wd wp Пошук:

Міхаіл Багданавіч Гарабурда

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарабурда.

Міхаіл Багданавіч Гарабурда (? — 12 ліпеня 1586) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат[1].

Біяграфія

З 1559 года дзяк Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, з 1566 — вялікі пісар літоўскі[2]. У 1584 годзе паступіў на ўрад кашталяна менскага[3], але як вялікі пісар згадваецца яшчэ ў 1579 годзе[4].

Зрабіў значны ўклад у дыпламатычнае забеспячэнне Інфлянцкай вайны (1558—1582). У 1559 і 1561 гадах у пасольствах да крымскага хана па падтрымку супраць Маскоўскай дзяржавы. У 1563—1564 і 1566 — сакратаром пасольства ў Маскву, у 1571 і 1572—1573 — паслом. Вёў перамовы пра магчымую элекцыю на сталец Рэчы Паспалітай царэвіча Фёдара Іванавіча. За дыпламатычныя заслугі (заключэнне перамір’я) у 1566 годзе прызначаны вялікім пісарам літоўскім і атрымаў Свіслацкую воласць. Пазней, абвінавачаны ў планах перадаць Маскве Лівонію ў абмен на Полацк, некаторы час быў адхілены ад дыпламатычнай службы. У 1579—1581 гадах у войску. У 1582 годзе ўдзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага перамір’я, быў у складзе пасольства ў Маскву[1]. Прыхільнік аб’яднання Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай праз дыпламатыю[1]. У 1585 годзе вёў перамовы з маскоўскім пасольствам да Стэфана Баторыя[1]. Сам быў паслом у Маскву ў 1585—1586 гадах, вёў перамовы пра антыасманскі саюз[3].

Валодаў маёнткамі Востраў, Клімавічы і Угрын (Слонімскі павет), путнымі слугамі ў Полацкім ваяводстве, у 1566—1568 — дзяржаўца свіслацкі. Паводле Попісу 1567 года, ставіў у войска 17 коней. У 1568 годзе атрымаў у валоданне Свіслацкую воласць з дванаццаццю вёскамі[3].

Адзін з кіраўнікоў праваслаўнай партыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. За пасольствамі ў Маскву купляў рукапісныя кнігі, шмат якія з іх пасля былі выдадзены ў Вялікім Княстве Літоўскім. Куплены ў Маскве Генадзеўскі спіс Бібліі перадаў князю Канстанціну Астрожскаму, спіс быў узяты за аснову выдання г. зв. Астрожскай Бібліі (1581)[1][3].

Сям’я

Бацька — Багдан, у хрышчэнні Фёдар (Тэадат) Рыгоравіч Гарабурда, пісар каралевы Боны; маці — Міласлава з Сачкевічаў на Ліпах[5]. Фёдар з Мілаславай мелі 5 сыноў — Сямёна, Лукаша, Міхаіла, Аніцэтыя і Пятра. Трое з іх, Лукаш, Міхаіл і Пётр, былі на дыпламатычнай службе, ездзілі ў пасольствах у Маскву. Аніцэты (Анцута) з 1562 года быў полацкім епіскапам. Падчас узяцця Полацка маскоўскімі войскамі ў 1563 годзе чацвёра з іх—Сямён, Лукаш, Анцута і Пётр, трапілі ў палон, з яго вярнуўся толькі Лукаш. Лукаш меў дачку, жонку кашталяна полацкага Іосіфа Корсака. У Сямёна быў сын Аляксандр, які таксама быў у маскоўскім палоне і вярнуўся. У Анцуты былі сыны Пётр і Васіль, друкар, якія таксама былі ў палоне і вярнуліся.

Міхаіл Гарабурда быў жанаты з Дамінітрай, дачкой Гетаўта Каленікавіча. Меў сыноў Яна і Крыштафа, дачку Алену, жонку суддзі земскага гарадзенскага Льва Сапегі, траюраднага брата канцлера Льва Іванавіча Сапегі.[6]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 БС. Т. 5, 1982
  2. Вольф, 1885, с. 270
  3. 1 2 3 4 ЭнцВКЛ, 2005
  4. Вольф, 1885, с. 270. Заўв. 7.
  5. Статкевіч-Чагабанаў, 2011, с. 83
  6. Статкевіч-Чагабанаў, 2011, с. 84

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Пісары вялікія літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 12 ліпеня
Катэгорыя·Дыпламаты Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Гарабурды
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Дзякі гаспадарскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Памерлі ў 1586 годзе
Катэгорыя·Дзяржаўцы свіслацкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Кашталяны менскія
Катэгорыя·Асобы