wd wp Пошук:

Говард Картэр

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Картэр.

Грабніца Тутанхамона (KV62), адкрытая Картэрам

Говард Картэр (англ.: Howard Carter; 9 мая 1874 года, Бромптан, Кенсінгтон і Чэлсі, Лондан — 2 сакавіка 1939 года, Лондан, Вялікабрытанія) — знакаміты англійскі археолаг і егіптолаг, які адкрыў у 1922 годзе ў Даліне Цароў каля Луксора грабніцу Тутанхамона (KV62), што было прызнана адной з самых вырашальных і найбольш вядомых падзей у егіпталогіі.

Дзяцінства

Говард Картэр быў малодшым з 8 дзяцей Самуіла і Марты Картэраў. Дзяцінства Говарда Картэра прайшло ў Суофеме ў графстве Норфалк, таму ў многіх крыніцах менавіта гэты гарадок пазначаюць як месца нараджэння егіптолага. Бацька Картэра, мастак паводле прафесіі, з дзяцінства займаўся навучаннем сына маляванню, прывіваючы пры гэтым цікавасць да гісторыі культуры.

Пачатак кар’еры

Говард Картэр займаўся археалогіяй з 1891 года, уступіўшы ва ўзросце 17 гадоў у Брытанскую арганізацыю археалагічных даследаванняў Егіпта. Да 1899 года ён браў удзел у шэрагу археалагічных экспедыцый у Егіпце, замалёўваючы надпісы, скульптурныя выявы і архітэктуру Старажытнага Егіпта. У прыватнасці, ён працаваў на раскопках у Бені-Хасане, рэзідэнцыі перыяду Сярэдняга царства. Некаторы час егіптолаг-пачатковец працаваў пад кіраўніцтвам вядучага спецыяліста ў вобласці археалогіі Уільяма Фліндэрса Пітры. Вядомасць яму прынеслі праведзеныя ў 18931899 гадах даследаванне Джэсер Джэсеру — пабудаванага ў XV стагоддзі да н.э. архітэктарам Сенмутам для жанчыны-фараона Хатшэпсут тэрасавага памінальнага храма і скальнай грабніцы ў Дэйр-эль-Бахры на захадзе Фіваў.

Поспех, які спадарожнічаў Картэру ў адкрыцці храма Хатшэпсут (Дэйр-эль-Бахры), прадвызначыў яго прызначэнне ў 1899 годзе генеральным інспектарам Егіпецкага аддзела старажытнасцей, адкуль ён звольніўся ў 1905 годзе пасля канфлікту паміж аховай егіпецкіх помнікаў і групай п’яных французскіх турыстаў. У 19021914 гадах Картэр інспектаваў працы амерыканскага археолага Тэадора Дэвіса, які атрымаў дазвол егіпецкага ўрада праводзіць раскопкі ў Даліне Цароў. Дэвіс і Картэр выявілі цэлы шэраг пахавальняў знакамітых фараонаў Новага царства, у прыватнасці, грабніцы царыцы Хатшэпсут, Тутмоса IV, Харэмхеба, Рамсеса Саптаха, а таксама саркафаг з рэшткамі, якія атаясамляюцца з муміяй «фараона-ератыка» Эхнатона.

Супрацоўніцтва з лордам Карнарванам

У 1906 годзе Говард Картэр пазнаёміўся з археолагам-аматарам і калекцыянерам старажытнасцей лордам Карнарванам, які вылучыў сродкі на далейшыя археалагічныя пошукі прафесійнага калегі. З 1914 года Картэр і Карнарван прыступілі да сумесных раскопак у Даліне Цароў. У выніку іх супрацоўніцтва пры раскопках фіванскага некропаля былі адкрыты грабніца Аменхатэпа I і пахаванні некалькіх царыц XVIII дынастыі. Далейшыя раскопкі былі спынены з-за пачатку Першай сусветнай вайны, але, як толькі дазволіла сітуацыя, Картэр пераканаў Карнарвана працягнуць даследаванні ў Даліне Цароў.

Адкрыццё грабніцы Тутанхамона

Тандэм Картэра і Карнарвана неўзабаве стаў сусветна знакамітым: азартны Карнарван знайшоў храбрага, практычнага і самаадданага энтузіяста, які ідэальна падыходзіў для рэалізацыі ідэі, якой быў апантаны лорд — знаходкі грабніцы невядомага датуль эфемернага фараона канца XVIII дынастыі — Тутанхамона. Навуковая супольнасць скептычна паставілася да пошукаў Картэра і Карнарвана, а неўзабаве і сам лорд страціў цікавасць да няўдалых раскопак. Аднак 4 лістапада 1922 года Картэр знайшоў засыпаны ўваход у грабніцу KV62, прычым пячатка на дзвярах апынуліся некранутай, што ўсяляла надзею на магчымасць найбуйнейшага археалагічнага адкрыцця стагоддзя. Будаўнікі пахавальні фараона XX дынастыі Рамсеса VI, мабыць, засыпалі шлях у грабніцу Тутанхамона, што тлумачыла яе адносную захаванасць.

Дом каля фіванскага некропаля, у якім працаваў Картэр

26 лістапада 1922 года Картэр і Карнарван сталі першымі за тры тысячагоддзі людзьмі, якія спусціліся ў грабніцу (рабаўнікі, якія маглі пабываць у грабніцы, відавочна, спускаліся ў яе яшчэ ў часы XX дынастыі). Пасля працяглых раскопак 16 лютага 1923 года Картэр, нарэшце, спусціўся ў пахавальную камеру грабніцы («Залаты палац»), дзе знаходзіўся саркафаг фараона. Сярод пахаванага з ім начыння і іншых прадметаў было выяўлена мноства ўзораў мастацтва, якія насілі адбітак уплыву Амарнскага перыяду. Грабніца юнака-цара, якая заставалася запячатанай больш за тры тысячы гадоў, апынулася практычна не кранутай раскрадальнікамі грабніц і змяшчала звыш тры з паловай тысячы прадметаў мастацтва, большая частка якіх знаходзіцца цяпер у Каірскім музеі. Самым вядомым экспанатам музея лічыцца знойдзеная ў той жа грабніцы пасмяротная маска Тутанхамона, выкананая з 11,26 кг чыстага золата і мноства каштоўных камянёў.

Адкрыццё грабніцы малавядомага пераемніка знакамітага Эхнатона асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі як самае значнае адкрыццё ў гісторыі егіпталогіі і, магчыма, археалогіі наогул. Уладальнік выяўленых скарбаў, тады яшчэ практычна невядомы юны кіраўнік Егіпта, адразу ж ператварыўся ў аб’ект павышанай увагі, а фенаменальнае адкрыццё не толькі зрабіла яго імя агульнавядомым, але і выклікала чарговы ўсплёск абноўленай цікавасці да ўсіх слядоў егіпецкай цывілізацыі ў сучасным свеце.

«Праклён фараонаў»

Лорд Джордж Карнарван, які фінансаваў раскопкі, памёр 5 красавіка 1923 года ў каірскай гасцініцы «Кантыненталь» ад запалення лёгкіх, аднак практычна адразу ўзніклі містыфікацыі вакол яго смерці (гаварылася нават пра «заражэнне крыві з-за ранення брытвай» або «таямнічы ўкус маскіта»). У наступныя гады прэса падагравала чуткі пра «праклён фараонаў», які нібы прывёў да гібелі першаадкрывальнікаў грабніцы, налічваючы да 22 «ахвяр праклёну», 13 з якіх непасрэдна прысутнічалі пры распячатванні грабніцы.

Аднак факты сведчаць пра тое, што доказы «праклёну» былі падагнаны для дасягнення газетнай сенсацыі: абсалютная большасць удзельнікаў экспедыцыі Картэра дасягнулі старэчага ўзросту, а сярэдняя працягласць іх жыцця складае 74,4 года. Говард Картэр, які непасрэдна кіраваў усімі працамі ў грабніцы, здавалася б, павінен быў пасці першай ахвярай «праклёну фараона», аднак ён сканаў апошнім — у 1939 годзе ва ўзросце 64 гадоў, у сваёй пасцелі.

Вынікі дзейнасці

Раскопкі Картэра ў Даліне Цароў выклікалі паўсюдны рост цікавасці да археалогіі ў цэлым і Старажытнага Егіпта ў прыватнасці.

Зноскі

  1. 1 2 Howard Carter // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Howard Carter // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 http://www.artnet.com/artists/howard-carter-2
  4. 1 2 Howard Carter // NUKAT — 2002.
  5. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  6. Union List of Artist Names — 2010. Праверана 25 кастрычніка 2018.
  7. Oxford Dictionary of National Biography / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  8. Find a Grave — 1995.
  9. LIBRIS — 2012. Праверана 24 жніўня 2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі 2 сакавіка
Катэгорыя·Егіптолагі
Катэгорыя·Егіптолагі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Памерлі ў Лондане
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без альма-матар
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1874 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялікім Лондане
Катэгорыя·Памерлі ад лімфомы
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1873 годзе
Катэгорыя·Археолагі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Памерлі ў 1939 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лондане
Катэгорыя·Пахаваныя на могілках Патні-Вейл
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных