wd wp Пошук:

Павел Восіпавіч Горын

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Горын. У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Каляда.

Павел Восіпавіч Горын, сапраўднае Каляда (15 студзеня 1900, м. Картуз-Бяроза, Пружанскі павет, Гродзенская губерня, цяпер г. Бяроза Брэсцкай вобласці — 25 красавіка 1938, Масква, НКУС) — савецкі і беларускі палітычны дзеяч, арганізатар навукі, прэзідэнт Акадэміі навук Беларускай ССР у 1931—1936 гадах. Акадэмік АН БССР (1931), доктар гістарычных навук (1934)[3]. Расстраляны, рэабілітаваны пасмяротна.

Біяграфія

Дзяцінства і адукацыя

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Гродзенскай губерні. Скончыў сельскую школу (1910) і паступіў у Брэст-Літоўскую гімназію, але з-за Першай сусветнай вайны не змог скончыць навучанне. Сям’я П. В. Горына эвакуіравалася ў Арзамас Ніжагародскай губерні і ён скончыў вучобу ў адной з гімназій Ніжняга Ноўгарада[4][5].

Па ўстанаўленні ў Арзамасе савецкай улады П. В. Горын актыўна ўдзельнічаў у будаўніцтве і абароне новага ладу — летам 1918 года ўступае ў Арзамаскую баявую дружыну, а ў кастрычніку, як адзін з першых камсамольцаў горада, быў прыняты ў РКП(б)[5].

У пачатку 1919 года Горын вярнуўся ў Беларусь[5], абраны членам Картуз-Бярозаўскага валаснога рэўкама, арганізуе і ўзначальвае валасную партыйную арганізацыю[5]. У 1920 годзе камендант Пружан[6]. Па заняцці Картуз-Бярозы палякамі ў часе польска-савецкай вайны Горын ідзе добраахвотнікам у Чырвоную Армію, служыць палітработнікам[4][5].

У студзені 1920 года П. В. Горын камандзіраваны на вучобу ў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова(руск.) бел.[5], які скончыў ў 1921 годзе[3][6].

У 1923—1925 гадах П. В. Горын вучыўся ў Інстытуце чырвонай прафесуры(руск.) бел.[3]. У гэтыя гады П. В. Горын пазнаёміўся з прызнаным аўтарытэтам савецкай гістарычнай навукі 1920-х гадоў М. М. Пакроўскім, які значна паўплываў на яго[5].

У 1925—1930 гадах працаваў вучоным сакратаром узначаленага М. М. Пакроўскім Таварыства гісторыкаў-марксістаў[3]. У 1926—1928 гадах член рэдкалегіі часопіса «Историк-марксист(руск.) бел.», у 1927—1930 — намеснік рэдактара часопіса «Пролетарская революция(руск.) бел.»[3].

У 1929—1930 гадах намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі(руск.) бел.[4]. Старшыня Таварыства палітэмігрантаў Заходняй Беларусі (1926—1928). 13 лютага 1931 года абраны прэзідэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР[4].

На чале Акадэміі навук Беларускай ССР

У 1930 годзе заснавальнік АН Беларускай ССР і яе першы прэзідэнт, У. М. Ігнатоўскі быў зняты са сваёй пасады кіраўніка Акадэміі як «кулацкі агент» і ў 1931 годзе пакончыў з сабой. Яго пераемнікам стаў П. В. Горын, які ўзначальваў Акадэмію ў 1931—1936 гадах[3][4] і праявіў сябе перш за ўсё, як арганізатар навукі. Перш за ўсё П. В. Горын дамогся выхаду пастановы СНК Беларускай ССР ад 13 мая 1931 года «Аб рэарганізацыі Беларускай Акадэміі навук», у выніку чаго ў арганізацыі да канца 1931 года функцыянавала 12 навукова-даследчых інстытутаў[4]. Сам П. В. Горын узначаліў Інстытут гісторыі АН БССР. Пры ім у Акадэміі пачала стварацца ўласная сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў — інстытут аспірантуры (1932) і дактарантура (1934)[4].

Апошнія гады

У 1936 годзе быў пераведзены ў Маскву, загадчык кафедры гісторыі СССР МДУ[3], рэдактар аддзела гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі[6].

Арыштаваны НКУС 28 жніўня 1937 года па адрасе: вул. Земляны Вал(руск.) бел., д. 14/16, кв. 64, прыгавораны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1938 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да расстрэлу[7] і ў той жа дзень расстраляны[5][7] у Маскве на «Камунарцы»[7].

Рэабілітаваны 17 верасня 1955 года[6].

Грамадская і дзяржаўная дзейнасць

П. В. Горын праводзіў актыўную дзяржаўную і грамадскую работу. У 1931—1936 гг. быў членам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б)Б, членам ЦВК і Прэзідыума ЦВК Беларускай ССР, быў дэлегатам ХVII з’езда ВКП(б) (1934)[3]; на XII з’ездзе Саветаў СССР (1935) быў выбраны членам ЦВК СССР[5].

Навуковая дзейнасць

Важнейшай праблемай савецкай гістарыяграфіі 1920-x гадоў была гісторыя Саветаў у рэвалюцыі 1905—1907 гг. Сярод першых работ, апублікаваных на гэту тэму, манаграфія П. В. Горына «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 г.» (1925)[3]. Праца напісана пераважна на архіўным матэрыяле, у ёй П. В. Горын спрабаваў высветліць асноўныя пытанні гісторыі Саветаў — паходжанне, дзейнасць, характар і значэнне для развіцця рэвалюцыі. Раскрыццё ролі і значэння Саветаў П. В. Горын звязаў з рухаючымі сіламі рэвалюцыі. Вызначаючы характар рэвалюцыі 1905—1907 гг. як рэвалюцыі буржуазна-дэмакратычнай, ён падкрэсліваў пры гэтым ролю пралетарыяту як гегемона і правадыра першай рускай рэвалюцыі[5].

Вядома, меркаванні П. В. Горына на рэвалюцыю 1905—1907 гг., выказаныя ў першым выданні «Нарысаў па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў», былі шмат у чым недасканалымі і супярэчлівымі. У працах гісторыкаў першых гадоў савецкай улады выразна выявіліся цяжкасці пачатковага этапу станаўлення савецкай гістарыяграфіі. У наступных выданнях сваёй працы «Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў» (М., 1930; Мн., 1934) П. В. Горын імкнуўся больш поўна вызначыць характар рэвалюцыі і яе асноўныя рысы[5].

Да дзясятых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі выйшла кніга П. В. Горына пра барацьбу рабочага класа за Савецкую ўладу («Пралетарыят у 1917 г. у барацьбе за ўладу». М.; Л., 1927). Як адзін з вучняў акадэміка М. М. Пакроўскага, П. В. Горын паслядоўна абараняў погляды яго школы. У 1933 г. Горын апублікаваў у Мінску працу «М. М. Пакроўскі — бальшавік-гісторык», дзе выказваў погляды М. М. Пакроўскага на першую рускую рэвалюцыю і Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю[5].

Даследчыцкую працу П. В. Горын сумяшчаў з актыўнай навукова-арганізатарскай, педагагічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Горын быў адным з заснавальнікаў і актыўных удзельнікаў створанага ў 1925 г. таварыства гісторыкаў-марксістаў. Старшынёй Таварыства гісторыкаў-марксістаў быў выбраны М. М. Пакроўскі, сакратаром таварыства стаў П. В. Горын[5].

Актыўна ўдзельнічаў П. В. Горын і ў стварэнні Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі, які быў адкрыты ў лістападзе 1929 г. Горын уваходзіў у арганізацыйную камісію па стварэнні інстытута, увайшоў у склад першай Калегіі — вышэйшага навуковага органа інстытута[5].

13 лютага 1931 года П. В. Горына выбраны акадэмікам і прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук. На гэтай пасадзе раскрыўся яго талент буйнога арганізатара навукі. Задачы максімальнага выкарыстання дасягненняў навукі і тэхнікі для развіцця народнай гаспадаркі пастаянна патрабавалі паляпшэння арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці створанай у 1929 г. Акадэміі навук БССР. У 1931 г. з ініцыятывы П. В. Горына была ажыццёўлена карэнная рэарганізацыя Акадэміі навук БССР. На АН БССР былі ўскладзены абавязкі па каардынацыі работы ўсіх навукова-даследчых устаноў, размешчаных на тэрыторыі БССР, вызначэнні тэматыкі навуковых даследаванняў і кантролі іх выканання. АН БССР станавілася адзіным навуковым рэспубліканскім цэнтрам, дзе канцэнтравалася агульнае кіраўніцтва ўсёй навукова-даследчай працай у рэспубліцы[5].

Дзякуючы намаганням П. В. Горына з пачатку 1930-х гадоў у акадэміі пачынаецца паскораная падрыхтоўка новых навуковых кадраў, паляпшаецца арганізацыя навучальнага працэсу і падрыхтоўкі аспірантаў. Толькі ў 1931—1935 гадах аспірантуру Акадэміі навук скончыла больш за 150 чалавек, што значна ўплыла на рост агульнай колькасці навуковых супрацоўнікаў. Удасканальвалася структура АН БССР, ужо да 1935 г. у яе сістэме налічвалася 17 навукова-даследчых інстытутаў і шэраг іншых навуковых устаноў[5].

У пачатку 1930-х гадоў пачалося будаўніцтва галоўнага і лабараторнага карпусоў. Пастаянна павышалася ступень аснашчанасці інстытутаў навуковым абсталяваннем. Усё гэта стварала спрыяльныя ўмовы для плённай дзейнасці вучоных[5].

У 1930-я гады асноўная ўвага засяроджвалася на пошуках сыравінных рэсурсаў і карысных выкапняў у БССР, вывучэнні глеб і распрацоўцы мерапрыемстваў па павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, вывучэнні хвароб бульбы, распрацоўцы пытанняў філасофіі, гісторыі, літаратуры, мовазнаўства[5].

Акадэмік АН БССР П. В. Горын прадстаўляў савецкую гістарычную навуку на міжнароднай арэне. Горын уваходзіў у склад савецкай дэлегацыі на VII міжнародным гістарычным кангрэсе ў Варшаве (1933), дзе выступіў з дакладам пра нацыянальную палітыку Расіі Імперыі ў Польшчы.[5]

У перыяд працы ў Акадэміі навук БССР П. В. Горын узначальваў таксама Інстытут гісторыі і быў адным з рэдактараў выдання на беларускай мове 12-томнага збору твораў У. І. Леніна[5].

У снежні 1935 г. Прэзідыум ЦВК СССР зацвердзіў П. В. Горына намеснікам старшыні Камітэта па загадванню навуковымі і навучальнымі ўстановамі ЦВК СССР. У сувязі з гэтым назначэннем, у лютым 1936 г. Горын быў вызвалены ад абавязкаў прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук і пераехаў у Маскву[5].

Асноўная бібліяграфія

Аўтар больш за 20 навуковых прац.

Ацэнкі

П. В. Горын значны савецкі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч — асоба яркая, шматгранная. Валодаў выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, настойліва дасягаў пастаўленых мэт, верыў у справу, якой служыў. Навуковыя працы Горына адлюстравалі працэс станаўлення савецкай гістарычнай навукі, поспехі і цяжкасці яго першага этапу[5].

Памяць

Імем П. В. Горына названа вуліца ў Бярозе. У 2000 годзе на будынку Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўстаноўлена памятная шыльда[6].

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Pavel Osipovič Gorin // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. http://nasb.gov.by/eng/members/academicians/gorin.php
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Горин (Коляда) Павел Осипович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 164. — 737 с.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Ахремчик Р. С. 7
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 Падлужны А. І., Сташкевіч М. С., Токараў М. У. Павел Восіпавіч Горын (Да 100-годдзя з дня нараджэння) // Весцi НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2000. № 1
  6. 1 2 3 4 5 Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 1. …
  7. 1 2 3 Маракоў В. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 3. кн. 2. …

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Зоя Пятроўна Ігумнава (в. а.)
дэкан гістарычнага факультэта МДУ(руск.) бел.
1937
Пераемнік:
Іван Дзмітрыевіч Удальцоў(руск.) бел.
Тэмы гэтай старонкі (31):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1900 годзе
Катэгорыя·Расстраляныя ў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бярозе
Катэгорыя·Расстраляныя і пахаваныя на палігоне «Камунарка»
Катэгорыя·Выпускнікі Інстытута чырвонай прафесуры
Катэгорыя·Выпускнікі Камуністычнага ўніверсітэта імя Я. М. Свярдлова
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 студзеня
Катэгорыя·Гісторыкі СССР
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Дактары гістарычных навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Рэабілітаваныя ў СССР
Катэгорыя·Памерлі ў 1938 годзе
Катэгорыя·Члены ЦВК СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Члены Прэзідыума ЦВК БССР
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1938 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены КПСС
Катэгорыя·Прэзідэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 красавіка
Катэгорыя·Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Катэгорыя·Памерлі 25 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай