wd wp Пошук:

Вячка Кукенойскі

Вячка, Вячаслаў Кукенойскі (ням.: Vetseka, Vesceka, лац.: Vetseke, лат.: Viesceķis; 11751180[1] — 1224, Юр’еў, цяпер Тарту ў Эстоніі) — князь кукейноскі[3].

Паходжанне

Паходжанне Вячкі дыскусійнае, найчасцей яго выводзяць ад Ізяславічаў Полацкіх[1], пры гэтым атаясняюць з Вячкам, сынам полацкага князя Бырыса Давыдавіча ад першага шлюбу, які разам з бацькам і братам Васількам згадваецца В. М. Тацішчавым у г. зв. «Аповесці пра Святохну»[4]. Ёсць і іншыя думкі пра паходжанне, так А. М. Рапаў[5] лічаць, што Вячка паходзіў з роду смаленскіх князёў Расціславічаў. Асноўная біяграфічная крыніца пра Вячку — «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага.

Біяграфія

На пачатку XIII стагоддзя княжыў у горадзе Кукенойс на Заходняй Дзвіне[3]. Генрых Латвійскі ў сваёй хроніцы паведамляе, што Вячка, не маючы сілы змагацца з літоўцамі, у 1207 прыехаў да Рыгі і прапанаваў біскупу Альберту палову свайго княства і горада, калі той возьмецца абараняць яго[3]. Біскуп з радасцю пагадзіўся на прапанову, аднак з далейшага апавядання Генрыха не відаць, каб біскуп адразу скарыстаўся ёю. Тым часам паміж Вячкам і біскупскім васалам, рыцарам Даніілам фон Леневардэнам, быў канфлікт і апошні ўначы знянацку напаў на Кукенойс, захапіў без супраціву, паланіў жыхароў, у т. л. князя Вячку, забраў маёмасць. Біскуп, дазнаўся пра гэта і загадаў Даніілу неадкладна вызваліць Вячку, вярнуць горад і маёмасць; потым паклікаў Вячку да сябе, прыняў з гонарам, багата адарыў коньмі і адзеннем, памірыў з Даніілам, але пры гэтым нагадаў ранейшае абяцанне даць палову княства і адправіў у Кукенойс атрад — рыцараў і арбалетчыкаў, агулам 20 чалавек, для абароны і некалькіх муралёў для ўмацавання горада. Вячка выехаў з Рыгі (6 красавіка 1208) нібыта вясёлы, але праз нейкі час, думаючы, што біскуп з крыжаносцамі ўжо ў моры, ён, па радзе з дружынай, забіў усіх немцаў у горадзе[3]. Калі немцы спусціліся ў ямы, дзе здабывалі камень для пабудовы замка, а мячы і іншую зброю пакінулі наверсе, княжыя дружыннікі, захапілі зброю і забілі іх. Трое, аднак, выратаваліся і ўцяклі да Рыгі, дзе ўсё распавялі. Тым часам Вячка паслаў да полацкага князя Уладзіміра нямецкіх коней і зброю з заклікам як мага хутчэй ісці да Рыгі[3]. Полацкі князь пачаў збіраць войскі, але вятры затрымалі караблі біскупа Альберта ў дзвінскім вусці, і, калі да Рыгі прыйшла вестка пра здарэнне ў Кукенойсе, ён неадкладна вярнуўся разам з крыжаносцамі. Немцы са ўсёй Лівоніі сабраліся ў Рызе. Тады Вячка, бачачы што не ў стане супрацьстаяць злучаным сілам лівонскіх немцаў і крыжаносцаў, спаліў Кукенойс і сыйшоў на Русь[6].

З наступных падзей бачна, што Вячка з’ехаў у Ноўгарад[3]. У 1223 годзе Ноўгарад і ўладзіміра-суздальскі князь Юрый Усеваладавіч паслаў Вячку у Юр’еў[3]. Вячка збіраў для Ноўгарада даніну з навакольных чудскіх земляў і ўзначальваў барацьбу эстаў (чудзі) з немцамі, а таксама рабаваў немцаў у Чудзі і тых эстаў што прынялі нямецкае падданства. Немцы — рыцары Ордэна мечаносцаў, васалы біскупа, крыжаносцы, купцы, рыжскія мяшчане, а таксама ахрышчаныя лівы і латгалы, 15 жніўня 1224 года аблажылі Юр’еў з мноствам абложных машын, у т. л. пабудавалі абложны тур[ru] упоравень гарадскім сценамі і павялі падкоп пад вал. Таксама немцы прапанавалі Вячку пакінуць эстаў і вольна выйсці з горада з дружынай, коньмі і маёмасцю. Вячка чакаў падыходу наўгародскага войска і не прыняў прапанову. Абложны тур вельмі шкодзіў абаронцам, таму яны зрабілі частку прасла сцяны і выкацілі адтуль вялікія запаленыя колы, каб знішчыць тур. Немцы засяродзілі ўсе сілы, каб абараніць тур ад агню, а пасля брат біскупа Іаган фон Апельдэрн павёў рыцараў на штурм. Немцы ўварвалася ў горад праз разабранае абаронцамі месца ў сцяне, Вячка з дружынай пэўны час біўся ўнутры горада, але загінуў[3][6]. З узяццем Юр’ева немцамі звязана адзіная згадка Вячкі рускімі крыніцамі — Наўгародскім першым летапісам[7].

Сям’я

Пра жонку і дзяцей Вячкі з ранніх крыніц не вядома. Паводле М. А. Таўбэ, у Вячкі была адна дачка Соф’я (пам. пасля 1269), яна была ў шлюбе з 1229 года з Дзітрыхам Малодшым фон Кокенгузен (пам. 1245/54) і з 1254 года з Бернардам дэ Гейе (пам. пасля 1254)[8]. Ад Вячкі выводзяць свой радавод Тызенгаўзы (Тызенгаўзены), але дакументава гісторыя роду вядома толькі ад XVI стагоддзя.

Зноскі

  1. 1 2 3 Войтович, 2000
  2. Вячеслав Борисович // Русский биографический словарь / пад рэд. A. Polovtsov — СПб.: 1905. — Т. 14. — С. 398–400.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 БС, 1982, с. 131
  4. Татищев, 1964, с. 204-211
  5. Рапов, 1977, с. 193
  6. 1 2 Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод и комментарии С. А. Аннинского. 2-е изд. Издательство Академии Наук СССР, М. — Л., 1938.
  7. Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов / под ред. А. Н. Насонова. — Москва; Ленинград: Издательство АН СССР, 1950; Таксама: ПСРЛ 1, III, 39. С. 61.
  8. Taube M. von. Stammtafel der freiherl. Zweiges d. Familie v. Taube aus d. Hause Maart u. Hallinap. — SPb.: 1899.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Памерлі ў 1224 годзе
Князі Полацкай зямлі
Памерлі ў Тарту
Вікіпедыя:Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нарадзіліся ў 1170-я гады
Вікіпедыя:Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Асобы
Военачальнікі Старажытнай Русі