г.[10]:
«У горадзе, недалёка ад гарадской бальніцы, пры шашэйнай дарозе, месціцца штучная сажалка або стаў, патрэбны ў разе пажараў. Месца вакол сажалкі нічым не занятае, пустапарожняе і ў цяперашні час не мае ніякай дагледжанасці».
Арыгінальны тэкст (руск.)
«Внутри города, невдалеке от городской больницы, при шоссейной дороге, находится искусственная сажелка или пруд, необходимый на случай пожаров. Место вокруг сажелки ничем не занятое, пустопорожнее и в настоящее время не имеет никакой благовидности».
Прапаноўвалася зладзіць вакол сажалкі гарадскі бульвар[10]. Невядома, як хутка гэтая прапанова была рэалізавана, але ў 1880-я гг. муніцыпальныя ўлады рупіліся аб ператварэнні бульвара «з традыцыйнай зоны масавага адпачынку ў культурны асяродак цэнтра горада»: раз на тыдзень (зазвычай на выхадных) там выступаў мясцовы аркестр, а 18 кастрычніка 1887 г. быў урачыста адкрыты «зімовы» тэатр, разлічаны на аўдыторыю больш за 400 гледачоў[11].
У 1911 г. мясцовасць ужо характарызавалася як «стары гарадскі сад»[12]. У тагачаснай краязнаўчай літаратуры, прэсе, на планах Гомеля ён таксама называўся Бульварам (у ліку чатырох грамадскіх садоў)[13] ці Гарадскім бульварам[14][15]. Адзначалася, што ў ім было шмат зеляніны, што «дрэвы купамі густа разрасліся» і давалі дастаткова ценю. Бульвар лічыўся месцам пераважна («по преимуществу») дзіцячым[12]. Шэфства над ім ажыццяўляла кіраўніцтва Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак, намаганнямі якога сад атрымаў ажурную металічную агароджу[6], усталяваную ўвосень 1911 г.[16] Ранейшая драўляная агароджа ўвесну 1912 г. была перанесена на хрысціянскія могілкі ў Новай Беліцы[17].
Улетку 1911 г. паведамлялася аб усталяванні на бульвары чатырох новых ліхтароў фірмы «Люкс» «на жалезных рэйкавых слупах», коштам па 100 руб. кожны[18]. Гаворка, хутчэй за ўсё, пра так званыя газалінавыя ліхтары.
У сувязі са святкаваннем 100-годдзя вайны 1812 г. адмысловая камісія пад старшынствам гарадскога галавы І. В. Дамброўскага ўлетку 1912 г. асобным пунктам вынесла пажаданне ўвекавечыць у Гомелі памяць аб азначанай гістарычнай падзеі праз наданне «вялікаму гарадскому саду» імя расійскага імператара Аляксандра І і ўсталяванне яму бюста ў гэтым садзе насупраць Аптэчнай вуліцы[19]. Па ўсім відаць, прапанаваная назва так і не прыжылася, а бюст не быў усталяваны.
Адсутнасць на тэрыторыі бульвара пэўнай дамінанты (памятнага знака, цікавосткі) паўплывала на безуважнасць да яго аўтараў фатаграфічных паштовак пачатку ХХ ст. Напрыклад, сярод сарака паштовак з краявідамі тагачаснага Гомеля, апублікаваных калекцыянерам В. М. Целешам няма ніводнай, дзе б непасрэдна быў паказаны бульвар, і толькі на двух ён паказаны ўскосна[20].
У 1920-я гг. Гарадскі бульвар быў перайменаваны ў Парк Парыжскай Камуны[21]. У 1930-я гг. — перададзены піянерскай арганізацыі Гомеля і атрымаў назву сквера Юных піянераў ці Піянерскага сквера (парка)[22][23]. Апошняя працягвае бытаваць сярод гамяльчан да нашага часу. На ўваходзе ў сквер былі ўсталяваны гіпсавыя фігуры піянера і піянеркі. У лакацыях сквера сталі сталі праводзіцца мерапрыемствы піянерскай арганізацыі[23][22].
Мяркуючы па аэрафотаздымках 1930-х гг. і лета 1941 г., сквер на дзве часткі падзяляла дарожка ад вуліцы Савецкай да вуліцы Парыжскай Камуны. Большая гушчыня расліннасці назіралася ў паўднёвай частцы сквера. Але і ў паўднёвай, і ў паўночнай частках меліся даволі прыкметныя пляцоўкі, вольныя ад дрэў. На поўдні месціліся круглай формы фантан (або клумба) і будынак з двусхільным дахам[24]. Апошні, верагодна, з’яўляўся жылым домам, дзе станам на 1927 г. пражывала дзве сям’і, галовы якіх значыліся як «асобы, што жывуць на дзяржаўныя ці грамадскія сродкі»[25].
Невядома, ці пераймяноўваўся сквер у часы нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеля 1941—1943 гг. На адпаведным нямецкім плане назва аб’екта пазначана не была[26]. Пры гэтым уласна зялёны масіў, нягледзячы на шматлікія руйнаванні наўкол, у вайну захаваўся[27].
Пасля вайны ў сектары сквера на рагу вуліц Савецкай і Першамайскай была ўзведзена манументальная дошка гонару перадавікоў Гомельскай вобласці (архітэктар І. Д. Спірын). Яна ўяўляла сабой простакутную стэлу на высокім падмурку, левая і правая часткі якога мелі выступы, што служылі пастаментам для скульптур працоўных мужчыны і жанчыны адпаведна. Стэлу аздаблялі герб БССР і тытульны надпіс на беларускай мове. Ніжэй размяшчаліся шыльды з указаннем асоб і арганізацый, якія адзначыліся сваімі высокімі дасягненнямі. На падмурку знаходзілася шыльда з ленінскай цытатай на рускай мове: «Прадукцыйнасць працы, гэта, у апошнім рахунку, самае важнае, самае галоўнае для перамогі новага грамадскага ладу». Перад стэлай мелася клумба з кветкамі[28].
У 1983 г. тут з боку вуліцы Савецкай быў усталяваны бюст А. А. Грамыкі (скульптар І. Рукавішнікаў, архітэктары А. Клімачкін, М. Пасохін)[29], з прычыны чаго ў народзе за скверам замацавалася паралельная назва — сквер Грамыкі. Аднак яе афіцыйнае замацаванне адбылося толькі ў 2009 г. і было прымеркавана стагоддзю з дня нараджэння А. А. Грамыкі[2]. Узвядзенне бюста ў свой час абстаўлялася ў характэрным для савецкай рыторыкі стылі як пашана з боку працоўных Гомельшчыны, што ганарацца сваімі землякамі[30].
![]() |
Сквер імя А. А. Грамыкі на Вікісховішчы |
---|