Беларуская служба Радыё «Свабода» — беларускамоўнае падраздзяленне Радыё «Свабода», якое вяшчае з-за межаў Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода — Свабодная Еўропа і фінансуецца з ЗША. Кіраўнік — Аляксандр Лукашук.
Радыё «Свабода» заснавана ў Мюнхене ў 1952 ва ўмовах «халоднай вайны» для вядзення прапаганды супраць СССР. У 1953 пачало вяшчанне пад назвай Радыё «Вызваленне».. У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 мая 1954 года. У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі[1].
З 19 сакавіка 1956 года праграмы былі прадоўжаныя да 20 хвілін і перасылаюцца цяпер 18 разоў на суткі. Кажная беларуская радыёвая перадача пачыналася словамі: «Тут Радыё „Вызваленне“. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў». Беларуская Рэдакцыя Радыё «Вызваленне» гаварыла аб яго мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР[2].
Асноўнымі кірункамі радыёперадач «Свабоды» былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР і Беларусі, у тым ліку парушэнні правоў чалавека, палітычныя рэпрэсіі ў СССР. Паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.
Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 штаб-кватэра «Свабоды» перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі. Пашырыўся і абнавіўся штат рэдакцыі.
Беларуская служба Радыё «Свабода» цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз сеціва, сайт Радыё «Свабода» карыстаецца тарашкевіцай[3]. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і інш. праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі. Журналісты «Свабоды» арыентаваныя на заходнія ліберальна-дэмакратычныя каштоўнасці.
З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі[4], а з 2004 — і кампакт‑дыскі[5].
У 2006 годзе Беларуская служба Радыё «Свабода» атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навінаў сярод 20 рэдакцыяў Радыё «Свабодная Еўропа», а ў 2007 — за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё «Свабодная Еўропа»[6].
30 красавіка 2019 года Радыё «Свабода» пасля амаль 65 гадоў штодзённага эфіру пакінула радыёхвалі. З хваляў радыёэфіру служба пераключылася на іншыя каналы перадачы аўдыёсігналаў. Надалей яе можна слухаць у сусветным сеціве — і ў патокавым вяшчанні, і на падкаставых платформах — а таксама праз сатэліт[7].
Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё «Свабода» Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Наталля Арсеннева[8], Галіна Айзенштат, Валянцін Жданко, Юры Дракахруст, Аляксандр Лукашук, Сяргей Навумчык, Данчык, Валянціна Аксак і інш.
Са жніўня 2020 года па загаду Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь доступ на сайт Радыё «Свабода» ў краіне абмежаваны за асвятленне рэсурсам пратэстаў у Беларусі[9][10].
На пачатку снежня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала «Радыё Свабода-Беларусь» і аналагі ў сацсетках і YouTube[11]. 23 снежня Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прызнала Беларускую службу Радыё «Свабода» экстрэмісцкім фарміраваннем[12]. Стварэнне такога фарміравання або ўдзел у ім з’яўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам[13].