Блізна́я[1] (трансліт.: Bliznaja, руск.: Близная) — вёска ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Ружанскага сельсавета.
Па адной версіі, назва паходзіць ад ракі Блізёнкі каля вёскі, па другой — ад двух ручаёў па баках вёскі, такім чынам яна размешчана блізка да іх.
Сяло Блізная «…з людзьмі даннымі і цяглымі, і з землямі тых людзей ворнымі і бортнымі, і з лугамі…» было нададзена Богушу Багавіцінавічу, прывілеем ад 1516 года кароль Жыгімонт Стары пацвердзіў свайму маршалку і пісару ўласнасць «на вечнасць».
Паводле інвентара 1604 года, у Блізнай быў фальварак, які складаўся з «двара» і гумнішча. На «двары» стаяў дом аканома, будавалася вялікая грыдня для чэлядзі, таксама былі грыдня пастуха, піўніца з дрэва, два свірны для захоўвання збожжа, стайня і абора. Дом аканома — ускладнены варыянт трохкамернага жытла, справа ад пярэдняга пакою вялікая святліца з 5 вокнамі, кафлянай печчу і камінам, злева — малая святліца з 2 вокнамі «палатнянымі блонамі» і жылая камора. Дом крыты драніцамі (гонтай), астатнія пабудовы — саломай. На гумнішчы, агароджаным дылямі, была стадола для абмалоту снапоў і адрына для захоўвання сена і саломы, абедзве пакрытыя саломай. Пры фальварку было 5 ставоў з мукамольнымі млынамі, адзін млын з двума працоўнымі коламі, астатнія — з адным.[2]
У 1687 годзе Блізная — адзін з фальваркаў маёнтка Ружаны, уласнасць Сапегаў.
У 1890 годзе маёнтак Блізна з фальваркам Белае Поле, агулам 3602 дзесяціны зямлі, уласнасць Леана Мілашэўскага. Мілашэўскімі ў Блізнай створаны сядзібна-паркавы комплекс, які да цяперашняга часу захаваўся часткова.
Да 21 студзеня 1961 года вёска ўваходзіла ў склад Славаціцкага сельсавета[3], да 12 ліпеня 1963 года — у склад Ружанскага сельсавета[4], да 16 красавіка 1973 года — у склад Вольскага сельсавета, пасля — у складзе Ружанскага сельсавета.
Ружанская — ранейшая вуліца, цяпер участак дарогі за межамі вёскі, у кірунку Ружан. Афіцыйна, станам на 2022 год, вуліцы няма, дамы абапал дарогі знесены і пахаваны ў 2020—2022 гадах. У Ружанах дарога працягвалася як вуліца Блізная і вяла да Рынкавай плошчы.