wd wp Пошук:

Кажыкодэ

Кажыко́дэ (малаял.: കോഴിക്കോട്, вымаўляецца як «Кажыко́д» /koːɻikoːɖ/), у мінулым вядомы як Каліку́т (англ.: Calicut, ад араб. كاليكوت‎‎) — горад у індыйскім штаце Керала. Насельніцтва — 609 224 (2011 г.).

Геаграфія

Кажыкодэ месціцца на ўсходнім узбярэжжы Аравійскага мора за 320 км на паўночны захад ад Трывандрама, сталіцы Кералы. З’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам раёна з плошчай 518 км² і насельніцтвам 3 086 293 чалавек (2011 г.). Характэрны трапічны мусонны клімат з вельмі вільготным сезонам з чэрвеня да кастрычніка. Сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +24,3 °C да +31,5 °C.

Гісторыя

Кажыкодэ на нямецкай гравюры 1572 г.

Згодна з меркаваннем індыйскіх гісторыкаў, Кажыкодэ быў заснаваны каля 1034 г. падчас распаду імперыі Чэра. Першая пісьмовая ўзгадка пра яго з’явілася толькі ў XIV ст. у працы арабскага падарожніка ібн Батуты. У горадзе і наваколлі кіравала манархічная дынастыя з тытулам замары́н (у тлумачэнні сучасных гісторыкаў значыць або «марскі валадар», або «імператар»). Яна падтрымлівала шчыльныя гандлёвыя сувязі з Аравіяй, прадстаўнікі дынастыі спавядалі іслам.

20 мая 1498 г. партугальская экспедыцыя на чале Васка да Гама высадзілася ў порце Кажыкодэ. Перагаворы знакамітага партугальскага мараплаўца з замарынам не далі істотных вынікаў. Тым не меней, у 1500 г. партугальцы заснавалі ў Кажыкодэ сталую гандлёвую факторыю. Яны актыўна ўмешваліся ў барацьбу паміж замарынамі і махараджамі Кочына на баку апошніх. Флот Кажыкодэ здолеў нанесці некалькі паражэнняў партугальцам. У 1571 г. армія замарынаў захапіла партугальскую крэпасць у Чаліяме. Партугальцы былі вымушаны пайсці на мірныя перагаворы, у выніку якіх атрымалі дазвол у 1581 г. сяліцца ў горадзе. У 1591 г. у Кажыкодэ быў пабудаваны каталіцкі касцёл. У 1604 г. замарыны заключылі пагадненне з галандцамі, якое спрыяла выгнанню партугальцаў з Малабара.

У XVIII ст. дзяржава Кажыкодэ была саслаблена войнамі з мусульманскімі валадарамі Майсура і маратхамі. Гэта прывяло да захопу ўлады наярамі, якія шукалі падтрымку ў брытанцаў. У 1792 г. Кажыкодэ быў далучаны да валоданняў Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Паўстанне наярскага раджы скончылася яго арыштам.

У першай палове XX ст. Кажыкодэ быў адным з важных цэнтраў руху за незалежнасць Індыі. У 1956 г. стаў часткай штата Керала.

Эканоміка

У эканаміцы Кажыкодэ дамінуе сфера паслуг. Развіты такія галіны, як гандаль, транспарт, сувязь, турызм. З 2009 г. працуе кіберпарк, які прыцягвае каманіі, што развіваюць інфармацыйныя тэхналогіі.

Славутасці

Горад Кажыкодэ прыцягвае індыйскіх і іншаземных наведвальнікаў сваёй культурнай і гістарычнай спадчынай. З 1981 г. у ім штогод арганізуецца пяцідзённы музычны фестываль, вядомы далёка за межамі Кералы.

Найбольш славутыя мясціны:

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Гарады Кералы
Катэгорыя·Былыя сталіцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта