wd wp Пошук:

Паводле Іаана Святое Дабравесце

Паво́дле Іаа́на Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Я́на[2], Паво́дле Я́на Свято́е Дабраве́сце[3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Лукі перад кнігай Дзеянняў Апосталаў.

Аўтарства

Як і ў астатніх Евангеллях, імя аўтара ў кнізе не згадваецца. Згодна з паданнямі, аўтарам Евангелля з’яўляецца Ян, сын Зевядзея, адзін з самых блізкіх вучняў Хрыста. З сінаптычных Евангелляў вядома, што Ян належаў да тых вучняў, якіх Ісус прызваў адных з першых. Ён таксама ўваходзіў у лік асабліва блізкіх і давераных сяроў Ісуса, так званую «тройку» апосталаў: Петр, Якаў і Ян. Гэтыя апосталы прысутнічалі пры ўсіх важных новазапаветных падзеях. Паданні называюць Яна любімым вучням Хрыста, якому і належыць чацвёртае Евангелле. Аднак нідзе ў Евангеллі Ян не названы па імю. З кнігі Дзеянняў апосталаў вядома, што Ян і надалей адыгрываў важкую ролю ў жыцці маладой царквы, апостал Павел называе Яна адным з слупоў царквы. Лічыцца, што Яну таксама належыць яшчэ тры лісты і кніга Адкрыцця.

Месца і час напісання Евангелля

Згодна з паданнямі, Ян дажыў да вельмі старога ўзросту - да пачатку праўлення імператара Траяна. Евангелле прызначалася для цэркваў Малой Азіі, дзе праходзілі апошнія гады жыцця апостала. Евангелле было напісана пазней за сінаптычныя Евангеллі, у канцы 1 ст., у 90-100 гг. Знойдзены старадаўні папірус Райлендса, які адносіцца да пачатку 2 ст., падцвяржае такі погляд. Пра позні характары напісання Евангелля сведчыць і развітое багаслоўе, так званая высокая хрысталогія. Месцам напісання Евангелля лічыцца Эфес.

Асаблівасці Евангелля

Евангелле значна адрозніваецца ад трох іншых, сінаптычных Евангелляў. Ян апісвае тры гады служэння Ісуса, прычым, у адрозненні ад сінаптычных Евангелляў, у Ерусаліме і Іудзеі, але не ў Галілеі. У чацвёртым Евангеллі няма многіх важных падзей трох Евангелляў, але ёсць другія падзеі. Так, у ім адсутнічаюць такія падзеі, як уваскрасенне дачкі Іаіра, Пераўтварэнне, Гефсіманская малітва, устаноўчыя словы імшы. З усіх цудаў, створаных Ісусам, у Евангеллі супадаюць з сінаптычнымі толькі два: павелічэнне хлеба і хаджэнне па вадзе. Таксама Ян нідзе не піша пра тое, што Ісус выганяў бесаў. Усіх жа цудаў у Евангеллі толькі восем, яны выключна выразныя і з’яўляюцца прарывам Божай рэчаістасці ў свет. Існуюць меркаванні, што евангеліст імкнуўся дапоўніць евангелістаў-сіноптыкаў ці хацеў выправіць іх.

Ян пачынае сваё апавяданне не з нараджэння Ісуса. Для аўтара Хрыстос мае адвечную гісторыю, месца дзеяння — Сусвет, гэта Логас, адвечнае Божае слова. Больш ніхто з евангелістаў не кажа так ясна і вызначальна пра Божую сутнасць Ісуса: Ён першапачаткова быў з Богам, Ён быў Богам, усё было створана праз Яго, Ён быў жыццём і светам для сусвету. Гэта Ён явіў Божую славу і Айца, як ніхто апроч Яго. Выява Ісуса велічная, Ён паўстае як Валадар, няхай толькі адзінкі і зразумелі гэта, завяршае Сваё служэнне, узносячыся на Трон, якім з’яўляецца Крыж, з магутным і пераможным крыкам: «Збылося!»

Папірус 125 г. з тэкстам Евангелля.

Адрозніваецца Евангелле ад сінаптычных і стылем апавядання. У творы няма звыклых для сіноптыкаў кароткіх і яскравых прыпавесцяў, паэтычных параўнанняў і метафар, афарызмаў, прыказак і загадак. У Евангелле Ісус прамаўляе працяглымі гаворкамі са шматлікімі паўторамі, з логікай, не зразумелай для сучаснага чытача — яна не прамалінейная і паслядоўная, а спіралепадобная. Стыль гэтага апавядання велічны і павольны, амаль літургічны. У ім Ісус кажа пра Сабе, адкрываючы такім чынам Божую сутнасць. У Евангеллі няма той эсхаталагічнай напружанасці, якая прысутнічае ў астатніх Евангеллях і творах Паўла. Згодна Яну, Суд, з аднаго боку, яшчэ будзе, але ён ужо праходзіць і зараз — тут і цяпер. Усялякі, хто паверыў у Хрыста, перайшоў ад смерці да жыцця. Божае Валадарства прыйшло разам з Ісусам, вернікі ўжо знаходзяцца ў Валадарстве; яны знаходзяцца разам з Ісусам, а Ён з імі.

Пачатак Евангелля ад Яна ў Астрамірскім Евангеллі

Усе гэтыя акалічнасці кнігі могуць тлумачыцца гістарычнымі абставінамі. Хрысціянства становіцца значна больш уплывовым і пазнавальным і адзяляецца ад іудаізму. Таму аўтар ставіць мэтаю падмацаваць веру тых хрысціян, якія парвалі з рэлігіяй бацькоў. Таксама ў той час з’яўляюцца шматлікія ерасі, якія адмаўлялі рэальнасць увасаблення і ўваскрэсення Хрыста, таму Ян жадае як падмацаваць веру, так і перамагчы ілжэвучэнні.

Структура кнігі

Евангелле складаецца з 21 раздзелу. З некаторымі адрозненнямі структура твора амаль тая ж, што і ў астатніх Евангеллях. Апавяданне пачынаецца з Яна Хрысціцеля і канчаецца смерцю і ўваскрэсеннем Хрыста. Пасля велічнага пралогу ідзе невялікае апавяданне пра дзейнасць Ісуса ў Галілеі, пасля якога падзеі пераносяцца ў Ерусалім і Іудзею. Асобную ролю ў апавяданні займаюць падзеі падчас святаў Аднаўлення Храма, дзе адбываюцца жорскія спрэчкі пра Асобу Хрыста (раздзелы 7-10). Амаль палову Евангелля займаюць падзеі апошніх дзён жыцця Ісуса. У раздзелах 13-17 апавядаецца пра апошнюю велікодную імшу, аповяд амаль цалкам складаецца з гаворак Ісуса, у іх Хрыстос настаўляе вучняў, якія праз невялікі час павінны застацца аднымі, без свайго Настаўніка. Вяршыняй Евангелля з’яўляецца Крыж — галоўная падзея дзейнасці Хрыста згодна з воляй Айца для ўратавання чалавецтва. Апошні (21) радзел апавядае пра з’яўленне ўваскрэслага Ісуса сваім вучням у Галілеі і адрозніваецца па стылю і мове ад астатняга Евангелля, што дало падставу некаторым даследчыкам лічыць, што раздзел мог быць напісаны вучнямі Яна пасля яго смерці.

Сціслы план Евангелля

Пераклады

Літаратура

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
  3. альтэрн.: Паво́дле Я́на Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Евангеллі
Катэгорыя·Евангелле паводле Яна
Катэгорыя·Кнігі Новага Запавету