«Дыярыуш Афанасія Філіповіча» (рус.: Діаріушъ) — публіцыстычны звод (паводле М. Дабрыніна — аўтабіяграфічная палемічная аповесць[1], паводле С. Гараніна — споведзь-пропаведзь[2]) берасцейскага ігумена Афанасія Філіповіча, які складаецца з сямнаццаці інфармацыйных фрагментаў, два з якіх напісаныя пасля смерці святара[3]. Тэкст самога Афанасія складаецца з дзесяці самастойных твораў, напісаных у 1638—1646 гадах і аб’яднаных пяццю ўстаўкамі[3].
У ім аб’яднаныя ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзённікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланні і лісты А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канта — аднаго з найбольш ранніх нотных запісаў у беларускай музыцы[4].
У тэкст Дыярыуша уваходзяць творы: «Гісторыя падарожжа ў Маскву», «Першая супліка», «Тлумачальная запіска суду духоўнай кансісторыі», «Навіны прававерным пажаданыя…», «Падмурак непарадку рымскага касцёла», «Трэцяя супліка», «Падрыхтоўка да суда», «Парада каралю», «Пра царкоўны фундамент», «Прычыны ўчынку». У дадатку змешчаны творы, напісаныя пасля смерці А, Філіповіча манахамі берасцейскага Сімяонаўскага манастыра: «Пра слаўную смерць… Афанасія Філіповіча» і «Надгробак Афанасію Філіповічу».
«Дыярыуш» А. Філіповіча напісаны ў пераходны і пераломны для рэлігійнай барацьбы час і стаіць на памежжы палемічнай і мемуарнай літаратуры. Твор вызначаецца адкрытай тэндэнцыйнасцю, палітычнай і рэлігійнай завостранасцю, пафаснасцю, насычанасцю грамадска-палітычным зместам і агітацыйнасцю[3]. У «Дыярыушы» спалучаюцца элементы барока, гатычнай паэтыкі і рэалізму, неаднародная кампазіцыя і мова твору — месцамі амаль размоўная, месцамі ўскладнёная і заблытаная са шматлікімі паланізмамі і стараславянізмамі[1].
На беларускую мову «Дыярыуш» перакладалі Івана Саверчанка (Роднае слова, № 1, 2003) і С. Вераціла (Полымя, № 1, 2002).