Мірскі замак ва ўласнасці Святаполк-Мірскіх — гістарычны перыяд Мірскага замка, калі ім з 1891 па 1939 валодалі Святаполк-Мірскія.
Непасрэднай нагодай к набыццю замка было прыняцце расійскага закона 1887 года, па якому замежныя грамадзяне валодаць землямі на тэрыторыі Расійскай Імперыі не маглі. Таму дачка Марыя Гагенлоэ-Шылінгфюрст, уладальніца замка, быўшы іншаземкай, вымушана была прадаваць сваі зямлі, у тым ліку і Мірскі замак[1].
Распродажы маёмасці Вітгенштэйнаў выклікалі небывалы ажыятаж сярод рускай арыстакратыі. У 1891 годзе гэтыя землі і замак купляе наказны казачы атаман Войска Данскога, герой Русска-турэцкай вайны князь Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі. Маёнтак агульнай плошчай у 8993 га абышоўся князю ў вялізную суму ў 414 тысяч рублёў срэбрам. Гэта былі немалыя грошы нават для рускага генерала: князь у год атрымліваў ледзь менш 9000 рублёў срэбрам. Княжай сям’і для гэтага здабытка прыйшлося закласці ў зямельныя банкі амаль усю сваю нерухомасць у Наўгародскай і Падольскай губернях[2].
Як відаць, князя прыцягнула сугучча назвы мястэчка з яго прозвішчам, а таксама імкненне “акультурыць тытул”, выкарыстоўваўшы гэтае супадзенне. Да Мірскага замка продкі Святаполк-Мірскія стаўлення не мелі, хоць лічыліся дваранамі Мінскай губерні[3]. Мірскія лічылі, што назва іх роду паходзіць ад Міру, таму Мікалай Святаполк-Мірскі планаваў менавіта Мір зрабіць радавым гняздом сям’і[4].
Новы ўладальнік замка не стаў аднаўляць помнік, для свайго пражывання ён пабудаваў новы палац з усходняга боку ад замка, які згарэў у 1914 годзе.
Палац будуецца ў формах неакласіцызму: каменны двухпавярховы сядзібны дом з афіцынай, за домам знаходзіўся спіртзавод, з іншага боку лядоўня. Перад домам закладваецца траўнік з прыпаднятым пад’язным кругам, які захаваўся ў наш час. Дом па кутах афармляецца туямі і групамі бэзу, уздоўж будынка высаджаны конскія каштаны[5]. Паміж новым палацам і замкам быў створаны пейзажны парк англійскага тыпу, з поўдня і паўднёвага ўсходу на месцы зарослых вадаёмаў у 1898 годзе была выкапана новая сажалка, для чаго з гэтага боку былі скапаны бастыённыя ўмацаванні. Пры гэтым рослы на гэтым месцы яблыневы сад бязлітасна высеклі як раз у перыяд красавання. У парку побач з паўночна-усходнім земляным бастыёнам у 1910-х гадах пабудавалі радавую капліцу-пахавальню Святаполк-Мірскіх[6]. Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі памёр тут жа ў сваім маёнтку Замір’е ў ноч з 14 на 15 ліпеня 1898 года ва ўзросце 65 гадоў[7].
Валоданні князя сперша перайшлі ў пажыццёвае валоданне жонкі, княгіні Клеапатры Міхайлаўны Святаполк-Мірскай, якая ў завяшчанні 1904 года запісала замак разам маёнкам свайму сыну князю Міхаілу Мікалаевічу Святаполк-Мірскаму[8].
У гэты час узрастае цікавасць да Мірскага замка як да помніка старажытнай культуры. У 1915 годзе ў шостым томе “Старажытнасцей” (рус. “Древностей”) з’явіўся артыкул Ю. Ядкоўскага пра замак у Міры з вялікай колькасцю фотаздымкаў, малюнкаў і абмерных чарцяжоў. Артыкул Ядкоўскага сыграў важную ролю не толькі ў навуковым знаёмстве з помнікам архітэктуры, але і ў ратаванні яго ад далейшых разбурэнняў. Аўтар, быццам мімаходзь, адзначае, што “нельга нават марыць аб яго захаванні, таму што Мірскі замак знаходзіцца зараз у руках князя М. М. Святаполк-Мірскага, які ўжо вёў перамовы аб продажы замкавай цэглы”[9].
Новы ўладальнік замка Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі служыў да гэтага ў пасольстве Расіі ў Лондане. Ён прыняў рашэнне аднаўляць не згарэлы ў 1914 годзе новы палац, а стары замак. Зараз цяжка вызначыць матывы, якія кіраваўся стары князь: у яго не было прамых спадчыннікаў, не хапала і дастатковых вольных сродкаў, а для іх атрымання зблізу замка на месцы ранейшага бровара быў пабудаваны спіртзавод[10]. Працы па аднаўленні Мірскага замка пачаліся ў 1922 годзе і працягваліся 16 гадоў. За гэты час была адрамантавана частка ўсходняга корпуса палаца і дзве паўднёвыя вежы.
Першапачаткова асноўныя працы сканцэнтраваліся на рамонце знешніх элементаў — да 1928 г. майстры ўставілі вокны і дзверы, пакрылі дахоўкай частку палаца. За перыяд 1922—1929 гадоў была поўнасцю адноўлена паўднёва-заходняя вежа, муроўка сцен усходняга корпуса палаца. Але потым пачалася Вялікая дэпрэсія, не стала хапаць сродкаў, не было дзе набыць будаўнічы матэрыял. З 1934 па 1939 было адноўлена пяць пралётаў усходняга крыла палаца і дзве вежы: паўднёва-ўсходнюю і частку паўночна-заходняй[11].
З усіх залаў, спраектаваных варшаўскім архітэктарам Тэадорам Буршам, атрымалася завяршыць толькі Слановую (там планавалі зрабіць камін, упрыгожаны разьбянымі постацямі сланоў[12]). Астатнія пакоі імкнуліся забяспечыць неабходнымі побытавымі выгодамі: была падведзена вада і электрычнасць, працавала каналізацыя і тэлефон, якія былі рэдкасцю па тых часах[13].
Увогулле, аднаўлялі замак па-свойму. Параўнанне праектных матэрыялаў з іх рэалізацыяй паказвае, што выканаўцы хіба што натхняліся распрацаванымі чарцяжамі, само ж ажыццяўленне аўтарскіх задум было далёкім ад літаральнага. Канчатковы вынік - хутчэй адлюстраванне іх пераасэнсавання мясцовым майстрам Янам Пушкарскім[10]. Так, доўга не маглі вырашыць, як закрыць праломы ва ўсходняй сцяне, пакуль сын кіраўніка, студэнт-архітэктар Стэфан Пысевіч, не прапанаваў уладкаваць тут вітую лесвіцу з гаўбцом. Дагэтуль наведвальнікі замка з цяжкасцю адрозніваюць сцены ўсходаў, названымі «сходамі Стэфана», ад старажытных сцен замка. Падобным чынам з’явіліся ў замку новыя сцены, усходы, вокны і гаўбцы[14]. На паўднёвай вонкавай замкавай сцяне быў уладкованы невялікі гаўбечак, які стаў для князя любімым месцам адзіноты[15].
Разам з тым ацалелыя фрагменты і руіны замка ўпершыню разглядаліся як культурная каштоўнасць[16].
Па апісанням сучаснікаў князь Міхаіл быў сівабароды стары мужчына гадоў пад 70, апрануты ў белы палатняны піджак з тканіны хатняга вырабу, бадзёры і здаровы. Аднойчы на пытанне, што мяркуе ён рабіць для адбудовы замка, адказаў: “Замак — гэта руіна, і другой руінай з’яўляюся я. Работы па адбудове замка вяду ўжо 17 гадоў, за якія аднавіў 4 вежы і некалькі палацавых пакояў. Мае фінансавыя магчымасці дазваляюць аднаўляць па пакою ў год. Пабываўшы ў мяне ў гасцях, прэзідэнт Польшчы (Ігнат Масціцкі) сказаў, што хто будуе — не памірае. Выходзіць, што я доўга буду жыць”[17].
Да 1939 года былі адбудаваны частка ўсходняга палацавага корпуса, паўднева-заходняя і тынкаваная вежы[18].
Князь Міхаіл не меў сем’і і нашчадкаў, у 1937 годзе ён усынавіў пляменніка Аляксандра Дзмітрыевіча, юрыста па прафесіі, якому пасля смерці ў 1938 годзе ў Варшаве князя Міхаіла Мікалаевіча, перайшоў Мір. Александр, маючы румынскі пашпарт, каб атрымаць польскае грамадзянства ў 1938 годзе ажаніўся з полькай, 22-гадовай шляхцянкай Кацярынай Бнін-Бнінскай. З надыходам на землі Заходняй Беларусі Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года яны былі арыштаваны, але дзякуючы дыпламатычным сувязям пазбеглі высылцы ў Сібір[19].
З 17 верасня 1939 года замак становіцца ўласнасцю дзяржавы.