Слава́ціцкі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Славацічы.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Ружанскага раёна Брэсцкай вобласці БССР. З 8 студзеня 1954 года ў Гродзенскай вобласці, з 19 чэрвеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. 21 студзеня 1961 года ў склад Ружанскага сельсавета перададзена вёска Блізная[1]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. 26 снежня 1962 года ў склад сельсавета ўключаны 5 населеных пунктаў (вёскі Авечыцы, Манцякі, Мелехавічы, Пічукі і Церахавічы) Кулянскага сельсавета скасаванага Ружанскага раёна[2]. З 30 ліпеня 1966 года ў складзе Зэльвенскага раёна. 11 лютага 1972 года ў склад Каралінскага сельсавета перададзены вёскі Пянюга, Пятрэвічы і Цыганоўка[3]. 18 красавіка 2017 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Дабраселецкага сельсавета[4].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 772 чалавекі[5], з іх 95,9 % — беларусы, 3,4 % — палякі[6].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 11 населеных пунктаў: аграгарадок Славацічы, вёскі Авечыцы, Запруддзе, Зенькаўцы, Манцякі, Мелехавічы, Паўлавічы, Пічукі, Хамічы, Церахавічы, Яруцічы.