У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бары.
Генрых Антон дэ Бары́ (ням.: Heinrich Anton de Bary[6], 26 студзеня 1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 19 студзеня 1888, г. Страсбург, Эльзас-Латарынгія, Германская імперыя) — нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі.
Антон дэ Бары нарадзіўся ў сям’і лекара, але ўжо ў школе зацікавіўся батанікай. Аднак у 1849-1853 гадах вывучаў медыцыну ў Гайдэльбергу, Марбургу і Берліне. Медыцынскай практыкай ён займаўся толькі адзін год і ў 1855 годзе стварыў батанічную лабараторыю, першую ў Германіі.
У 1867 годзе ў Гале заснаваў існуючы да гэтага часу Інстытут батанікі, аднак з-за панавалай там бюракратыі пераехаў у Страсбург, куды яго запрасілі на пасаду дэкана прыродазнаўчага факультэта.
Аўтар навуковых прац па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцей, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін.
Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853). Адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў, даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863), правёў шматлікія даследаванні водарасцей-кан’югатаў.
Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў.
У 1863 годзе адначасова з Луі Пастэрам даследаваў пытанне аб самазараджэнні жыцця.
Прафесар універсітэтаў у Фрайбургу (1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872).
Член Лонданскага каралеўскага таварыства (1884).