wd wp Пошук:

Абстэрна

Абстэрна — возера на поўдні Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 14 км на захад ад Мёраў каля вёскі Пераброддзе. Належыць да групы Абстэрнаўскіх азёр. Паўднёвую затоку Абстэрны мясцовыя жыхары нахываюць возерам Луша.

Апісанне

Возера знаходзіцца ў басейне ракі Вята. Плошча Абстэрны складае 9,89 км². Найбольшая глыбіня возера — 12 м. Даўжыня возера — 5,5 км, найбольшая шырыня — 2,6 км. Даўжыня берагавой лініі — 18,8 км. Аб’ём вады ў возеры складае 50 млн м³, плошча вадазбору возера — 114 км². З усходу да возера прымыкае гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння Балота Мох.

Рэльеф

Катлавіна возера падпруднага тыпу, лопасцевай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 10—15 м, парослыя лесам, на ўсходзе схілы разараныя. Берагі Абстэрны пясчаныя, амаль паўсюль забалочаныя. У паўднёва заходняй частцы берагі на невялікай працягласці сплавінныя.

Дно возера мае складаную будову, да глыбіні 5—6 м — пясчанае, на большых глыбінях высланае сапрапелем, які займае каля 50% плошчы дна. Прыбярэжная зона мае найбольшую шырыню ва ўсходняй частцы вадаёма, дзе яна складае да 400 м.

Шырыня паласы расліннасці ўздоўж берагоў складае 100—150 м, сярод відаў пераважаюць чарот і трыснёг. Але нягледзячы на гэта, прыбярэжная расліннасць у значнай ступені разрэжаная. Яе развіццю перашкаджаюць пясчаная глеба і значнае ўздзеянне ветру.

Вада

Абстэрна належыць да ліку неглыбокіх азёр з вялікай плошчай. У выніку вада ў ім добра перамешваецца і насычаная кіслародам, дэфіцыт якога назіраецца толькі ў месцах найбольшай глыбіні. Але для зімовага перыяду дэфіцыт кіслароду назіраецца ўжо пачынаючы з глыбіняў у 10 м. Таксама вынікам інтэнсіўнага перамешвання вады ветрам з’яўляецца слабое тэмпературнае і кіслароднае раздзяленне пластоў вады.

Возера адрозніваецца чыстай вадой, велічыня празрыстасці якой складае каля 3 м. Агульная мінералізацыя вады звычайна не перавышае 220 мг/л.

Вадаём злучаны ручаём з возерам Укля, а таксама пратокамі з азёрамі Важа і Набіста.

Падвышэнне ўзроўню

У 1967 годзе ў мэтах паляпшэння рэжыму вадаёмаў групы ўзровень вады ў возеры быў штучна падвышаны на 1 м. Гэта і выклікала забалочанасць берагоў уздоўж амаль усёй берагавой лініі возера. Таксама вынікам падвышэння ўзроўню вады стала тое, што павялічыліся плошча і глыбіня возера, а шырыня пратокі паміж азёрамі Абстэрна і Важа на паўднёвым усходзе павялічылася ў некалькі разоў. Больш глыбокай і шырокай зрабілася рака, якая злучае Абстэрна з возерам Укля на паўднёвым захадзе. Таксама як вынік падвышэння глыбіні і павелічэння велічыні пратокаў, павялічылася ступень водаабмену між азёрамі.

Флора і фаўна

У складзе фітапланктону возера выяўленыя 60 відаў. Найбошымі колькасцямі прадстаўленыя зялёныя водарасці, другія па распаўсюджанасці пасля іх — сіне-зялёныя, наступныя — дыятомавыя. Агульная біямаса складае 30,6 г/м³.

У заапланктоне выяўленыя 26 відаў, агульная біямаса якіх складае 2,1 г/м³.

Паводле складу іхтыяфаўны Абстэрна адносіцца да ліку ляшчова-судакова-шчупаковага вадаёму. Возера адрозніваецца высокай рыбапрадукцыйнасцю. У возеры сустракаюцца чудскія сігі, сняткі, язі, ліны, ляшчы, залатыя карасі, налімы, судакі і іншыя віды. Возера неаднаразова зарыблялася вуграмі.

Рэкрэацыя і адпачынак

Абстэрна выкарыстоўваецца для адпачынку і рэкрэацыі, каля вёскі Пераброддзе размяшчаецца санаторый «Расінка».

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Абстэрнаўская група азёр
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Азёры Мёрскага раёна
Катэгорыя·Азёры Віцебскай вобласці
Катэгорыя·Азёры паводле алфавіта