Вы́нішчы[1] (трансліт.: Vynіščy, руск.: Вынищи), да 2006 года Вы́нісцы[2] (трансліт.: Vyniscy, руск.: Вынисцы) — вёска ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Покрашаўскага сельсавета.
У часы, калі слуцкія землі былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, група палякаў за нейкую правіннасць была выселена з Польшчы і паселена асобна ў Слуцкім княстве. Пра іх можна сказаць, што яны былі вынішчаны, бо назаўжды выселены з родных мясцін. Адсюль і атрымала сваю першапачатковую назву Вынішчы.[3]
З 1745 года ўзгадваецца капліца.[4]
Да 1924 года ўваходзіла ў склад Грэскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні.
У 1926 годзе згадваецца школа. Навучанне праходзіла на беларускай або на польскай мове.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны вёска ўцалела, як сведчаць мясцовыя жыхары, дзякуючы веры. 19 лютага 1943 года ў вёсцы было пастаўлена пяць крыжоў. Ужо 23 лютага было спалена 9 вёсак, а Вынісцы ацалелі. З таго часу кожны год 19 лютага жыхары сталі хадзіць вакол вёскі, падыходзілі да кожнага крыжа і прасілі, каб Бог засцярог ад вайны. Да крыжоў у Вынісцах і суседніх вёсках засталося асаблівае стаўленне: кожны вернік час ад часу прывязвае да крыжа светлую хустку з вышытым на ёй крыжам.[5]
У 1993 годзе пабудаваны новы касцёл.
У 2006 годзе вёска Вынісцы была перайменавана ў Вынішчы.[6]
Год | Чалавек |
---|---|
1897 | 508 |
1924 | 690 |
1998 | 276 |
У 1857 годзе ў вёсцы пражываў 181 чалавек каталіцкага веравызнання.[7]
Паводле перапісу насельніцтва 1897 года, у вёсцы пражывала 107 чалавек праваслаўнага веравызнання, 387 чалавек каталіцкага веравызнання.[8]