wd wp Пошук:

Малая Літва

Этнакультурныя рэгіёны літоўцаў
     Малая Літва      Жамойць      Аўкштайція      Сувалкія      Дзукія

Малая Літва (літ.: Mažoji Lietuva, ням.: Kleinlitauen, Preussisch Litauen), або Пруская Літва — гістарычны рэгіён Прусіі, пазней Усходняй Прусіі ў Германіі і этнакультурны рэгіён сучаснай Літвы; месца пражывання літоўнікаў (літувінінкаў, прускіх літоўцаў).

Гісторыя

Як своеасаблівы гістарычны рэгіён Малая Літва сфармавалася ў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Тэўтонскага ордэна — у ніжнім цячэнні ракі Нёман, дзе склалася своеасаблівая этнакультурная група — літувінінкі (літоўнікі/прускія літоўцы). Малая Літва была паўночнай часткай тэрыторыі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі (пазней — Усходняй Прусіі) і атрымала сваю назву па тутэйшым літоўскамоўным насельніцтве, якое перасялілася сюды з Жамойці і змяшалася з мясцовымі балтамоўнымі жыхарамі.

Тэрмін Klein Litauen (Малая Літва) упершыню ўжыты ў нямецкамоўных хроніках Прусіі аўтарства С. Грунау і Л. Давіда ў пачатку XVI ст.[1]

Пасля секулярызацыі Тэўтонскага ордэна Малая Літва знаходзілася ў складзе Герцагства Прусія (1525—1618), Брандэнбургска-Прускага Герцагства (1618—1701), Каралеўства Прусія (1701—1871) і Германскай імперыі (1871—1918).

Пасля паражэння Германскай імперыі ў Першай сусветнай вайне (1914—1918) Літоўская Рэспубліка патрабавала перадачы ёй ад Германіі тэрыторыі Малой Літвы, але большая частка Малой Літвы па Версальскім мірным дагаворы (1919) засталася ў Германіі, а меншая частка — Клайпедскі край — у 1920 г. была перададзена пад мандат Лігі Нацый у адпаведнасці з Версальскім дагаворам. У 1923 г. Літва анексавала Клайпедскі край[2].

З 1934 г. фашысцкі рэжым Адольфа Гітлера праводзіў у германскай Малой Літве палітыку поўнага анямечвання насельніцтва. У 1939 г. Германія захапіла ў Літвы Клайпедскі край, уключыла ў склад сваёй зямлі Прусія і пачала там таксама палітыку анямечвання (германізацыі)[3].

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, паводле рашэння Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі (1945), тэрыторыя Малой Літвы была падзелена паміж СССР (перададзена Літоўскай ССР) і Польшчай[4].

Сёння невялікая частка Малой Літвы знаходзіцца ў межах сучасных Літвы і Польшчы, у той час як асноўная тэрыторыя — частка Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У пачатку XXI ст. у Калінінградскай вобласці налічваецца 9,7 тыс. літоўцаў паводле перапісу 2010 г.

У літоўскім грамадстве абмяркоўваецца ідэя ўключэння ўсёй тэрыторыі Малой Літвы ў склад Літоўскай Рэспублікі.[5][6][7][8]

Культура

Літоўскамоўная газета «Аўшра» (1883—1886), якая друкавалася ў Тыльзіце (Усходняя Прусія)

Малая Літва стала асноўным месцам развіцця літаратурнай літоўскай мовы ў XVI—XVIII стст. — у прыватнасці, аднаго з яе літаратурных варыянтаў, які фармаваўся ў тыя часы тут на аснове заходніх дыялектаў жамойцкай гаворкі (мовы) і з уплывам гаворак мясцовай прускай мовы[9]. Першая друкаваная кніга («Катэхізіс») на літаратурнай літоўскай мове (у прыватнасці — на жамойцкай гаворцы), падрыхтаваная лютэранскім пастарам Марцінасам Мажвідасам, была надрукавана ў Кёнігсбергу (Герцагства Прусія) у 1547 г., гэтак жа як і першая літоўская граматыка «Grammatica Litvanica» Даніэля Клейна, надрукаваная тут у 1653 г.[10]

Гэтаму спрыяла тое, што Герцагства Прусія ў першай XVI ст. падтрымлівала працэсы Рэфармацыі (якая ўхваляла пераход да «зразумелых» масам, народных моў у набажэнстве), прыняло лютэранства ў якасці афіцыйнай канфесіі, перайшло замест латыні на нямецкую мову набажэнстваў і падтрымлівала друк кніг і асветы на балтыйскіх мовах (літоўскай і прускай) як гарантыі шырокай падтрымкі афіцыйнай нямецкай улады з боку шырокіх мас насельніцтва Герцагства Прусія[11].

У 1579—1590 гг. Ёнас Брэткунас пераклаў у Кёнігсбергу Біблію на літоўскую мову, але гэты пераклад не быў надрукаваны[12]. У XVIII ст. тут лютаранскі пастар Крысціонас Данелайціс, ураджэнец Малай Літвы, стварыў першую вершаваную паэму («Поры года») на літоўскай мове (у прыватнасці — на жамойцкай гаворцы), якая, аднак, была апублікавана і стала вядомай шырокім колам толькі ў XIX ст.: упершыню паэму Данелайціса апублікаваў Людвікас Рэза ў 1816 г. у Кёнігсбергу, але не ў арыгінале, а на нямецкай мове[13] Першы поўны пераклад Бібліі на літоўскую мову (у прыватнасці — на жамойцкую мову (дыялект)) быў надрукаваны ў 1735 г. і паўторна надрукаваны пасля выпраўкі ў 1755 г. менавіта ў Кёнігсбергу (Каралеўства Прусія)[14].

У першай палове XIX ст. у Малай Літве былі выдадзены першыя газеты на літоўскай мове, але ў маленькіх накладах і хутка іх друк быў згорнуты.

Да пачатку XVIII ст. прусы ў Малай Літве былі анямечаны, таму большасць балтамоўнага насельніцтва Малай Літвы склалі літоўнікі (літувінінкі/прускія літоўцы), але прускі кароль Фрыдрых Вільгельм I, імкнучыся ліквідаваць значныя страты насельніцтва з-за эпідэміі чумы ў 1709—1711 гг. у рэгіёне, запрасіў у Каралеўства Прусія (і, адпаведна, у Малую Літву) нямецкамоўных каланістаў з Аўстрыі, нямецкіх княстваў Германіі, Швейцарыі і Галандыі[15].

Пасля стварэння ў 1871 г. Германскай імперыі ў дзяржаве запанавала палітыка ўніфікацыі, што ў Малай Літве вылілася ў анямечванні мясцовага літоўскамоўнага насельніцтва[16]. Аднак, нягледзячы на гэта, літоўская мова ў Малой Літве захоўвала свае пазіцыі: працягваўся пэўны друк кніг і перыёдыкі на літоўскай мове (жамойцкай гаворцы); Малая Літва стала базай пастаўкі літоўскамоўных кніг (на жамойцкай гаворцы) для руху літоўскіх кніганошаў. Да пачатку XX ст. большая частка літоўнікаў (прускіх літоўцаў) была германізавана[17].

Малая Літва была радзімай Відунаса, літоўскага асветніка і філосафа XX ст.

У выніку спачатку эвакуацыі нямецкімі ўладамі нямецкага насельніцтва ў 1944 г., затым і дэпартацыі астатняга насельніцтва Усходняй Прусіі ў Германію ў 1945 г., а пасля Другой сусветнай вайны яшчэ і дэпартацыі савецкай уладай значнай часткі прускіх літоўцаў у сібірскія лагеры СССР, амаль нічога з культуры літоўнікаў (літувінінкаў/прускіх літоўцаў) не захавалася. Тым не менш, Малая Літва зрабіла важны ўнёсак у літоўскую культуру.

Нацыянальныя сімвалы

Сцяг Малой Літвы.
Акт Нацыянальнага Савета Малой Літвы.

Вядома выява герба і сцяга Малой Літвы на акце Нацыянальнага Савета Малой Літвы (прускіх літоўцаў) ад 30 лістапада 1918 года.

Герб уяўляе сабой шчыт з Пагоняй, на якім таксама змешчаны дзве 8-канцовыя срэбныя зоркі, а зверху на шчыт пакладзены ўвянчаны залатой каронай чырвоны шчыток з залатымі Калонамі Гедзіміна[18].

Сцяг жа ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча з трох роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй — зялёнага, сярэдняй — белага і ніжняй — чырвонага колеру.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  2. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  3. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  4. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  5. (літ.)  Karaliaučiaus problema (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2012. Праверана 18 кастрычніка 2007.
  6. (літ.)  Tvirta ranka ar kinkadrebystė? (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2012. Праверана 18 кастрычніка 2007.
  7. Potsdam and Lithuania are burning (нявызн.). Праверана 18 кастрычніка 2007.(недаступная спасылка)
  8. (літ.)  “Prijunkite Kaliningradą prie Lietuvos…” (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 31 сакавіка 2012. Праверана 18 кастрычніка 2007.
  9. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 134.
  10. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  11. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  12. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  13. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  14. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 134.
  15. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  16. Литва Малая // Большая Российская энциклопедия: в 30 т. — Москва, 2010. — Т. 17. — С. 628.
  17. Литовцы // Литва. Краткая энциклопедия. — Вильнюс, 1989. — С. 385.
  18. HERALDICUM: Гербы Літвы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Усходняя Прусія
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Рэгіёны Літвы