wd wp Пошук:

Наяры

Дзеці наяраў, 1872 г.

На́яры, або на́іры (малаял.: നായർ) — прадстаўнікі шэрагу прывілегіраваных каст на поўдні Індыі. Жывуць пераважна ў Керале. Агульная колькасць (2019 г.) — 6 766 000 чалавек.

Гісторыя

У Кералапаці, зборы гістарычных паданняў XVII ст., продкамі наяраў называецца міфічны звышнатуральны народ нагі (санскр.: नाग, літаральна «змеі») з паўночнай Індыі, які перасяліўся на поўдзень пасля паражэння ад індаарыяў. Магчымае тлумачэнне гэтага падання ў падабенстве назваў, а таксама ў кульце змеяў сярод наяраў. Брытанская даследчыца Кэтлін Гоф (19251990 гг.) са спасылкай на пісьмовыя крыніцы сцвярджала, што наяры былі вядомы ў Керале ўжо паміж VII ст. і IX ст. У перыяд сярэднявечча яны ператварыліся ў ваеннае саслоўе землеўласнікаў. У 1498 г., калі партугальцы трапілі ў Індыю, дынастыі наяраў кіравалі трыма багатымі дзяржавамі на Малабарскім беразе.

У 1792 г. дзяржавы наяраў трапілі ў залежнасць ад Брытанскай Індыі. Прадстаўнікі наяраў служылі ў якасці сіпаяў, займалі пасады ў каланіяльнай адміністрацыі. Пасля стварэння ў 1956 г. асобнага штата Керала фактычна былі адсунуты ад улады. У нашы дні з’яўляюцца буйной этнаграфічнай групай малаялі.

Сацыяльныя адносіны

Звычайна наяры ўяўлялі сабою пласт землеўласнікаў і буйных землекарыстальнікаў. Землеўласнікі сдавалі сваю маёмасць у арэнду, а землекарыстальнікі размяркоўвалі яе паміж прадстаўнікамі ніжэйшых каст, збіралі падаткі, кантралявалі абавязковыя адпрацоўкі і выплаты. На поўначы Кералы сем’і бедных наяраў самі апрацоўвалі палеткі. У дакаланіяльны перыяд яны не займаліся прадпрымальніцтвам, аднак маглі ўкладаць частку сродкаў у камерцыйную дзейнасць. У час вайны наяры складалі аснову апалчэння.

Для малаялі характэрна раскіданая планіроўка жытлаў, так што часам цяжка вызначыць, дзе пачынаецца адно паселішча і заканчваецца іншае. Наяры імкнуліся будаваць свае сямейныя маёнткі таравад на ўзвышшах. Да іх прылічалі прадстаўнікоў ніжэйшых каст — залежных сялян і служак. Часам родавае імя наяраў станавілася назвай паселішча або падатнай адзінкі.

Таравад з’яўляліся цэнтрамі матрылакальных родаў на чале старэйшай жанчыны тавары. Адлік сваяцтва вёўся выключна па жаночай лініі. Маёмасць належыла ўсім чальцам таравад. Толькі з 1930-х гг. тыя, хто адлучаецца ад роду, карыстаюцца правам забраць сваю частку маёмасці.

У наяраў даволі складаныя шлюбныя адносіны. Касты звычайна эндагамныя, толькі некаторыя касты і роды наяраў маюць права заключаць шлюбы з ніжэйшымі брахманамі амбалавасі. Вылучаюць 2 тыпы шлюбных цырымоній:

Талікету калянам заключаецца дзяўчынкай у малым узросце, аднак не прадугледжвае рэчаіснага пражывання з мужам, некаторымі даследчыкамі разглядаецца як форма ініцыяцыі. Выбар умоўнага жаніха пры талікету калянам не абмяжоўваўся кастамі наяраў, часам падаў на намбудыры. Самбандам — шлюб у сталым узросце, калі жанчына бярэ ў свой таравад мужа з іншага роду, прычым ён можа не мець ніякіх адносінаў да таго, з кім заключаўся талікету калянам. Часцяком сустракаецца паліандрыя, калі жанчына заключае самбандам з некалькімі мужчынамі. У такой сітуацыі для мужчын больш важнай становіцца сувязь з сёстрамі і іх дзецьмі, чым з жонкай і асабістымі нашчадкамі.

Культура

Мужчыны і жанчыны звычайна насілі вопратку, якая дасягала зямлі, і раўніва сачылі, каб гэта не дазвалялі сабе прадстаўнікі іншых каст. З наярамі звязаны тэатр катхакалі, што ўзнік у XVI ст. і спецыялізаваўся на танцавальных сцэнах з эпасаў Махабхарата і Рамаяна. Багатыя наяры аказвалі катхакалі дапамогу, а прадстаўнікі бяднейшых родаў бралі ў ім удзел. Адукацыя заўсёды лічылася вельмі важнай. Хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова вучыліся чытаць і пісаць на малаялам і санскрыце, пазней — на англійскай мове. Хлопчыкі таксама практыкаваліся ў баявых мастацтвах.

Галерэя

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Грамадства Кералы
Катэгорыя·Касты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле