wd wp Пошук:

Герцагства Букавіна

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Букавіна (значэнні).

Герцагства Букавіна (ням.: Herzogtum Bukowina, рум.: Ducatul Bucovinei, укр.: Герцогство Буковина) — каронная зямля на ўсходзе Аўстра-Венгерскай імперыі, якая існавала ў 1849—1918 гадах на землях Букавіны. Герцагства ўзнікла ў 1849 годзе ў выніку рэвалюціі 1848 года і далейшай федэралізацыі Аўстрыйскай імперыі. Спыніла існаванне ў 1918 годзе ў выніку развалу Аўстра-Венгрыі.

Перадгісторыя

Землі будучай Букавіны ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, а потым розных княстваў. З XIV[1] па XVIII ст. Букавіна знаходзілася ў складзе Малдаўскага княства. Падчас руска-турэцкай вайны 1768—1774 гадоў рэгіён занялі расійскія войскі і ў 1775 годзе Асманская імперыя падпісала дагавор, згодна якой Букавіна адыходзіла да Аўстрыйскай імперыі. Аўстрыякі ў 1786 годзе ўключылі рэгіён у якасці Чэрнавіцкай акругі ў склад каралеўства Галіцыі і Ладамерыі. У 1849 годзе пасля рэвалюцыі, што ахапіла імперыю рэгіён быў адасоблены ў «герцагства Букавіна». Яго адміністрацыйным цэнтрам сталі Чарнаўцы.

Гісторыя

У 1861 годзе Букавіна разам іншымі кароннымі землямі атрымала свой сэйм. У 1840—1870 гады значную ролю працягвала мець пытанне пра тое, ці будзе Букавіна асобнай мітраполіяй, мець агульную мітраполію з далмацкімі сербамі ці яе перададуць румынскай царкве.

Герцагства Букавіна ў гады першай сусветнай вайны (з датамі баёў)

У 1914—1915 годзе герцагства некалькі разоў захоплівалі расійскія войскі. Яны ўсталёўвалі тут свае парадкі і з 19 жніўня да 7 кастрычніка 1914 і з 15 лістапада 1914 да 1 лютага 1915 года тут існавала Чарнавіцкая губерня Галіцкага генерал-губернатарства[2]. У 1915 годзе пасля Вялікага адыходу 1915 года расійскіх войскаў Букавіна вярнулася пад кантроль Аўстра-Венгрыі.

У жніўні 1916 года пасля Брусілаўскага прарыву Букавіна ізноў была занятая рускімі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў лютым 1917 года ў Букавіне ствараюцца Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года тут адбываюцца спробы прызнаць у некаторых паветах савецкую ўладу. У лютым 1918 года на тэрыторыю Букавіны ўваходзяць нямецкія і аўстра-венгерскія часткі [3].

9 лютага 1918 года Цэнтральная Рада Украінскай Народнай Рэспублікі падпісала мірны дагавор ў Брэсце з Цэнтральнымі дзяржавамі прызнаўшы даваенную граніцу з Аўстра-Венгрыяй[4]. Украіна і Астра-Венгрыя таксама падпісалі таемны дагавор, згодна з якой Усходняя Галіцыя і Букавіна аб’ядноўваліся ў адзіны каронны край[5]. 7 мая 1918 года згодна Бухарэцскага мірнага дагавора Румынія перадавала Аўстра-Венгрыі частку зямель, у тым ліку і на мяжы з Букавінай.

У выніку распаду Аўстра-Венгрыі з’явілася Заходне-Украінская Народная Рэспубліка, якая 3 лістапада абвясціла, што ў яе склад уваходзяць землі Галіцыі, Закарпацця і Букавіны. Але гэта не было рэалізавана[6]. 10 лістапада 1918 года Румынія ізноў абвясціла вайну Цэнтральным дзяржавам і заняла паўночную і паўднёвую Букавіну, якую далучыла да сябе[7].

Зноскі

  1. История УССР в 10 томах Т 2 стр. 66
  2. А. Ю. Бахтурина. Политика Российской империи в Восточной Галиции в годы Первой мировой войны. стр. 77-78
  3. История УССР в 10 томах Т 6 стр. 570—571
  4. The Peace Treaty of Brest-Litovsk February 9, 1918
  5. С. А. Скляров Польско-украинский территориальный спор и великие державы в 1918—1919 гг.
  6. С. А. Скляров Польско-украинский территориальный спор и великие державы в 1918—1919 гг.
  7. История УССР в 10 томах Т 6 стр. 572

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Гісторыя Аўстра-Венгрыі
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Букавіна
Катэгорыя·Зніклі ў 1918 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Украіны
Катэгорыя·З’явіліся ў 1849 годзе
Катэгорыя·Гісторыя Румыніі