Шпажнік (гладыёлус) чарапіцавы, гладыёлус чарапіцападобны[3] (Gladiolus imbricatus) — шматгадовая травяністая клубнецыбульная расліна, від роду шпажнік (Gladiolus) семейства Касачовыя.
Шматгадовая клубнецыбульная травяністая расліна вышынёй 40—80 см з тонкімі прамымі сцёбламі[3]. Сцябло прамое, простае, даволі тонкае, пакрыта лісцем, 50-70 см у вышыню[3].
Клубнецыбуліна шарападобная, дыяметрам 1—1,5 см. Лісце плоскае, ланцэтна-лінейнае, з некалькімі прадольнымі жылкамі, на верхавіне завостранае, у ліку 2-3[3]. Ніжняе лісце лускападобнае, сцябловае — мечападобнае.
Суквецце — аднабаковы густы колас, складзены з 3—7 (10)[3] буйных ружавата- або пурпурова-фіялетавых кветак даўжынёй 2,5—3,5 см. Калякветнік няправільны, амаль дзвюхгубы. Кветкі добра прыстасаваныя для перакрыжаванага апылення. У маладых кветках слупок і песцікі размешчаны над пылавікамі і прыціснутыя да верхніх пялёсткаў, а ў больш сталых — слупок нахілены ўніз, а лычыкі перакрываюць шлях да нектару. Насякомыя, пераважна пчолы, у адных кветках пэцкаюцца пылком, пераносяць яго на песцікі больш сталых кветак, апыляючы іх.
Плод — кароткая зваротнаяйкападобная, зверху ўціснутая сухая каробачка з крылом і авальным насеннем[3].
Цвіце ў чэрвені[3].
Пашырэнне: Сярэдняя Еўропа і Міжземнамор’е. У Беларусі знаходзіцца паблізу ўсходняй мяжы арэала, трапляецца зрэдку па ўсёй тэрыторыі, але на поўначы краіны часцей[3].
Месцы росту: нізінныя і пойменныя лугі, лугавіны, зараснікі хмызняку, лясныя паляны ў ельніках, дубравах і альшаніках; расце асобнымі экзэмплярамі і невялікімі, часам буйнымі групамі.
Шпажнік чарапіцавы ўтрымлівае ірыдзін — гліказід ізафлавон іргеніну, алей, крухмал, цукар, эфірны алей.
Цвіце ў чэрвені—ліпені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Кветка |
Дэкаратыўная, лекавая і харчовая расліна.
У лекавых мэтах нарыхтоўваюць і надземныя, і падземныя часткі расліны: лісце перад цвіценнем, клубні — увосень.
Прэпараты шпажніку ўжываюцца як адхарквальны сродак пры бранхітах, болях у кішачніку, спазме, як сімптаматычны (у складзе збору М. М. Здрэнкі) пры лячэнні папіламатозу(англ.) бел. мачавога пузыра і анацыдных гастрытаў. Здробненае і працёртае карэнішча ўваходзіць у склад прысыпак, пудраў. Настой карэнішча выкарыстоўваецца як вонкавы сродак пры раздражненні скуры.
У народнай медыцыне водны адвар п’юць пры катары страўніка, перапуду. Здробненыя цыбуліны прыкладваюць да ран і язваў для іх гаення і ўжываюць для прыпарак пры зубным болі. Спіртавой настойкай расціраюцца пры рэўматызме[3].
Шпажнік чарапіцавы аддае перавагу багатым перагноем глебам, добра асветленым вільготным участкам, аднак застою вады не пераносіць. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем.
Від уключаны ў Чырвоныя кнігі Малдавіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, многіх абласцей і рэспублік Расіі. Ахоўваецца таксама ў Літве, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.