wd wp Пошук:

Бахчысарай

Бахчысара́й (руск.: Бахчисарай, укр.: Бахчисарай, крымскатат.: Багъчасарай, Bağçasaray) — горад у Крыме[1], цэнтр Бахчысарайскага раёна Крыма і гарадскога паселішча Бахчысарай. У мінулым — сталіца Крымскага ханства и Крымскай Народнай Рэспублікі. Назва перакладаецца з крымскататарскай мовы як «сад-палац» (багъчa — сад, сарай — палац).

Геаграфія

Размешчаны ў перадгор’ях, на схіле Унутранай грады Крымскіх гор, у лесастэпавай мясцовасці, у даліне прытоку Качы — ракі Чурук-Су, за 30 км на паўднёвы захад ад крымскай сталіцы Сімферопаля. З-за сваёй архітэктуры і багатага гістарычнага мінулага Бахчысарай атрымаў назву «горад пяці стагоддзяў»[2].

Клімат

Клімат перадгорны, напоўзасушлівы, цёплы, з мяккай зімой. Сярэдняя тэмпература паветра ў студзені +0,8 °C, у ліпені +21,7 °C. Ападкаў — 500 мм у год.

Гісторыя

На тэрыторыі цяперашняга Бахчысарая здаўна існавала некалькі паселішчаў. Да моманту стварэння горада ў першай палове XVI стагоддзя сярод іх было тры асноўных: горад-крэпасць Кырк-Ер на горным мысу (цяпер вядомы як Чуфут-Кале), паселішча Салачык у цясніну ля падножжа Кырк-Ера і паселішча Эскі-Юрт пры выхадзе з даліны. У Салачыку і Кырк-Ерэ з часоў Залатой Арды існавалі адміністрацыйныя цэнтры. На мяжы XV і XVI стагоддзяў хан Менглі I Герай разгарнуў у Салачыку гарадское будаўніцтва, плануючы ператварыць яго ў буйны сталічны цэнтр. Статус сталіцы Крымскага ханства паселішча Салачык захоўваў да 1532 года, калі сын Менглі Герая, Сахіб I Герай, заснаваў новую ханскую рэзідэнцыю ў двух кіламетрах ад Салачыка, назваўшы яе Бахчысараем. Пасля вакол новай ханскай рэзідэнцыі разросся сталічны горад. У сярэдзіне XVII стагоддзя Бахчысарай складаўся з 2000 дамоў, прыкладна траціна з якіх належала грэкам. У 1736 годзе горад быў цалкам спалены расійскай арміяй пад камандаваннем Хрыстафора Мініха. Тыя пабудовы ханскага палаца, якія захаваліся да сённяшняга дня, былі збудаваныя ў ходзе аднаўлення горада ў 1740-я — 1750-я гады. У 1794 годзе (праз 11 гадоў пасля ўваходжання Крыма ў склад Расійскай імперыі) у Бахчысараі было 5 млыноў, 20 пякарань, 13 гарбарных майстэрняў, 6 кузняў, кравецкія, чаравічныя і зброевыя майстэрні, 2 вінных рады (грузінскі і малдаўскі) у тым месцы, дзе пазней быў пабудаваны летні кінатэатр «Радзіма», шматлікія гандлёвыя дамы і крамы, 17 караван-хлявоў для прыезджых. У гады Крымскай вайны Бахчысарай апынуўся ў цэнтры ваенных падзей — непадалёк ад горада на рацэ Альме адбылася першая бітва, у якім рускія войскі пад камандаваннем А. С. Меншыкава пацярпелі паразу. Падчас абароны Севастопаля, горад прымаў абозы з харчам, рыштункам і параненымі — Ханскі палац і Успенскі манастыр ператварыліся ў шпіталі[3]. На працягу XIX стагоддзя — пачатку XX стагоддзя горад быў цэнтрам культурнага і грамадскага жыцця крымскіх татараў. Аж да дэпартацыі крымскіх татараў 18 мая 1944 года Бахчысарай быў адным з трох (разам з Карасубазарам і Алуштай) гарадоў Крыма, у якіх пераважала крымскататарскае насельніцтва.

Насельніцтва

Станам на 1 студзеня 2014 года ў Бахчысараі пражывала 26 651 чалавек. Нацыянальны склад: 49 % — рускія, 25 % — крымскія татары, 23 % — украінцы, 3 % — іншыя.

Неафіцыйнае дзяленне на раёны

Сучасны Бахчысарай складаецца з некалькіх частак: Старога горада, Новага горада, Кізяковых Дачаў, новых кварталаў (5-ы, 6-ы і 7-ы мікрараёны). Стары горад размешчаны ў вузкай даліне ракі Чурук-Су, для яго характэрная традыцыйная планіроўка (вузкія крывыя вуліцы) і традыцыйныя крымскататарскія дамы. Новым горадам называюць кварталы, пабудаваныя пасля Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым раёне пераважаюць прыватныя «перасяленчыя» дамы і блокавыя пяціпавярхоўкі-«хрушчоўкі». Кізякі або Кізяковы Дачы (былы пасёлак Падгароднае, да 1945 года Эскі-Юрт). У гэтым раёне, выцягнутым уздоўж чыгункі і аўтамабільнага шашы Сімферопаль-Севастопаль пераважаюць прыватныя «перасяленчыя» дамы. Чацвёртая частка горада пабудавана ў 1990-я гады крымскімі татарамі, якія вярнуліся з месцаў дэпартацыі. Вялікі 6-ы мікрараён (ён жа Хан-Чаір) размешчаны на плато на левым беразе Чурук-Су паралельна Стараму гораду. 7-ы мікрараён менш, ён размешчаны на ўездзе ў горад з боку Сімферопаля. У гэтых раёнах планіроўка вуліц рэгулярная (усе вуліцы прамыя і перасякаюцца ў асноўным пад прамымі кутамі), а забудова складаецца з прыватных дамоў з невялікімі прысядзібнымі ўчасткамі. У пасляваенны перыяд у гарадскую рысу Бахчысарая ўвайшлі вёскі Эскі-Юрт, Ак-Чокрак, Азіз (частка Новага горада) і Салачык (найбольш аддаленая ад цэнтра уверх па плыні ракі частка Старога горада).

Эканоміка

У Бахчысараі працуюць камбінат «Стройиндустрыя» і вінаробны і хлебны заводы, эфіралівавы і саўгас «Дориндустрия». Да распаду СССР працавалі сокаэкстрактны, кансервавы, малочны заводы, а таксама шэрсцепрадзільная фабрыка. Вялікую ролю ў эканоміцы горада адыгрывае турызм. Асноўныя турыстычныя аб’екты ў горадзе — Ханскі Палац і Чуфут-Кале. Аднак, Бахчысарай таксама папулярны сярод прыхільнікаў актыўных відаў адпачынку (пешыя маршруты, велатурызм, скалалажанне). У апошнія гады вырасла колькасць прыватных гасцініц і рэстаранаў, у асноўным з крымска-татарскай ці усходняй кухняй, размешчаных у зоне Ханскага Палаца і Чуфут-Кале.

Транспарт

Бахчысарай размешчаны на трасе Сімферопаль (25 км) — Севастопаль (каля 30 км). У Бахчысараі таксама пачынаецца жывапісная дарога на Паўднёвы бераг Крыма праз Ай-Петры. У Бахчысарай можна дабрацца з Сімферопаля — прыгараднымі электрычкамі (каля 1 гадзіны), аўтобусамі (каля 30 мін., адыходзяць ад Заходняй аўтастанцыі Сімферопаля) або асабістым аўтатранспартам (15-20 мін). З Севастопаля — прыгараднымі электрычкамі (каля 1,5 гадзін), рэйсавымі аўтобусамі, прыватным аўтатранспартам. Па дарозе з Бахчысараю ў Ялту (праз Ай-Петры) можна праехаць толькі прыватным аўтатранспартам, рэйсавай сувязі на гэтай дарозе няма.

