wd wp Пошук:

Жыльбер дэ Лануа

Жыльбер дэ Лануа (фр.: Gilbert de Lannoy; 1386 — 22 красавіка 1462) — бургундскі падарожнік і дыпламат, мемуарыст.

Жыццё і мемуарыстыка

Паходзіў са старажытнага французскага роду, аселага ў Фландрыі, якая належала герцагам Бургундыі. З 13 год вёў жыццё «дасканалага» рыцара: удзельнічаў у турнірах, крыжовых паходах, шматлікіх войнах і міжусобіцах: Стагадовай вайне, барацьбе арманьякаў і бургіньёнаў у Францыі, Ланкастэраў і Плантагенетаў у Англіі. Кавалер Ордэна Залатога Руна. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Егіпет), наведваў Святую Зямлю і іншыя традыцыйныя месцы паломніцтва, выконваў дыпламатычныя даручэнні розных манархаў. Здзейсніў два падарожжы па Усходняй Еўропе, у 14131414 і 1421 гадах. Першае адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе прускіх крыжакоў на Польшчу і пралягала праз Ноўгарад і Пскоў, Лівонію і ВКЛ (па маршруце Дынабург — Вільня — Трокі — Коўна — Мемель (Клайпеда)). Сустракаўся з вялікім князем Вітаўтам, яго жонкай Ганнай, дачкой Соф’яй і ўнучкай Ганнай. Пад час другога выконваў ролю пасла англійскага караля Генрыха V да манархаў Усходняй Еўропы — Ягайлы, Вітаўта, візантыйскага імператара Мануіла II, з утапічнай мэтай стварэння шырокай кааліцыі дзяржаў на чале з Англіяй для крыжовага паходу супраць асманаў. Праехаў праз літоўскае Падолле, у Камянцы ізноў сустракаўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. Атрымаў каштоўныя падарункі, ахоўныя лісты і даручэнні да татарскага хана, стаўленіка Вітаўта. Працягнуў шлях у Канстанцінопаль праз Малдову і Крым. Быў сведкам узвядзення пад кіраўніцтвам падольскага старосты Гедыгольда на процілеглым ад Белгарада беразе Днястра літоўскага замка, на будоўлі якога былі заняты 12 тысяч чалавек і 4 тысяч вазоў.

Лануа звяртаў увагу перш за ўсё на ваенна-тапаграфічныя характарыстыкі мясцовасцей (стан фартыфікацый, шляхі зносін), але яго дзённікі змяшчаюць шмат іншых каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у тым ліку этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і існаванне 12 епархій. Гарлівы католік, папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі, парушэнне посту і г.д., але засведчыў моц і ўплыў дзяржавы, гегемонія якой на прасторы ад Ноўгарада да Крыма не выклікала ў яго сумненняў. Місія Лануа падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «сарацынаў» і садзейнічала распаўсюджванню ведаў аб ёй у Заходняй Еўропе. Так, нямецкі храніст Ульрых Рыхенталь (1420-я гады) спасылаўся на Лануа, вызначаючы межы Еўропы: «Еўропа — гэта зямля, унутры якой мы знаходзімся, яна прылягае да Белай Русі, да Смаленска, а праз іх — і да сапраўднай Турцыі, да герцагства Літвы, Польшчы, Славоніі, Венгрыі, Маравіі, Чэхіі, Рымскай імперыі».

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #100970834 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 18 кастрычніка 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Ваенныя Францыі
Рыцары
Мемуарысты
Памерлі 22 красавіка
Падарожнікі Сярэднявечча
Постаці Стагадовай вайны
Памерлі ў 1462 годзе
Кавалеры ордэна Залатога руна
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў 1386 годзе
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Падарожнікі ў Расію
Падарожнікі Францыі
Асобы
Постаці Сярэдневякоўя
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу