Закаўка́зскі фронт — адзін з франтоў РСЧА падчас Вялікай Айчыннай вайны[1].
Утвораны 23 жніўня 1941 года на базе Закаўказскай ваеннай акругі з мэтай прыкрыцця дзяржаўных межаў з Іранам, Турцыяй, абароны Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. На 1 снежня 1941 года уключаў Грузінскую ССР, Армянскую ССР, Азербайджанскую ССР, штаб фронту — Тбілісі (згодна з Загадам НКА СССР № 0444 «АБ тэрытарыяльным складзе ваенных акругаў Еўрапейскай часткі СССР»).
30 снежня 1941 года Закаўказскі фронт перайменаваны ў Каўказскі фронт (у канцы студзеня 1942 года падзелены на Крымскі фронт і Закаўказскую ваенную акругу).
Зноў сфарміраваны ў маі 1942 года на базе Закаўказскай ваеннай акругі. У ходзе Бітвы за Каўказ 1942—1943 гадоў у жніўні — снежні 1942 года войскі фронту правялі Маздоцка-Малгабецкую, Нальчыцка-Арджанікідзэўскую, Наварасійскую і Туапсінскую аперацыі, у ходзе якіх ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам і Азоўскай ваеннай флатыліяй спынілі наступ праціўніка і падрыхтаваліся да пераходу ў наступленне. 3 студзеня 1943 года Закаўказскі фронт перайшоў у наступленне Паўночнай групай войскаў на нальчыцка-стаўрапальскім накірунку, а 11—16 студзеня Чарнаморскай групай войскаў — на Краснадар і Новарасійск. 24 студзеня 1943 года Паўночная група войскаў ператворана ў Паўночна-Каўказскі фронт, якому 5 лютага перададзена і Чарнаморская група войск, а таксама аператыўна падпарадкаваны Чарнаморскі флот. Закаўказскі фронт прыкрываў Чарнаморскае ўзбярэжжа на ўчастку Лазараўскае — Батумі і дзяржаўную мяжу з Турцыяй і Іранам.
У жніўні 1945 года на базе Закаўказскага фронту утворана Тбіліская ваенная акруга.
1-га фарміравання
2-га фарміравання