Бахчысарайскі аўтобус і машрутнае таксі

Міжгароднія аўтобусы і маршрутныя таксі спыняюцца на аўтастанцыі, размешчанай на ўездзе ў горад з боку Сімферопаля прыкладна ў 2 км ад цэнтра. З горада ходзяць рэгулярныя маршрутныя таксі і аўтобусы на марское ўзбярэжжа (вёскі Вуглавое, Пясчанае, Віліна, Берагавое, Любімаўка) і ў іншыя населеныя пункты Бахчысарайскага раёна. Гарадскі транспарт прадстаўлены маршрутнымі таксі:

№ 1 вул. Крымская — чыгуначны вакзал — аўтастанцыя — Ханскі палац — Стараселле (Свята-Успенскі манастыр, Чуфут-Кале)

№ 2 Бальніца — чыгуначны вакзал — аўтастанцыя — Ханскі палац — Стараселле (Свята-Успенскі манастыр, Чуфут-Кале)

№ 3 вул. Крымская — чыгуначны вакзал — дачы «Будаўнік»

№ 4 6-ы мікрараён — вул. Крымская — чыгуначны вакзал — аўтастанцыя — 7-ы мікрараён. Найбольш частыя маршруты № 1 і 2:

СМІ

Славутасці

Галоўным гістарычным помнікам і турыстычным аб’ектам Бахчысарая з’яўляецца палац крымскіх ханаў — Хансарай. Фантан слёз у ханскім палацы праслаўлены ў рамантычнай паэме Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна «Бахчысарайскі фантан» (1822). У часы фашысцкай акупацыі нямецка-румынскімі войскамі з Ханскага палаца былі раскрадзены 283 прадметы з багатай калекцыі экспанатаў Палаца і Музея цюрка-татарскай культуры. Пасля дэпартацыі крымскіх татар амаль 2000 экспанатаў было раскрадзена або перададзена ў іншыя музеі СССР. Тым не менш, цяперашняя экспазіцыя складаецца на 90 % з прадметаў, сабраных у «даваенны» час. Важным гістарычным помнікам Бахчысарая з’яўляецца медрэсэ Зынджырлы — пасля рэстаўрацыі музей адкрыў турыстам свае гасцінныя дзверы. Унікальным месцам для наведвання з’яўляецца гісторыка-культурны комплекс «Дэўлет-Хлеў», у якім размешчаны Крымскі гістарычны музей-запаведнік (да 2015 г. Крымскі гістарычны музей «Ларишес»). У горадзе шмат мячэцей, сярод іх можна вылучыць Хан-Джам і Тахталы-Джам. Паблізу горада таксама размешчаны Свята-Успенскі мужчынскі манастыр і сярэднявечная крэпасць (яе часта называюць пячорным горадам) Чуфут-Кале. Аднымі з сучасных славутасцяў і аб’ектаў адпачынку з’яўляецца Бахчысарайскі парк мініяцюр, самы буйны такі ў Крыме.

Сацыяльная сфера

У горадзе працуюць будаўнічы тэхнікум, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, пяць сярэдніх агульнаадукацыйных школ (з іх чатыры з рускай мовай навучання і адна — з крымска-татарскай), цэнтральная раённая бібліятэка, дом прыроды, турбаза, бюро падарожжаў і экскурсій, некалькі прыватных гасцініц. Вакол Ханскага Палаца і Чуфут-Кале функцыянуе вялікая колькасць невялікіх прыватных рэстаранаў, у асноўным з крымска-татарскай і ўсходняй кухняй. У горадзе маецца некалькі гасцініц: «Бахитгуль», «Мераб», «Автомобилист», «Ашлама-Сарай», «Бахчисарай», «Диляра-Ханум», «Изабелла», «Привал», матэль «Ильми». Працуе гарадскі інфармацыйны сайт — «Мой Бахчысарай» Архівавана 2 студзеня 2019., на якім можна даведацца пра навіны сучаснага горада, а таксама прачытаць пра яго гісторыю. Яшчэ існуе інфармацыйна-забаўляльны гарадскі партал — БАХЧИСАРАЙ.NET — дзе можна пачытаць цікавыя і самыя актуальныя навіны аб Бахчысараі, размясціць сваю аб’яву, паглядзець фота і відэа сучаснага Бахчысараю, а таксама прыняць удзел у абмеркаванні славутасцяў горада, яго праблем і г. д.

Зноскі

  1. Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым, большая частка якога кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).
  2. Олиферов, Тимченко. Реки і озёра Крыма
  3. Гл. Гісторыя Бахчысарая у XII—XX стст. Архівавана 9 студзеня 2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Удакладненне арфаграфіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-спасылкай, перададзенай у Модуль:URL
Катэгорыя·Гарады Крыма
Катэгорыя·Населеныя пункты Бахчысарайскага раёна
Катэгорыя·Бахчысарай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта