wd wp Пошук:

Дом-крэпасць Нонхартаў

Дом-крэпасць. Н. Орда, 1877

Гайцюнішскі дом-крэпасць – унікальнае збудаванне ў в. Гайцюнішкі, Воранаўскі раён, якое не мае прамых аналагаў. Уяўляе сабой рэдуцыраваны замак, пабудаваны па абагульненай схеме сярэдневяковых крэпасцей. Гайцюнішскі дом-крэпасць арганічна спалучыў перадавыя дасягненні заходнееўрапейскага абарончага дойлідства XIV–XVI стст. з мясцовымі традыцыямі[1].

Гісторыя

Дом-крэпасць узведзены ў паўднёвай частцы вёскі, на левым беразе р. Жыжма ў 1611-12 гг. з цэглы будаўніком і начальнікам каралеўскіх збудаванняў у Вільні галандцам П. Нонхартам разам з інжынерам-фартыфікатарам Ван Данэнам.

У гадах 19001905 г. Эдвард Рымша дабудаваў да яго шырокі ганак, з тэрасай, сапсаваўшы такім чынам чысціню і арыгінальнасць першапачатковага праекта.

Эдвард Рымша, пад час дабудовы, знайшоў насценныя малюнкі са сцэнамі палявання, якія аднак не закансерваваў. Ёсць меркаванне, што гэтыя малюнкі належалі пэндзлю вядомага Віленскага мастака і ўладальніка маёнтка Шротэра.

У гэтым доме-крэпасці паспяхова вытрымалі аблогу шведы пад час Паўночнай вайны, атакаваныя войскамі саксонскага караля Аўгуста ІІ.

У маёнтку былі архіў і бібліятэка, якія загінулі пад час І-й сусветнай вайны. Ацалела толькі «Генеалогія роду Рымшаў», якая сягала часоў хрышчэння Літвы.

Маёнтак акружаў стары парк, плошчай 15 га, раслі ў ім у асноўным ліпы і лістоўніцы, многім з якіх было ўжо больш за 300 год.

Дом-крэпасць, 1911
Дом-крэпасць, 1915

У польскай філалогіі з’явілася версія пра тое, што Гайцюнішскі дом-крэпасць стаў правобразам Міцкевічавых Сапліцова і Гарэшкавых з «Пана Тадэвуша». Доўгі час лічалася, што правобразам Сапліцава былі Тугановічы, пазнейшыя даследчыкі размяшчалі яго ў Міры ці нават у Вялікай Польшчы. Новую цікавую і цалкам праўдападобную гіпотэзу сфармуляваў прафесар Рышард Керсноўскі ў артыкуле «Замак Гарэшкаў і яго жыхары». Ён сабраў шмат фактаў, на карысць слушнасці версіі аб Гайцюнішках.

У 1946 — 49 гг. у доме-крэпасці знаходзілася школа механізатараў. З 1960 г. — абласная псіхіятрычная бальніца. Быў праведзены капітальны рамонт, у выніку ўнікальны дом-крэпасць добра захаваўся і зараз у ім знаходзіцца адміністрацыйны будынак бальніцы. Захаваліся некаторыя гаспадарчыя пабудовы XIX- 1-й паловы XX ст.

Архітэктура

Будынак прамавугольны ў плане, двухпавярховы, пад высокім вальмавым дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны трохпавярховай прамавугольнай у плане вежай з уваходам у выглядзе нсвысокага кубічнага аб’ёму з арачнымі праёмамі і тзрасай (наверсе), які прыбудаваны пазней. Чатыры вуглавыя вежы круглыя, накрыты шатрамі. Кожная вежа з вузкімі вокнамі-байніцамі, што дазваляла абаронцам з усіх бакоў кантраляваць подступы да дома. Фасады амаль не маюць дэкаратыўнага ўбранства. Тоўстыя сцены прарээаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Планіроўка дома анфіладная. Цэнтральную частку будынка займае вестыбюльаая група памяшканняў з дзвюма лесвіцамі. Галоўная лесвіца звязвае вестыбюль з 2-м паверхам, дапаможная вядзе на гарышча. Большасць памяшканняў мае плоскія перакрыцці. Частка гаспадарчых памяшканняў 1-га паверха перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі а распалубкамі, у вежы — крыжовымі скляпеннямі. Памяшканні, размешчаныя ў вуглавых вежах, перакрыты сферычнымі купаламі. На скляпеннях захаваліся дэкаратыўныя нервюры. Пад домам шырокі сямікаморны падвал, у якім быў калодзеж. На 1-м паверсе знаходзіліся службы і казарма для невялікага гарнізона, наверсе — «панскія» пакоі і сталовая[2].

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нонхарты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·З’явіліся ў 1612 годзе
Катэгорыя·Гайцюнішкі
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Славутасці Воранаўскага раёна
Катэгорыя·Замкі Беларусі