Падкра́ічы[1] (трансліт.: Padkraičy, руск.: Подкраичи) — аграгарадок у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Малецкага сельсавета. Размешчаны за 22 км ад Бярозы, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картузская.
У 1563 годзе ў Кобрынскай эканоміі, у абшары двара Блудзенскага і войтаўства Малецкага. У 1716 годзе ў складзе войтаўства Кабацкага Блудзенскага староства.
Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У 1864 годзе вёска ў Малецкай воласці Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, ветраны млын.
З 1915 года акупіравана германскімі войскамі, з 1919 года да ліпеня 1920 года і зжн. 1920 года — войскамі Польшчы. У ліпені 1920 устаноўлена савецкая ўлада.
З 1921 года ў складзе Польшчы, у 1924 годзе вёска ў Малецкай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска, цэнтр Падкрайчаўскага с/с Пружанскага раёна.
У 1941—1944 гг. акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Акупанты загубілі ў вёсцы 20 жыхароў, на фронце загінулі 14 воінаў-землякоў.
15 снежня 1949 года створаны калгас. З 14 красавіка 1960 года ў Бярозаўскім раёне. 21 студзеня 1961 года Падкрайчаўскі с/с скасаваны, вёска далучана да Малецкага с/с. Паводле перапісу 1970 года цэнтр калгаса «Прагрэс».
Дзейнічаюць школа, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, магазіны.