О́рцы[1], Орцаўскае возера — возера ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Мёрыца (прыток Заходняй Дзвіны), за 8 км на паўночны ўсход ад горада Мёры, паміж вёскамі Орцы і Папкі.
Плошча паверхні возера складае 1,94 км². Даўжыня 4,84 км, найбольшая шырыня 0,93 км. Найбольшая глыбіня 19,2 м, сярэдняя 5,6 м. Даўжыня берагавой лініі 13,4 км. Аб′ём вады 11,02 млн. м³. Плошча вадазбору 11,1 км².
Катлавіна лагчыннага тыпу, моцна выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны вышынёй 2—3 м, спадзістыя, разараныя, месцамі пад хмызняком. На паўночным усходзе вышынёй 10—12 м, стромкія, парослыя лесам. Берагавая лінія моцна звілістая (каэфіцыент зрэзанасці 2,71[2]). Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Вышыня берагоў 0,1—0,2 м, у паўднёва-заходняй і заходняй частках возера 0,3—0,5 м. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўночным плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая. Астатняя частка дна возера глеістая. На возеры 2 астравы агульнай плошчай 1,9 га.
Возера мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі, бяссцёкавае. Зарастае да глыбіні 3—3,2 м 18 % плошчы возера. Сярод раслін: рдзесты, эладэя, шышняк, харавыя водарасці[2].
У возеры водзяцца лешч, шчупак, плотка, акунь, гусцяра, карась, лінь і іншыя рыбы.