wd wp Пошук:

Зміцер Чайкоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чайкоўскі.

Зміцер (Дзмітрый)[1] Мікалаевіч Чайкоўскі (26 лістапада 1912[1], Клецк — 2002, Мюнхен, Германія) — беларускі мастак, вайсковы дзеяч. Бацька мастака Анатоля Чайкоўскага.

Паходжанне

Нарадзіўся 26 лістапада 1912 года ў сям’і Мікалая і Марыі з дому Жміеўскіх. Бацькі, паводле сямейных паданняў, паходзілі са старадаўніх шляхецкіх фамілій. Мікалай быў праваслаўным, Марыя — каталічкай, якая пасля шлюбу змяніла веравызнанне. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей: дочкі Алена, Кацярына, Аляксандра, сыны Антон, Дзмітрый, Барыс.

Мікалай Чайкоўскі быў адным з найбольш заможных жыхароў старога Клецка. Добры кушнер, ён трымаў уласную майстэрню і мог цалкам забяспечываць вялікую сям’ю. А старэйшую дачку Алену адправіў вучыцца ў прыватны жаночы пансіён у Санкт-Пецярбургу. Але рэвалюцыя і наступныя падзеі істотна падарвалі дабрабыт. З успамінаў старажылаў вынікае, што ў міжваенны час Чайкоўскія ледзьве зводзілі канцы з канцамі. Невялікі надзел не мог пракарміць пяць чалавек (старэйшыя дзеці жылі асобна).

Біяграфічныя звесткі

У 1926 годзе ў свае 14 гадоў[1], здаўшы ўступныя іспыты, паступіў у 2-і клас Клецкай беларускай гімназіі, у якой з 1924 года вучыліся ягоныя старэйшыя браты. Аднак 12 студзеня 1927 года, менш чым праз год навучання, бацька гімназіста просіць дырэктара «хоць аб невялікай льгоце ў справе платы за абучэнне сына Дзімітра», спасылаючыся на цяжкія матэрыяльныя варункі. У канцы таго ж года зноў звяртаецца да дырэктара з той жа просьбай: «…Чалавек я бедны, маю ўсяго 3/4 дзесяціны зямлі, і пры гэтым стары я і не магу нічога запрацаваць. Дык прашу паважаную Дырэкцыю ўзяць пад увагу мой стан гаспадарчы і мае падупаўшыя сілы». І яшчэ раз 1 кастрычніка 1928 года: «Прашу зволіць ад аплаты …будучы няздольным да фізічнай працы па прычыне старасці, маючы 70 гадоў веку, не магу нават пракарміць сям’ю ў пяць чалавек. Пры гэтым дабаўляю, што я заўсёды быў зволены ад аплаты за абучэнне, альбо зусім, альбо часткова»[2].

У 1937—1939 гадах навучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў, аднак, з-за пачатку вайны, не паспеў скончыць навучанне. Чайкоўскі быў прызваны ў Войска Польскае і браў удзел у вераснёўскай кампаніі 1939 года. Трапіў у нямецкі палон, але неўзабаве быў адпушчаны як беларус і вярнуўся на радзіму. Мастак з энтузіязмам успрыняў усталяванне савецкай улады[1]. Ён пачаў выкладаць маляванне і нямецкую мову ў сярэдняй школе, а таксама актыўна афармляў ці не ўсю наглядную агітацыю, ствараючы плакаты з выявамі Сталіна, Варашылава і іншых правадыроў. Аднак пазней расчараваўся ў новай уладзе, на што таксама паўплывала знікненне брата Антона ў БССР у 1937 годзе[1].

Падчас нямецкай акупацыі Зміцер Камароўскі працягнуў выкладаць у школе[1]. Са снежня 1942 года ён у рангу лейтэнанта ўзначаліў 1-ую роту[1] батальёна чыгуначнай аховы ў Менску[3]. Мяркуецца, што ён камандаваў ротай да 1943 года[3] або да эвакуацыі[1]. Пасля эвакуацыі з Беларусі 17 верасня 1944 года ў Берліне атрымаў званне найдлейтэнанта і стаў ад’ютантам камандоўца БКА Францішка Кушаля[1]. Аднак ужо 27 лістапада 1944 года быў звольнены на ўласную просьбу[1]. Потым быў у 1-ым Кадравым батальёне БКА ў Берліне ў складзе афіцэрскай школы, сябром Статутавай камісіі Галоўнага камандавання вайсковымі сіламі БЦР.

З пачатку 1945 года быў накіраваны ў Баварыю, дзе фармавалася 1-я грэнадзёрская брыгада «Беларусь». Неўзабаве ў рангу капітана[1] камандаваў 2-м стралковым батальёнам брыгады[3]. 30 красавіка брыгада на чале з палкоўнікам Кушалем[1], у складзе якой быў Зміцер Чайкоўскі (агулам 50 афіцэраў, 132 падафіцэры і 912 салдат)[2], прарвалі лінію нямецкай абароны каля Цвізеля і склала зброю перад 5-й арміяй ЗША[2].

Выкладаў фізічную падрыхтоўку ў гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу, атрымліваючы зарплату «хадавым таварам для далейшага абмену — цыгарэтамі ды чакалятаю»[2]. Годам пазней ужо выкладаў у гімназіі малюнак.

Чайкоўскі спрычыніўся да рамонту скаўцкай святліцы (яшчэ ў кастрычніку 1945 года ў Рэгенсбургу быў створаны Першы Звяз беларускіх скаўтаў імя Кастуся Каліноўскага); працаваў над аздабленнем царквы Святой Еўфрасінні Полацкай, спяваў у царкоўным хоры[1].

У канцы чэрвеня 1946 года Беларускі камітэт разам з Саюзам беларускіх палітычных вязняў і Крывіцкім студэнцкім згуртаваннем зладзілі ўрачыстую вечарыну, прысвечаную памяці Янкі Купалы. Да гэтай вечарыны Зміцер Чайкоўскі намаляваў вялікі партрэт пісьменніка.

Жыў у Мюнхене. У 1952 годзе запоўніў анкету на сяброўства ў новаствораным Беларускім інстытуце навукі і мастацтва. Працаваў у газеце «Бацькаўшчына», з 1953 года[1] — на радыё «Вызваленне», таксама быў сябром БІНіМа.

Творчасць

Зміцер Чайкоўскі з’яўляецца вядомым майстрам партрэту і сакральнага жывапісу. Ягоныя палотны выстаўляліся на розных выстаўках у Еўропе і Амерыцы.

У 1946—1947 гадах Дз. Чайкоўскі напісаў некалькі партрэтаў класікаў айчыннай літаратуры.

Партрэт Янкі Купалы, створаны мастаком у 1946 годзе, па сваім псіхалагічным насычэнні не меў сабе роўных у падсавецкім мастацтве аж да 1990-х гадоў. За аснову быў узяты афіцыйны фотаздымак, зроблены ў 1939 годзе пасля ўручэння Купалу ордэна Леніна. Не раз гэты партрэт выстаўляўся і друкаваўся ў Еўропе і Злучаных Штатах. Упершыню геаграфічна шырокі распаўсюд ён атрымаў дзякуючы газеце «Бацькаўшчына», якая 29 чэрвеня 1952 года ў падвоеным № 25-26 пазнаёміла з ім свайго чытача. Газета не раз друкавала творы Чайкоўскага, прыкладам, у № 74 — рэпрадукцыю алегарычнай кампазіцыі Чайкоўскага «Ваўкі», побач з вершамі героя Монтэ-Касіна Пётры Сыча.

У творчасці мастак захоўваў адданасць рэалізму і не надта ўхваляў мастацкую манеру сына, які захапляўся сюррэалізмам[1].

У 1930-я гады стварыў шэраг карцін на мясцовым матэрыяле. Адна з іх — партрэт селяніна з-пад Клецка, «Дравасек». У 1937 годзе для клецкай Свята-Пакроўскай царквы была напісаная ікона «Святы Панцеляймон». Перад тым як пачаць пісаць ікону, мастак атрымаў дабраславенне святара, пасціўся. Пачатак і заканчэнне работы былі адзначаныя малітвай. Гэта адзін з нямногіх твораў мастака, які захаваўся на радзіме. Яго і сёння можна бачыць у храме[1].

Першай працай на чужыне для Чайкоўскага былі абразы, пісаныя ў 1946 годзе для царквы Святой Еўфрасінні Полацкай у Рэгенсбургу, па намаўленні яе настаяцеля айца Мікалая Лапіцкага. Аднак царква гэтая была разабраная ў другой палове 1950-х гадоў, таму абразы мастака сёння знаходзяцца ў беларускіх цэрквах Амерыкі[2].

У 1960 годзе працы Чайкоўскага з’явіліся за акіянам — у беларускіх асяродках ЗША[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Андрэй Блінец. Дзмітрый Чайкоўскі – беларускі мастак у Мюнхене (бел.)  // Будзьма беларусамі!. — 17.11.2017.
  2. 1 2 3 4 5 Сяргей Гваздзёў. Бацька для сына (бел.)  // Новы Час. — 25-06-2010.
  3. 1 2 3 Чайкоўскі Зміцер (бел.)  // Запісы. — Нью-Ёрк - Менск: БІНіМ, 2014. — № 37. — С. 234.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Беларусы ў Германіі
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы
Катэгорыя·Памерлі ў 2002 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Мюнхене
Катэгорыя·Члены Беларускага батальёна чыгуначнай аховы
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 лістапада
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Выпускнікі Кракаўскай акадэміі мастацтваў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1912 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Клецку
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Навучэнцы Клецкай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Члены Беларускай цэнтральнай рады
Катэгорыя·Члены Беларускай краёвай абароны
Катэгорыя·Мастакі Беларусі