wd wp Пошук:

Альбрэхт Станіслаў Радзівіл

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з падобнымі імёнамі, гл. Радзівіл і Альбрэхт Радзівіл.

Альбрэхт Станіслаў Радзівіл (мянушка Абаронца Правоў; 1 ліпеня 1593 — 12 лістапада 1656) — дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. Літоўскі магнат, князь, прадстаўнік роду Радзівілаў; падканцлер і канцлер вялікі літоўскі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Алыцы Валынскага ваяводства. Сын Станіслава Радзівіла.

У 15981605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене, да 1616 вандраваў па Нідэрландах, Францыі, Італіі, Швейцарыі.

Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. 3 канцлерам Л. Сапегам заключыў пагадненне, што адзін з іх абавязкова будзе знаходзіцца пры каралю Жыгімонце III для пільнавання інтарэсаў ВКЛ. На сейме 1623 прызначаны канцлерам ВКЛ. У знешняй палітыцы падтрымліваў планы Жыгімонта III авалодаць шведскім тронам (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй, 1600-1629). Каб зменшыць пагрозу з боку Асманскай імперыі і крымскіх татараў, выступаў за саюз з трансільванскім князем(англ.) бел. Габарам Бетленам і аўстрыйскімі Габсбургамі. У 1632 падтрымаў абранне на пасад Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV, але як шчыры католік выступаў супраць легалізацыі пры гэтым правоў пратэстантаў і праваслаўных. У 1646 выступіў супраць планаў караля распачаць вайну супраць Асманскай імперыі. У 1648 падтрымаў абранне на пасад Яна II Казіміра. Адной з прычын казацкага паўстання ва Украіне лічыў «сілу нашых злых учынкаў і ўціск бедных», выступаў за рашучую барацьбу з Б. Хмяльніцкім. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай зайны 1655—60 выехаў у Прусію, у 1656 прымаў удзел у перагаворах з Даніяй і Галандыяй у Гданьску, дзе і памёр (бяздзетным).

Пры правядзенні ўнутранай і знешняй палітыкі А. С. Радзівіл рашуча адстойваў інтарэсы роду Радзівілаў, у т.л. кальвінісцкай галіны, дэманстрацыйна бараніў асобныя інтарэсы ВКЛ у Рэчы Паспалітай.

Меў вялікія зямельныя ўладанні на Валыні (Алыка і інш.), Беларусі — Нягневічы, Налібакі (дзе ў 1636 годзе фундаваў касцёл[3]), маёнткі ў Літве і Польшчы. Трымаў шматлікія дзяржаўныя ўладанні, у т.л. Барысаўскае (з 1629), Пінскае (з 1631), Геранёнскае (з 1644) староствы, быў адміністратарам Кобрынскай і Шавельскай эканомій. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Быў заснавальнікам касцёла ў Алыцы.

Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэлігійных твораў. На лацінскай мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э. Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутранай і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (упершыню апублікаваны ў польскім перакладзе Э. Рачынскім у 1839).

Літаратурная творчасць

Агульная структура яго твора, які ахоплівае перыяд з 1632 па 1656 гады і азагалоўлены «Успаміны пра падзеі ў Польшчы», — дзённікавая, хоць паведамленні, пададзеныя пад асобнымі днямі, звязваліся і сэнсам, і логікай выкладання з іншымі апавяданнямі, што знаходзіліся на значнай «часавай адлегласці» ад іх.

У адрозненне ад іншых твораў мемуарнай літаратуры сярэдзіны XVII ст. «Успаміны» А.-С. Радзівіла ўяўляюць сабою мастацкую суцэльнасць, якая адлюстроўвае размаітасць жыцця, адзінства індывідуальнага чалавечага лёсу ў складаным і шматгранным свеце.[4] Такім чынам, самім жыццём задаецца кантамінацыя апавядальна-мастацкіх элементаў, генетычна прыналежных да розных эстэтычных сістэм, да розных стылёвых плыняў. У творы спалучаюцца тонкая сатыра і філасофскія разважанні пра сябе і чалавечы лёс, пра наканаванасць і свабоду, пра багаслоўе і палітыку. Тут сустракаюцца алегарычныя «эўфемізмы» і рэлігійныя сентэнцыі, рэалістычныя дэталі прыдворнага побыту і панарамныя батальныя сцэны і інш. У несупыннай плыні падзей мільгацяць больш-менш выразна акрэсленыя постаці, пейзажы, гістарычныя факты, прыродныя з’явы. Прага да нечуванага, сенсацыйнага, імкненне ашаламіць чытача навізною і неардынарнасцю апісанага выяўляецца ва «Успамінах пра падзеі ў Польшчы» літаральна ва ўсім: расійскае войска гіне тысячамі, англічанін пускае з цынкавых труб дым агіднага паху, што на месцы забівае людзей; кароль прывёз у лагер гарматы «ашаламляльнае велічыні» і г.д.

Разгубленасць з прычыны страты цэласнасці рэнесансавага светапогляду кампенсуецца ў А.-С. Радзівіла спадзяваннем на Бога, крайняй рэлігійнай расчуленасцю. Пісьменніка пераследуюць думкі пра немінучае пакаранне за ўсё зробленае і нязробленае ў жыцці, бо дазнацца на самай справе, да чаго вядуць тыя або іншыя ўчынкі, на гэтым свеце немагчыма.

У кантэксце барочнай філасофіі трэба разглядаць апісанне дыпламатычнай місіі князя А. М. Львова ў Варшаву — самы ўдалы ў мастацкім плане эпізод ва «Успамінах». Паводзіны, знешні выгляд, звычаі гасцей не толькі ажыўляюць апавяданне, але і ператвараюць этыкетныя цырымоніі ў фарс. У якасці прыёмаў эстэтызацыі выкарыстоўваюцца сэнсавыя неадпаведнасці, гратэскна-парадыйныя «абразкі» (напрыклад, паводзіны маскоўцаў у тэатры), а таксама штучная стылёвая ўпрыгожанасць, складаныя тропы, гіпербалізацыя, ужыванне квяцістых рытарычных выразаў.

А.-С. Радзівіл вельмі тонка адчувае змястоўнасць самога жыццёвага матэрыялу і таму ў лаканічных, амаль дзелавых запісах перадае драматычную насычанасць жорсткіх закулісных схватак у каралеўскім палацы, сутыкненняў розных груповак, інтарэсаў, нацыянальнасцей. Рэалістычнасць і наўмысная ўскладненасць, хуткая змена падзей і пачуццяў, пагоня за ўсё новымі і новымі калізіямі, фактамі, сенсацыямі вымушаюць аўтара раз-пораз змяняць тэму, характар аповеду, пераходзіць ад лакальных інфармацыйных запісаў да разгорнутых мастацкіх аповесцяў.

Пісьменніку ўдалося намаляваць у сваім творы своеасаблівую панараму супярэчлівага і зменлівага гістарычнага жыцця за амаль чвэрць стагоддзя. Натуральна, што вобраз героя-аўтара не мог быць выяўлены ў гэтай панараме суцэльна і адназначна. Нярэдка жывога чалавека падмяняе ў творы магнацкая «поза», «статыстам» якой выступае Радзівіл Справядлівы. Аднак «поза» далёка не вычэрпвае ўвесь змест яго вобраза. 3 аднаго боку, ён сапраўдны патрыст і добры католік, з іншага, чалавек скупы і хцівы; адначасна імпульсіўны і разважлівы, шчыры і падманшчык, карыслівы і шчодры, філосаф і блазан; ён змяняе «маскі» ў залежнасці ад сітуацыі, настрою, жадання, выпадку. Калі раней аўтабіяграфічная літаратура толькі падыходзіла да адлюстравання складанасцей у характары героя, то ўзбагачэнне вобразнага свету коштам вы-карыстання барочнай паэтыкі і паглыбленне самааналізу ва «Успамінах» А.-С. Радзівіла зрабіла такі паказ магчымым і эстэтычна апраўданым.

Галерэя

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Catalog of the German National Library Праверана 10 чэрвеня 2020.
  3. Касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі, в. Налібакі(руск.)  (недаступная спасылка). Стаўбцоўскі раённы выканаўчы каміэт. Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2019. Праверана 30.09.2019.
  4. С. Гаранін (2010)

Гл. таксама

Бібліяграфія

Крыніцы

Спасылкі

Папярэднік:
Леў Сапега
Вялікі канцлер літоўскі
16231656
Пераемнік:
Крыштаф Жыгімонт Пац
Папярэднік:
Геранім Валовіч
Падканцлер літоўскі
16191623
Пераемнік:
Павел Сапега
Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Падканцлеры літоўскія
Катэгорыя·Старосты барысаўскія
Катэгорыя·Канцлеры вялікія літоўскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Алыцы
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Лацінамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1656 годзе
Катэгорыя·Старосты геранёнскія
Катэгорыя·Памерлі 12 лістапада
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1595 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Старосты пінскія
Катэгорыя·Памерлі ў Гданьску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1593 годзе
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы