wd wp Пошук:

Жорж Жак Дантон

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Дантон.

Жорж Жак Дантон (фр.: Georges Jacques Danton; 26 кастрычніка 1759 — 5 красавіка 1794) — французскі рэвалюцыянер, адзін з бацькоў-заснавальнікаў Першай французскай рэспублікі, сустаршыня клуба кардэльераў, міністр юстыцыі часоў Французскай рэвалюцыі, першы старшыня Камітэта грамадскага выратавання.

Маладосць. Адвакат

Сын пракурора бальяжа Арсі-сюр-Об Жака Дантона (1722—1762)[5][6]. Дзяцінства правёў на сяле ў семінарыі і ў свецкім пансіёне ў Труа прасякнуўся пакланеннем старажытнаму свету. Рыхтуючыся да адвакацкай прафесіі ў Парыжы, Дантон азнаёміўся з літаратурай XVII і XVIII стст. і прымаў актыўны ўдзел у масонстве. У 1787 годзе ён купіў месца адваката пры савеце караля, лічачы тады яшчэ магчымым пераварот зверху; але ў 1791 годзе, пры ліквідацыі старых судовых пасад, Дантон не прыняў у абмен ніякай новай, каб цалкам аддацца рэвалюцыйнай дзейнасці.

Пачатковы этап рэвалюцыі

Ужо з 1789 года Дантон дзейна праводзіў крайнія рэвалюцыйныя і рэспубліканскія ідэі ў розных сходах і клубах, адыгрываў бачную ролю ў падзеях 14 ліпеня і 5-6 кастрычніка і ў заснаванні клуба кардэльераў. Усюды і заўсёды Дантон быў супраць двара, міністэрства, Нацыянальнага сходу; 17 ліпеня 1791 года ён заклікаў народ на Марсавым полі падпісваць петыцыю аб звяржэнні караля. Пасля задушэння гэтага руху Дантон тыдняў на шэсць схаваўся ў Англіі і вярнуўся толькі к выбарам у Заканадаўчы сход. У дэпутаты ён не патрапіў, але стаў у Парыжы падрыхтоўваць звяржэнне караля, то ў якасці адміністратара дэпартамента, то ў званні таварыша пракурора Парыжскай камуны, то ў клубах, то сярод атрадаў народнага войска — федэратаў Марселя і Брэтані ці Enfants-Rouges з Сент-Антуанскага прадмесця. А таксама ён удзельнічаў у зборы добраахвотнікаў.

Канвент

У ноч з 9 на 10 жніўня 1792 года Дантон даў штуршок да ўтварэння новага, больш рэспубліканскага генеральнага савета камуны, арыштаваў Манда, пераемніка Лафаета ў камандаванні нацыянальнай гвардыяй, і замяніў яго Сантэрам. Пасля 10 жніўня Дантон быў прызначаны міністрам юстыцыі; абапіраючыся на Парыжскую камуну, ён стаў правадыром у барацьбе супраць раялістаў унутры і абароне межаў супраць Аўстрыі і Прусіі. Ворагі Дантона вінавацілі яго ў прадажнасці, растратах, арганізацыі вераснёвых забойстваў. Першыя абвінавачванні не пацвярджаюцца ніякімі дакументамі; папярэдзіць ці спыніць вераснёвыя забойствы Дантон, па ўласным прызнанні, не быў у сілах і паставіўся да кровапраліцця з той жа абыякавасцю, як пазней да сваёй уласнай гібелі. Дантон быў абраны дэпутатам у Канвент ад Парыжа і падвяргаўся тут нападкам Жыронды за сваю папярэднюю дзейнасць у міністэрстве. Ён стаяў у канвенце за свабоду друку, за законы супраць эмігрантаў, за асуджэнне караля, быў адзін час старшынёй клуба якабінцаў і членам першага Камітэта грамадскага выратавання.

Знешняя палітыка Дантона

Пасля перамогі пры Жэмапэ Дантон быў пасланы Канвентам у Бельгію для арганізацыі заваяванай вобласці. Пазней, з прычыны раздражнення, якое палітыка ўмяшання выклікала ў суседніх дзяржавах, Дантон настаяў у канвенце на рашэнні не ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншых нацый (13 красавіка 1793), не прадпрымаць ні наступальных войнаў, ні заваяванняў (15 чэрвеня 1793). Мэтай далейшых дыпламатычных зносін і ваенных узбраенняў ён ставіў мір і прызнанне рэспублікі іншымі дзяржавамі. Дантон садзейнічаў замене парламенцкага кіравання Жыронды часовай рэвалюцыйнай дыктатурай камітэта грамадскага выратавання і стаў весці барацьбу з праціўнікамі рэвалюцыі ўнутры і па-за Францыяй пасродкам рэвалюцыйных трыбуналаў і каласальных набораў. Перыяд часу з красавіка 1793 па верасень 1793 — эпоха найбольшага ўплыву Дантона. У знешніх зносінах ён азначыў цэлую сістэму палітыкі для сваіх пераемнікаў: у Англіі падтрымліваць усе апазіцыйныя элементы супраць Піта, дамагчыся нейтралітэту дробных дзяржаў — Даніі, Швецыі і г.д., паспрабаваць аддзяліць Прусію і Баварыю ад кааліцыі, сілай утаймаваць Сардзінію і Іспанію, непрымірыма змагацца супраць Аўстрыі, ствараючы ёй цяжкасці на Усходзе агітацыяй у Польшчы і Турцыі.

Асуджэнне і пакаранне смерцю

З часу заснавання другога Камітэта Грамадскага выратавання пачынаецца пераход улады, з аднаго боку, да эберцістаў, з іншага — да Рабесп’ера. Дантон слаба процідзейнічаў гэтаму, часта адсутнічаў у Парыжы, занадта разлічваючы на сваю папулярнасць. Ён не ўхваляў працягвання пакаранняў смерцю, за што стаў атрымліваць абвінавачванні ў залішняй паблажлівасці. Незадоўга да свайго арышту, Дантон быццам бы адказаў сябрам, якія прапаноўвалі яму бегчы з Францыі: «Ці магчыма панесці радзіму на падэшвах сваіх ботаў?»

Пасля падзення эберцістаў, калі ўплыў Рабесп’ера дасягнуў апагею, 31 сакавіка 1794 года, Дантон і яго сябры былі арыштаваны па пастанове злучаных камітэтаў грамадскага выратавання і агульнай бяспекі; гэта мера была ўхвалена канвентам па дакладзе Сен-Жуста, складзенага паводле накідаў Рабесп’ера. Працэс з самага пачатку вёўся з парушэннем усіх фармальнасцей; новай пастановай канвента па прапанове Сен-Жуста абвінавачваныя былі прама пастаўлены па-за законам. Дантаністы (Каміль Дэмулен, Эро дэ Сешэль, Фабр д’Эгланцін і інш.) вінаваціліся ў змове з мэтай зрынуць нацыянальнае прадстаўніцтва і рэспубліку, былі асуджаны і загінулі на гільяціне. Па дарозе да эшафота Дантон падбадзёрваў сябе словамі: «Наперад, Дантон, ты не павінен ведаць слабасці!» А праязджаючы міма дому, дзе жыў Рабесп’ер, Дантон выкрыкнуў прароцкія словы: «Максіміліян, я чакаю цябе, ты пойдзеш услед за мной!»

Сведчанне ката Шарля Анры Сансона: «Спачатку на эшафот узышоў Эро дэ Сешэль, а з ім і Дантон, не чакаючы, каб яго паклікалі. Памочнікі ўжо схапілі Эро і надзелі яму на галаву мяшок, калі Дантон падышоў, каб абняць яго, бо Эро ўжо не змог развітацца з ім. Тады Дантон выклікнуў: „Дурні! Хіба вы перашкодзіце галовам пацалавацца ў мяшку?..“ Яшчэ нож гільяціны не быў вычышчаны, як Дантон ужо наблізіўся; я ўтрымаў яго, запрашаючы адвярнуцца, пакуль прыбяруць труп, але ён толькі пагардліва паціснуў плячамі: „Трохі больш ці менш крыві на тваёй машыне, што за важнасць; не забудзься толькі паказаць маю галаву народу; такія галовы не ўсякі дзень удаецца бачыць“. Гэта былі яго апошнія словы».

Паштовая марка СССР, 1989.
200 гадоў Вялікай французскай рэвалюцыі: Ж. П. Марат, Ж. Ж. Дантон, М. Рабесп’ер.

У культуры

Памяць

Зноскі

  1. Georges, Jacques Danton // Sycomore / Assemblée nationale Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Щепкин Е. Н. Дантон, Жорж-Жак // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. X. — С. 120–121.
  3. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  4. Дантон Жорж Жак // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  5. Georges Danton // Энцыклапедыя Britannica (англ.)
  6. Beesly A. H. Life of Danton. — Kessinger Publishing, 2005. — P. 1. — ISBN 978-1-4179-5724-8. (англ.)

Літаратура

Крыніца

Пры напісанні гэтага артыкула выкарыстоўваўся матэрыял з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона (1890—1907). Спасылкі

Папярэднік:
Андрэ Жанбон
23-ці Старшыня Канвента
25 ліпеня 17938 жніўня 1793
Пераемнік:
Мары Жан Эра дэ Сешэль
Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Памерлі ў 1794 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Аратары Францыі
Катэгорыя·Памерлі 5 красавіка
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў дэпартаменце Об
Катэгорыя·Матэрыялы ЭСБЕ
Катэгорыя·Постаці XVIII стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Міністры юстыцыі Францыі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Пакараныя смерцю рэвалюцыянеры
Катэгорыя·Дзеячы Французскай рэвалюцыі, пакараныя смерцю на гільяціне
Катэгорыя·Члены Нацыянальнага Канвента
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 кастрычніка
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Постаці Вялікай французскай рэвалюцыі
Катэгорыя·Масоны ВУФ
Катэгорыя·Рэвалюцыянеры Францыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1759 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Парыжы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дзяржаўныя дзеячы Францыі