Жывако́ст лекавы[4][5] (Symphytum officinale) — від кветкавых раслін з роду Жывакост (Symphytum) сямейства Бурачнікавыя (Boraginaceae).
Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 30—100[5] см, шурпатая ад валаскоў на бародаўках. Сцябло прамастойнае, граністае, галінастае ў верхняй частцы. Лісце простае, падоўжана-ланцэтнай формы, з сеткай жылак знізу. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце звужаецца ў крылаты чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі пурпурова-фіялетавага колеру, зрэдку ружова-чырвоныя, знаходзяцца на канцах сцябла і галінак. Плод — бліскучы арэшак шаравата-чорнага колеру.
Расліна ядавітая.
Паводле сайта The Plant List існуе падвід Symphytum officinale subsp. uliginosum (A.Kern.) Nyman[6].
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўропы і ўмераных абласцей Азіі. Расце на сырых месцах, па берагах вадаёмаў і ўскрайках балот, у садах і парках, на агародах і пустках. Цвіце ў маі—чэрвені. Святлолюбівая расліна, якае добра пераносіць цень, мезафіт, гіграфіт і эўтроф[7].
Лекавая расліна. У каранях маецца шмат цукру, крухмалу, дубільных рэчываў[5]. Выкарыстоўваецца ў якасці абвалакальнага, змякчальнага, вяжучага, супрацьзапаленчага, кроваспыняльнага сродку[5].