Пя́дзя (усходнесл. пядь) — даўняя мера даўжыні: «Крестъ… былъ 8-должки пяди»[1]; «В той вежы дело железное полдевяты пяди…»[2]. Са значэннем меры слова ўжывалася ўжо ў «Ізборніку» Святаслава (1073)[3]. Таксама: участак зямлі, прасторы (пераносна, умоўна).
Гэта слова са значэннем адлегласць паміж вялікім і ўказальным пальцам ёсць і ў іншых славянскіх мовах — балгарскай, македонскай, польскай, славенскай, стараславянскай, чэшскай, верхне- і ніжнелужыцкай[4]. Словы з аналагічным значэннем ужываліся як меры ў англійскай і бірманскай мовах[5]. На думку А. Праабражэнскага, слова «пядь» — вытворнае ад дзеяслова пять (бел. напінаць)[4]. Тое, што з метрычным значэннем яго выявіў І. Сразнеўскі ў «Ізборніку Святаслава», сведчыць, што мерай яно было ў агульнаўсходнеславянскі перыяд. Ужыванне ў помніках старабеларускага пісьменства паказвае, то гэта была шырока ўжывальная бытавая мера, якая не ўваходзіла ў склад дзяржаўнай сістэмы мер. Пры шырокае ўжыванне гэтага слова сведчыць і тое, што яно выяўлена ў складзе словазлучэнняў «земли пяди нҍтъ» — зусім няма зямлі і «не поступил на пядь» — не аддаў ніколькі: «И теперь суть границы и копцы цҍлы и не тыле пядь, але на полпальца земли вашое милости не поступил и пильне того стерегу»[6].
У старабеларускай мове ўжываўся ўтвораны ад назоўніка «пядь» — мера, прыметнік — «пядный», які ўваходзіў у колькасна-іменныя спалучэнні «пятипядный, четыръпядный» — на пяць (чатыры) пядзі велічынёй: «Зъ Малиньской земли идеть два лукнҍ пятипядныхъ, а третее четыръпядное. У Моколевичахъ съ Тарасовъской земли 2 четыръпядныхъ лукна»[7].
У сучаснай беларускай мове — літаратурнай і дыялектнай — слова «пядзя» ўжываецца са значэннем меры: «Сала на хібу вельмо тоўстае, на цэлую пядзю»[8]; «Я мужык-беларус — пан сахі і касы; цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы»[9]. Яно ўваходзіць у некаторыя словазлучэнні, значэнне якіх выяўляецца ў тэксце: «Ды гэта і перад Варонічам узвысіла б яго на цэлую пядзю» — вельмі[10]; «У пана Зыгмуся ні адна пядзя зямлі не запуставала» — ні аднаго лапіка[11]; «Кожгпя пядзя тае ямлі, як расінка травіцы, патрэбна мужыку — самы малыф кавалак»[12]. Гэта слова ўваходзіць у склад фраземы «сем пядзяў у лбе», якая мае значэнне вельмі разумны: «Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі… Сем гадоў ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў»[13].