wd wp Пошук:

Гідрапоніка

Высадка таматаў у гідрапонную ўстаноўку

Гідрапоніка (ад грэч.: υδωρ «вада» і грэч.: πόνος «праца») — метад вырошчвання раслін без глебы пры перыядычным увільгатненні водным растворам пажыўных элементаў.

Гісторыя

Упершыню метад вырошчвання наземных раслін без глебы быў апісаны Фрэнсісам Бэканам у выдадзеным пасля яго смерці сачыненні «Sylva Sylvarum» (або «Натуральная гісторыя», 1627 г.). У 1860 г. нямецкі батанік Юліус Сакс апублікаваў вынікі свайго даследавання паспяховага вырошчвання раслін у водных растворах з неабходнымі пажыўнымі рэчывамі. У 19291940 гг. каліфарнійскі навуковец Уільям Фрэдэрык Герыке стварыў некалькі варыянтаў гідрапонных установак і склаў формулы раствораў для розных раслін. Першая гідрапонная ўстаноўка для вырошчвання таматаў працавала на заднім двары яго дома. Менавіта ў яго працах упершыню з’явілася само слова гідрапоніка. З 1938 г. гідрапонныя ўстаноўкі ўжываюцца ў камерцыйнай вытворчасці гародніны. У 2014 г. гідрапонная ўстаноўка «Veggie» запрацавала ў космасе на даследчым модулі «Каламбус» (Міжнародная касмічная станцыя)[1].

Тэхналогія

Першасна метад гідрапонікі заключаўся ў апусканні каранёў расліны непасрэдна ў водны раствор (так званая «пасіўная» гідрапоніка). Пры гэтым забеспячэнне каранёў кіслародам аказалася нізкім, рэакцыя раствору няўстойлівай, таму асобныя карані і расліны гінулі. Падобны падыход часам працягвае ўжывацца для выганкі зеляніны, прарошчвання насення для атрымання зялёных кармоў для свойскай жывёлы, укаранення раслін, паколькі з’ўляецца надзвычай танным.

Большасць сучасных гідрапонных установак заснаваны на выкарыстанні цвёрдых субстратаў (друз, керамзіт, вермікуліт, какосавая койра, торф, палімеры і г. д.), праз якія прасочваецца пажыўны раствор. Найбольш эфектыўнае забеспячэнне каранёў кіслародам магчыма дзякуючы руху раствора. Рэцыркуляцыя дазваляе эканоміць ваду. Так, вырошчванне раслін гідрапонным метадам у Дубаі дазволіла скараціць выдатак вады ў параўнанні са звычайным земляробствам на 95%[2]. Субстрат з’яўляецца фіксатарам расліны, можа ўбіраць у сябе пэўную частку раствора і працягваць сілкаваць расліну, калі падача раствора спыняецца.

Спалучэнне гідрапонікі і аквакультуры завецца аквапонікай. Вырошчванне раслін у паветраным асяродзі без глебы і субстрату вылучаецца ў асобны метад аэрапонікі.

Формы

Кропельная гідрапоніка ў прамысловай вытворчасці

Кнотная сістэма

Кнотная сістэма — форма пасіўнай гідрапонікі, паколькі не ўключае штучную рэцыркуляцыю раствору. Заснавана на кноце, які пры дапамозе капілярных сіл падае неабходную колькасць раствору ў субстрат.

Простае апусканне

Простае апусканне можа быць як пасіўным, так і актыўным. Пры пасіўнай форме расліны памяшчаюць у інертны субстрат, які знаходзіцца на пэўным удаленні ад раствору, каб верхняя частка каранёў знаходзілася ў паветры і мела магчымасць спажываць кісларод, а ніжняя — у растворы. Па меры росту расліны і каранёў колькасць раствору скарачаецца, такім чынам карані працягваюць спажываць як элементы раствору, так і паветраны кісларод. Такая простая гідрапонная сістэма найболей прыдатна для лісцевых культур з кароткім тэрмінам росту.

Пры актыўнай форме пасудзіна з растворам забяспечваецца помпай і фільтрам для абагачэння раствору паветрам у форме бурбалак. Актыўная форма прыдатна для раслін з доўгім тэрмінам росту, аднак дастаткова дарагая ў эксплуатацыі з-за вялікага расходу энергіі адносна кожнай расліны і праблемамі з заменай раствору. Найчасцей яе выкарыстоўваюць у хатніх гідрапонных сістэмах.

Прыліўная сістэма

Раствор са спецыяльнага рэзервуара перыядычна падаецца ў латок для вырошчвання раслін з дапамогай помпы з таймерам. Пасля таго, як раствор дасягае каранёў, ён зноў сцякае ў рэзервуар.

Кропельная гідрапоніка

Расліны знаходзяцца ў друзлым субстраце, куды раствор перыядычна падаецца ў невялікіх дозах адразу да каранёў з дапамогай помпы і кропельнага шланга.

Тэхніка пажыўнага пласта

Тэхніка пажыўнага пласта (англ.: Nutrient film technique, NFT) — адна з найбольш распаўсюджаных у нашы дні для вырошчвання хуткаспелых культур. Расліна толькі фіксуецца субстратам, а яе карані развіваюцца ў спецыяльным жолабе (звычайна пластыкавым), дзе з дапамогай помпы раствор стала цыркулюе ў выглядзе тонкага пласту.

Зноскі

  1. Veggie Fact Sheet - NASA
  2. Dubai: World’s largest vertical farm opened, uses 95% less water

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Раслінаводства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле