wd wp Пошук:

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (да 1992 г. — Цэнтральны гістарычны архіў БССР) — дзяржаўнае сховішча дакументаў Беларусі XIV—XX стагоддзяў, заснаванае ў 1938 годзе на аснове Магілёўскага гістарычнага архіва і перавезенае ў 1963 г. у Мінск.

Гісторыя

Ад заснавання ў архіве змясцілі дакументы агульнабеларускага значэння з былых архіваў судоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і беларускіх земляў Расійскай імперыі, як і з былых архіваў магістратаў і ратуш беларускіх гарадоў, прыватных асоб, Віленскага архіва старадаўніх актаў і Віцебскага архіва старажытных актаў.

Датай заснавання архіва лічыцца 5 ліпеня 1938 г., але яго гісторыя пачалася ў 1919 г. як гісторыя архівасховішча Магілёўскага архіўнага бюро. У 1924 г. архівасховішча было рэарганізавана ў Акруговы архіў. У 1927 г. быў створаны Магілёўскі гістарычны архіў[2], пераўтвораны ў 1930 г. у аддзяленне Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення БССР, пры якім заснаваны гістарычны архіў[3].

5 ліпеня 1938 г. адпаведна пастанове Прэзідыума ЦВК БССР Магілёўскі гістарычны архіў рэарганізаваны ў Цэнтральны гістарычны архіў[4], з 1943 г. — у Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў БССР[5]. З верасня 1938 г. архіў быў пераданы ў распараджэнне НКУС БССР, што прывяло да негатыўных наступстваў — неабгрунтаванага абмежавання доступу да дакументаў[6].

На пачатак 1941 г. архіў змяшчаў 1560 фондаў агулам звыш 382 тыс. спраў. Падчас другой сусветнай вайны большасць дакументаў разрабавалі і вывезлі ў Германію і Рыгу (Латвія). Вярнуць удалося 38 054 справы (10%) з 700 фондаў. У 1947 г. архіву перадалі дарэвалюцыйныя дакументы з дзяржаўных архіваў Віцебскай і Гомельскай абласцей. З пераводам у Мінск (вул. Казлова, д. 26), паводле Пастановы Савета міністраў БССР ад 11 лістапада 1963 г., да архіва дадалі дарэвалюцыйныя дакументы з Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і старадаўнія акты з Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Гродна. У 19921995 гадах знаходзіўся ў складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2000 г. атрымаў сучасную назву і адрас.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў архіва выйшаў 13 жніўня на акцыю пратэсту на праспект Машэрава[7].

Склад

Архіў змяшчае пергаментныя прывілеі XIV-XVII стагоддзяў вялікіх князёў літоўскіх на землі і маёнткі, а гарадам — на магдэбургскае права, як і актавыя кнігі судоў XV-XVIII стагоддзяў. Разам налічвае каля 6 тыс. актавых кніг на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах з каралеўскімі прывілеямі, граматамі, фундушовымі запісамі, тэстаментамі (завяшчаннямі), інтрамісіямі, дэкрэтамі і інвентарамі. Таксама змяшчае метрычныя кнігі цэркваў, касцёлаў і сінагог за XIX—XX стагоддзі[8].

Зноскі

  1. Приказом директора Департамента по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь от 6 мая 2022 г. № 33-к с 10 мая 2022 г. на должность директора государственного учреждения «Национальный исторический архив Беларуси» назначен ВОИНОВ Олег Леонидович
  2. Архивное дело в БССР (1918 — 1968): Сб. законодательных и руководящих документов / Главное архивное управление при Совете Министров БССР; сост. Е. Ф. Шорохов; под ред. А. И. Азарова. — Мн.: Полымя, 1972. — 141, [1] с. — С. 43.
  3. Архивное дело в БССР (1918 — 1968)… — С. 58.
  4. Архивное дело в БССР (1918 — 1968)… — С. 85.
  5. Архивное дело в БССР (1918 — 1968)… — С. 91.
  6. Архивное дело в БССР (1918 — 1968)… — С. 87.
  7. Акцыя пратэсту супрацоўнікаў архіва.
  8. Да 75-годдзя заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (нявызн.) (недаступная спасылка). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (4 ліпеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2017. Праверана 12 студзеня 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Мінска
Катэгорыя·З’явіліся ў 1938 годзе
Катэгорыя·1963 год у Мінску
Катэгорыя·Вуліца Крапоткіна (Мінск)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Архівы Беларусі