wd wp Пошук:

Паводле Лукі Святое Дабравесце

Паво́дле Лукі́ Свято́е Дабраве́сце[1], Ева́нгелле паво́дле Лукі́[2], Паво́дле Лукаша́ Свято́е Дабраве́сце[3] — адна з кніг Бібліі, якая ўвайшла ў спіс кніг Новага Запавету. Размяшчаецца пасля Евангелля паводле Марка перад Евангеллем паводле Яна.

Аўтарства

Нягледзячы на тое, што ў пачатку кнігі аўтар кажа пра свае мэты напісання кнігі, уласна яго імя нідзе ў творы не згадваецца. Згодна з паданняммі, імя аўтара было Лука (па-лацінску — Лукій), — адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Паўла і яго бліжэйшых сяброў. У лісце да Каласянаў (4:14) Павел называе яго «шаноўны наш урач Лука». Лічыцца, што, суправаджаючы Паўла, Лука вёў дзённік, які стаў падставай для напісання і другой яго кнігі — Дзеянні апосталаў. Згодна з тымі жа паданнямі, лічыцца, што Лука нарадзіўся ў Антыёхіі і быў, хутчэй за ўсё, грэкам. Лука не быў сведкам евангельскім апавяданняў, і ён сам піша ў пралогу, што абапіраўся на створаныя да яго хрысціянскія творы, на апавяданні «сведкаў Слова». Лука вельмі сур’ёзна падыходзіў да гэтых сведчанняў, старанна правяраючы крыніцы і ўдакладняючы храналагічны ход падзей.

Месца і час напісання

Канец Евангелля паводле Лукі і пачатак паводле Яна ў Ватыканскім кодэксе.

Дакладны час напісання невядомы. Лічыцца, што Евангелле з’явілася на свет паміж 70 і 90 гг. У ліку яго крыніц былі Евангелле ад Марка (каля 50 % тэксту) і, магчыма, Евангелле ад Мацвея ці так званыя «логіі», напісаныя апосталам. Яно прызначалася для хрысціян з былых язычнікаў і было створана ў Ахаі ці Беотыі, дзе, згодна з паданнямі, Лука жыў да самай сваёй смерці; аднак магчымым месцам напісання з’яўляецца таксама Кесарыя ці Антыёхія Сірыйская.

Асаблівасці Евангелля

Евангелле знаходзіцца на трэцім радку ў спісе кніг Новага Запавету, яно самае вялікае па аб’ёме. Аўтар задумаў напісаць твор, у якім расказвалася пра дзеянні Ісуса Хрыста, а таксама пра працяг Ягонага служэння Царквой пад уздзеяннем Святога Духа. Пазней атрымалася так, што твор аказаўся падзеленым: першая частка сталася Евангеллем паводле Лукі, а другая — кнігай Дзеянняў апосталаў.

Евангелле вылучаецца сярод астатніх сінаптычных Евангелляў высокім літаратурным узроўнем, яго творца быў адораным пісьменнікам і дасведчаным гісторыкам. Аўтар Евангелля не немудрагелісты апавядальнік, а пісьменнік, які ўжо меў перад вачыма «многія» спробы выкласці жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста. Ён, хутчэй за ўсё, не быў іўдзеем, у яго кнізе мала семітызмаў. Ён шырока выкарыстоўвае Евангелле ад Марка, аднак мае ў распараджэнні і іншыя крыніцы. Некаторыя з іх узніклі, магчыма, у асяроддзі хрысціян-яўрэеў, ці нават вучняў Яна Хрысціцеля.

Ключавымі словамі гэтага Евангелля з’яўляюцца радасць, мір і ўратаванне. У ягоным цэнтры стаіць Хрыстос, Які прынёс выратаванне ўсяму сусвету. Нездарма Лука прагледжвае радавод Ісуса да першага чалавека — Адама, які названы сынам Бога. Гэтым падкрэсліваецца ўніверсальны характар Радаснай весткі. Выратаванне прызначана для ўсіх людзей, у тым ліку і для тых, каго лічылі самымі цяжкімі грэшнікамі: для зборшчыкаў падаткаў, для самарыцян, для язычнікаў. Выратаванне адчынена для людзей заўсёды, нават да апошніх хвілін жыцця: так разбойнік атрымоўвае выратаванні перад самай смерцю на крыжы. Нягледзячы на тое, што ў мінулым жанчыны ўваходзілі ў лік бяздольных, аўтар Евангелля выкарыстоўвае самую вялікую колькасць жаночых імёнаў, а звесткі на дзяцінства Ісуса дадзены, хутчэй за ўсё, Марыяй, маці Ісуса. Хрыстос у Евангеллі перш за ўсё Збаўца, поўны любові і ласкі. У яго твары Божае валадарства ўжо прыйшло до людзей. Вялікую ролю ў Евангеллі грае малітва, асабліва падзячная, поўная радасці і хвалы. У Евангеллі значна часцей за іншыя апавядаецца пра малітвы Ісуса. Таксама ў Евангеллі самая вялікая колькасць прыпавесцей. Усе самыя вядомыя прыпавесці: пра міласэрнага Самарыцяніна, пра блуднага сына, пра малітвы фарысея і зборшчыка падаткаў, — знаходзяцца ў Евангеллі. Хаця Евангелле прызначана для былых язычнікаў, Лука ўвесь час падкрэслівае яўрэйскія карані хрысціянскай веры. Падзеі пачынаюцца ў Храме, дзе Анёл прадказвае святару Захарыі аб нараджэнні сына Яна, і заканчваецца таксама ў Храме, дзе пасля ўваскрасення і узнясення Хрыста вучні Ісуса увесь час застаюцца ў малітве і радасці.

Структура кнігі

Евангелле складаецца з 24 раздзелаў. Яно пачынаецца з пралогу, у якім Лука паведамляе пра падставу і мэту напісання Евангелля, а таксама пра метады працы з крыніцамі. Ён прысвячае сваю працу нейкаму хрысціяніну пад іменем Феафіл. У першых раздзелах паведамляецца не толькі пра нараджэнне Хрыста, але і пра нараджэнне Яна Хрысціцеля. Далей апавяданне вядзецца гэтак жа як і ў Марка, за выключэннем тэкстаў Мк 6:45 - 8:26, якую бібліязнаўцы назвалі «вялікім пропускам». Пасля служэння ў Галілеі Ісус накіроўваецца ў Ерусалім. Большая частка Евангелля (больш за 10 раздзелаў) апавядае пра гэты шлях, таму часта кнігу называюць Евангеллем Шляху. Таксама гэтым словам «Шлях» называла сабе першая Хрысціянская Царква.

Сціслы план Евангелля

Пераклады

Літаратура

Зноскі

  1. Анатоль Клышка. Новы Запавет. — Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2014. — 610 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6983-42-2.
  2. Уладзіслаў Чарняўскі. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. — Мінск: Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. — 1127 с. — 4 000 экз. — ISBN 978-985-6183-14-6.
  3. альтэрн.: Паво́дле Лукаша́ Сьвято́е Дабраве́сьце згодна з Васіль Сёмуха. Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя. У беларускім перакладзе. — DUNCANVILLE, USA: WORLD WIDE PRINTING, 2002. — 1538 с. — 10 000 экз. — ISBN 1-58712-085-2.
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Евангелле паводле Лукі
Катэгорыя·Евангеллі
Катэгорыя·Кнігі Новага Запавету