Гетаўт Каленікавіч, у хрышчэнні Андрэй (да 1474 — пасля 1528) — баярын полацкі.
Сын кіеўскага баярына Каленіка Каленікавіча, унук Каленіка Мішкавіча. Упершыню згадваецца пад 1488 годам разам з братам Акушкам Каленікавічам, калі атрымаў ад караля Казіміра 8 коп грошаў з кіеўскага мыта[1]. У маі 1497 года атрымаў пацвярджэнне гаспадара на куплю сяла Пятроўскага на Вязыні ў княгіні Федзькі Алешкаўны Іванавай, яе зяця і дачкі, а таксама сяла Сухадолы ў Мішкі Суеціча[2]. Выслужыў у вялікай княгіні Алены Іванаўны маёнткі «на Ворцы и на Мерех», пазней абмяняўся імі з падляшскім ваяводам Іванам Сапегам на яго маёнткі ў Полацкім павеце — Чуракі, Беразую, Васілевічы, Рукшанічы, Лыскава і двор у полацкім замку, што 13 студзеня 1517 года зацвердзіў прывілеем кароль Жыгімонт Стары.[3] У 1514 годзе атрымаў на вечнасць чатыры «чалавекі» і дзве зямлі «пустоўскія» ў Браслаўскім павеце[4].
На Попіс 1528 года як полацкі баярын ставіў са сваіх маёнткаў 9 «коней»[5].
Меў сыноў Томку, Аляксандра і Мацвея — полацкіх баяр[6]; дачок Мар’ю (у шлюбе з Іванам Глебавічам Корсакам, гараднічым полацкім) і Данімітру (у першым шлюбе з Міхаілам Гарабурдам, вялікім пісарам літоўскім, другі сужэнец пэўна не вызначаны)[3].