У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Жывакост (значэнні). Жывакост[3][4] (Sýmphytum) — род шматгадовых лясных травяністых раслін сямейства Бурачнікавыя (Boraginaceae), якое ўключае больш за 25 відаў. Распаўсюджаны па ўсёй Еўропе ад Заходняй Азіі да Брытанскіх астравоў і ў Паўночнай Афрыцы[5]. Расце на вільготных ўрадлівых глебах, часта па берагах рэк, ручаёў.
Дасягае ў вышыню больш за метр. Каранёвая сістэма буйная з тоўстымі галінастымі каранямі з шматлікімі атожылкамі. Карані звонку цёмныя, амаль чорныя, усярэдзіне — белыя, сакавітыя, лоевыя навобмацак. Сцёблы прамыя, тоўстыя, з разгалістымі галінамі, пакрытыя валасінкамі. Лісце яйкападобнай формы, буйное, чаргаванае, завастраецца да верхавіны. Кветкі — званочкі, сабраныя на верхавіне сцябла і галінках у гронкападобныя суквецці, колер — фіялетава-пурпуровы, ружова-чырвоны. Час красавання — май—ліпень. Апыляецца, галоўным чынам, пчоламі і чмялямі[5]. Плод складаюцца з чатырох аднанасенных гладкіх і бліскучых арэшкаў, спеюць у ліпені—верасні.
Некаторыя віды жывакосту — фарбавальныя і дэкаратыўныя расліны[5].