wd wp Пошук:

Барыс Давыдавіч

Барыс Давыдавіч (? — 1186) — князь полацкі (1180 — 1186). Сын Давыда Святаславіча, пляменнік Еўфрасінні Полацкай.

Полацкі князь Барыс Давыдавіч не згадваецца захаванымі рускімі і лівонскімі крыніцамі, толькі В. Тацішчаў, які зрабіў выпіску з быццам Полацкага летапісу, паведамляе пад 1217 годам, што князь Барыс ажаніўся другім шлюбам са Святохнай, дачкой паморскага князя Казіміра, і ў гэтым шлюбе нарадзіўся сын Уладзімір-Войцех. Княгіня Святохна была жанчынай прыгожай і хітрай, прыняла праваслаўе, але трымала пры сябе ксяндза. Святохна ненавідзела сыноў Барыса ад першага шлюбу – Васільку і Вячку, і праз баяраў даводзіла ім думку прасіцца ў бацькі ў Дзвінскія воласці. Барыс адпусціў іх са шкадаваннем, а мачаха, карыстаючыся адсутнасцю маладых князёў, пачала гнаць адданых ім баяраў і ўзводзіць сваіх памаран на вышэйшыя ўрады ў Полацкім княстве. Незадаволеныя палачане патрабавалі выгнання чужынцаў і вяртання старэйшых сыноў Барыса. Тады Святохна ад імя тысяцкага Сімяона, пасадніка Воіна і ключніка Дабрыні, сваіх галоўных праціўнікаў, сфальшавала да пасынкаў ліст з пераконваннем скінуць бацьку са стальца, пакараць мачаху і зводнага брата Уладзіміра. Гэты ліст перадалі князю Барысу, абвінавачаныя баяры кляліся ў невіннасці, але прыхільнікі Святохны забілі іх. Шмат хто паверыў ва ўсё гэта, але Васілька Барысавіч знайшоў спосаб выкрыць паклёп мачахі. У дзень Спаса палачане паўсталі па вечавым зване, узялі Святохну пад варту, забілі або выгнаў усіх памаранаў і, не зрабіўшы зла князю Барысу, адправілі баяраў па яго сына Васільку.[1]

Гэтыя акалічнасці выклікаюць шмат спрэчак. Па-першае, ёсць думка, што падзеі не сапраўдныя, а гістарычны памфлет В. Тацішчава на нямецкае засілле пры расійскім імператарскім двары яго часу. Па-другое, калі падзеі сапраўдныя, у якім годзе яны адбываліся. Магчыма, падзеі з нейкай нагоды толькі былі запісаны ў летапіс пад 1217 годам, а адбываліся раней. Гэта даволі верагодна, бо пасля смерці полацкага князя Уладзіміра ў 1216 годзе полацкім князем стаў напэўна Васілька, а не Барыс Давыдавіч, а пасля Васількі Полацк захапілі смаленскія князі. Напэўна, Барыс мог княжыць да Уладзіміра, тое бок пасля Усяслава Васількавіча. Па-трэцяе, многі радаводы атаясняюць сыноў Барыса — Васільку і Вячку, з вядомымі асобамі герцыкскага князя Усевалада і кукенойскага князя Вячкі, адпаведна, што найбольш спрэчна адносна Васількі і Усевалада.

Зноскі

  1. Татищев, 1964, с. 204-211

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі ў XII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы