Задзе́ўскае — возера ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Мядзелка, на заходняй ускраіне (за 3 км[1]) горада Паставы.
Плошча паверхні возера 0,92 км². Даўжыня 2,46 км, найбольшая шырыня 0,64 км, даўжыня берагавой лініі 8,22 км. Найбольшая глыбіня 21,8 м, сярэдняя 5,5[2] м. Аб′ём вады ў возеры 5,05 млн м³. Мінералізацыя каля 280[2] мг/л. Празрыстасць да 1,6[2] м. Плошча вадазбору 68,8 км².
Катлавіна возера лагчыннага тыпу. Вышыня схілаў катлавіны 5—12 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, пясчаныя, у паўднёвай частцы — сплавінныя. Дно возера складанай будовы, пясчанае каля берагоў, глыбей — глеістае (гумусаваная гліна[2] ). Зона мелкаводдзя вузкая. На возеры востраў плошчай 0,9 га. Праз возера працякае рака Спорыца і злучае Задзеўскае з возерам Думбля.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Расліннасць пашыраецца да 60 м ад берага возера і да глыбіні 2,3 м.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, плотка, гусцяра, краснапёрка, акунь, лінь і іншыя віды рыб.
Возера з’яўляецца месцам масавага адпачынку[3].