Набі́ста, Дзедзінка — возера ў Беларусі, у Мёрскім раёне Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 13 км у напрамку на захад ад Мёраў, каля вёсак Маляўкі і Пераброддзе. Належыць да групы Абстэрнаўскіх азёр.
Возера знаходзіцца ў басейне ракі Вята. Плошча Набісты складае 3,75 км². Найбольшая глыбіня 2,8 м. Даўжыня возера 4,8 км, найбольшая шырыня — 1,11 км. Даўжыня берагавой лініі 12,6 км. Аб’ём вады ў возеры складае 4,37 млн м³, плошча вадазбору 152 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая ў напрамку з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Схілы катлавіны маюць вышыню 2—5 м, парослыя хмызняком. На поўдні і паўднёвым захадзе схілы разараныя. Берагі возера нізкія, забалочаныя, месцамі — сплавінныя. Дно вадаёма ў прыбярэжнай частцы пясчанае, месцамі — глеістае, на большых глыбінях — сапрапелістае. Возера цалкам зарастае падводнай расліннасцю.
Набіста злучанае пратокамі з азёрамі Абстэрна і Падзявы. У паўночнай частцы з возера выцякае рака Хараброўка (Вята)[2].
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, вугор рачны, гусцяра, плотка, язь, акунь, мянтуз і іншыя рыбы. Сустракаюцца судак (у веснавы перыяд)[2].