Но́вая Гусяві́ца[1] (трансліт.: Novaja Husiavica, руск.: Новая Гусевица) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Гусявіцкага сельсавета.
У 25 км на паўднёвы ўсход ад Буда-Кашалёва, 11 км ад чыгуначнай станцыі Уза (на лініі Жлобін — Гомель), 30 км ад Гомеля.
На ўсходзе і поўначы меліярацыйныя каналы.
Аўтамабільная дарога Крыўск — Уваравічы. Планоўка складаецца з ледзь выгнутай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з далучаюцца дзве крывалінейныя вуліцы з завулкамі. Забудова двухбаковая, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Па пісьмовых крыніцах вядомая з пачатку XIX стагоддзя, калі вёска Гусявіца падзялілася на дзве: Старая Гусявіца і Новая Гусявіца, у Рудзянецкай воласці Беліцкага павета Магілёўскай губерні. Па рэвізскіх матэрыялах 1859 года ў валоданні графіні А. М. Мелінай. Па перапісу 1897 года знаходзіліся: школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 вятракі, карчма. Больш паловы гаспадарак займаліся вырабам фурманак, калёс, санак. У 1909 годзе 1338 дзесяцін зямлі, школа, млын.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года цэнтр Новагусявіцкага сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Вольная праца» дзейнічалі вятрак, дрэваапрацоўчая майстэрня і кузня.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вёску ў лістападзе 1943 года загінулі 12 савецкіх салдатаў (пахаваны ў брацкай магіле на могілкі). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 189 жыхароў у памяць пра якія ў 1971 годзе ў цэнтры вёскі ўсталяваны абеліск.
У 1959 годзе ў складзе калгаса імя В. І. Леніна (цэнтр — вёска Старая Гусявіца). Лесапільня, млын, швейная майстэрская, базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, сталовая, магазін.