wd wp Пошук:

Алена Барысаўна Танкачова

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Танкачова. Але́на Бары́саўна Танкачо́ва (руск.: Еле́на Бори́совна Тонкачё́ва; 10 лютага 1970 года, Калуга, РСФСР) — беларуская праваабаронца і юрыст, грамадскі дзеяч. Старшыня Праўлення Асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі». У лютым 2015 года была выслана з Беларусі з забаронай на ўезд у краіну тэрмінам на 3 гады.

Біяграфія

Сям’я

Нарадзілася 10 лютага 1970 года ў Калузе (Расія) у сям’і афіцэра марской авіяцыі(руск.) бел. ВМФ СССР[1].

Бацька — Барыс Васілевіч — пасля заканчэння ад’юнктуры Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М. Я. Жукоўскага(руск.) бел. (Масква) у 1984 годзе быў накіраваны на службу ў 57-ю марскую ракетную авіяцыйную дывізію Балтыйскага флоту(руск.) бел., што дыслакавалася ў беларускім Быхаве; разам з ім на новае месца службы з Масквы выправілася і сям’я. У 1988 годзе бацька быў пераведзены ў штаб Балтыйскага флоту ў Калінінград (Расія); у сярэдзіне 1990-х гадоў ён выйшаў у адстаўку з пасады галоўнага інжынера па авіяцыі Балтыйскага флоту ВМФ Расіі ў званні палкоўніка[1][2].

Маці — Галіна Уладзіміраўна — як жонка афіцэра, суправаджала мужа ва ўсіх месцах яго прызначэння, была хатняй гаспадыняй, займалася выхаваннем дзяцей[1].

Бацькі жывуць у Калінінградзе, планавалі пераезд да дачкі ў Мінск, дзе маюць з ёй агульную маёмасць[3].

Была ў шлюбе з беларускім эканамістам П. У. Данейкам, мае з ім агульную дачку — Кацярыну, якая нарадзілася ў 1995 годзе[2][4].

Вучоба

За час атрымання сярэдняй адукацыі была вымушана змяніць сем школ па прычыне частых пераездаў бацькі на новыя месцы службы. У 1987 годзе скончыла з срэбным медалём сярэднюю школу № 3 горада Быхава[1][4].

У тым жа 1987 годзе, не паступіўшы на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), пайшла вучыцца ў Мінскі тэхнікум савецкага гандлю (цяпер — Філіял БДЭУ «Мінскі гандлёвы каледж») на спецыяльнасць «Правазнаўства», скончыла яго ў 1989 годзе з чырвоным дыпломам[1][4].

З 1989 года вучылася на юрыдычным факультэце БДУ па спецыяльнасці «Правазнаўства»; сярод выкладчыкаў былі Я. А. Юхо і А. А. Сакалова, на першым курсе іспыты прымаў Р. А. Васілевіч, вучылася разам з Н. У. Пяткевіч[1][4][5].

У 1994 годзе, пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі, паступіла ў аспірантуру кафедры канстытуцыйнага права БДУ, рыхтавала дысертацыю на тэму праблем дзейнасці грамадскіх і некамерцыйных арганізацый са спробай зрабіць іх параўнальна-прававы аналіз у разрэзе канстытуцыйнага права[1][6]. Вучобу ў аспірантуры аставіла наступным годам пасля палітычных падзей 1996 года. Па словах А. Б. Танкачовай, на гэты крок яна пайшла, калі ўсвядоміла, што прадмета яе вывучэння — Канстытуцыі — у Беларусі фактычна больш няма, а таксама з-за прызначэння Р. А. Васілевіча загадчыкам кафедры канстытуцыйнага права БДУ, якое было прынята акадэмічнай супольнасцю без супраціву[1][5][6][7].

Напачатку 2000-х гадоў была ўдзельніцай паўтарагадовага «Вышэйшага міжнароднага курса па правах чалавека» — міжнароднай навучальнай праграмы, якую ладзіць Хельсінкскі фонд правоў чалавека(польск.) бел. (Варшава). Па словах А. Б. Танкачовай, менавіта дзякуючы гэтаму курсу яна дакладна вызначылася, чым будзе займацца ў Беларусі цягам наступных гадоў[6].

Сувязь з Беларуссю і пытанне грамадзянства

З 14-гадовага ўзросту і да моманту высылкі з краіны ў лютым 2015 года (г. зн. больш за 30 гадоў), акрамя як у Беларусі, нідзе не жыла[3]; у свой час была ў шлюбе з грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, дачка таксама з’яўляецца беларускай грамадзянкай[4][7]. З 1987 года пастаянна пражывала ў Мінску і лічыць сябе мінчанкай, добра інтэгравана ў беларускае грамадства[8]. Мае беларускую адукацыю, прафесійная ды грамадская дзейнасць звязаныя, галоўным чынам, з Беларуссю. Увесь час працоўнага жыцця мела пастаяннае месца працы ў межах краіны; валодае ў Беларусі нерухомай маёмасцю[3].

Па словах А. Б. Танкачовай, у 1992 годзе вызначылася ў расійскае грамадзянства, бо яго аўтаматычна атрымалі яе бацькі, на той час яна была яшчэ даволі маладой дзяўчынай і не планавала, як будзе дакладна складвацца яе жыццё[3][8]. Да моманту высылкі з Беларусі ніколі не мела расійскі агульнаграмадзянскі пашпарт, а толькі замежны. У Беларусі жыла паводле віду на жыхарства[3][9].

У 1994 годзе вітала прыняцце новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

" Я ганарылася тым, што ў Беларусі з'явілася Канстытуцыя, гэта мела для мяне велізарнае значэнне. Менавіта пасля прыняцця Асноўнага Закона з'явіліся надзеі на сур'ёзныя рэформы сістэмы правасуддзя ў краіне, якое павінна было стаць адрозным ад старой савецкай мадэлі. Стваралася адчуванне новага жыцця ў прафесіі. У 1994 годзе банальныя для дэмакратычных краін словы пра падзел уладаў, прававую дзяржаву, правы чалавека былі новымі для Беларусі і магічнымі для мяне[10]. "

У сярэдзіне 1990-х гадоў была гатова атрымаць статус грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але пасля канстытуцыйнага крызісу і разгону Вярхоўнага Савета 13-га склікання ў 1996 годзе прыняла прынцыповае рашэнне не звяртацца да дзеючых уладаў з прашэннем аб прыняцці яе ў беларускае грамадзянства[7][8][11]:

" Я была замужам за дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання і на свае вочы бачыла, як мянялася Канстытуцыя, змяняўся баланс паміж галінамі ўлады і ўзмацнялася роля прэзідэнта. Гэта рабіла на мяне моцнае ўражанне як з юрыдычнага пункту гледжання, так і з чалавечага. Будучы зусім маладым чалавекам, я асабіста мела зносіны з Ганчаром і генералам Захаранкам. Потым яны трагічна зніклі... Я не магла звярнуцца да гэтай улады і сказаць: «Дайце беларускі пашпарт»[8]. "

У 2000-х гадах, па словах А. Б. Танкачовай, наяўнасць расійскага грамадзянства ёй не перашкаджала, бо яна не імкнулася заняць у Беларусі якую-небудзь дзяржаўную пасаду[3][8].

У сітуацыі, калі дзяржаўнымі органамі ўнутраных спраў была распачата працэдура высылкі праваабаронцы з краіны, яна заявіла:

" Падтрымка, якую я атрымліваю ад маіх сяброў, калег і малазнаёмых беларусаў, па вялікім рахунку, маё грамадзянства, звязанае менавіта з Беларуссю, пацвярджае і без беларускага пашпарта[11]. "

Пасля высылкі з Беларусі ў якасці месца для жыхарства і працы абрала Вільнюс (Літва), адкуль праваабаронцы значна прасцей падтрымліваць кантакты з беларускімі сябрамі і калегамі[7].

Прафесійная, грамадская і праваабарончая дзейнасць

Паралельна вучобе ў аспірантуры працавала ў адной з першых у Беларусі камерцыйных юрыдычных фірм[7][12], а таксама пачала займацца грамадскай дзейнасцю[4]. Па словах А. Б. Танкачовай, у тым, што грамадская дзейнасць хуткім часам выйшла на першае месца, не апошнюю ролю адыграў Г. У. Грушавы, з якім яна кантактавала па справах юрыдычнага кансультавання Беларускага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля»[6].

Звярнуцца да дзейнасці па абароне правоў чалавека падштурхнулі палітычныя падзеі ў Беларусі 1996 года[7]. Па сцвярджэнні А. Б. Танкачовай, яна была ініцыятарам правядзення юрыдычнай экспертызы па рэферэндуму 1996 года ў падтрымку пазіцыі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, згодна якой вынікі галасавання па пытаннях змены Канстытуцыі маглі мець толькі рэкамендацыйны характар[11][13].

У 1996 годзе, разам з групай аднадумцаў, стварыла і ўзначаліла Грамадскае аб’яднанне «Незалежнае таварыства прававых даследаванняў» (НТПД; руск.: «Независимое общество правовых исследований» (НОПИ)), якое займалася вывучэннем пытанняў свабоды асацыяцый ды аказаннем бясплатнай юрыдычнай дапамогі беларускім грамадскім (некамерцыйным) арганізацыям і грамадзянскім ініцыятывам[1][7][12].

Ужо ў 1999 годзе НТПД стала вядучым кансультацыйным рэсурсам для беларускіх НДА, штогод яго паслугамі карысталася больш за 300 арганізацый грамадскага сектара. Па падліках А. Б. Танкачовай, 2/3 грамадскіх арганізацый у краіне было зарэгістравана з кансультацыйнай падтрымкай як уласна НТПД, так і наступных арганізацый, якія ствараліся праваабаронцай і яе калегамі наўзамен НТПД пасля яго прымусовай ліквідацыі ўладамі ў 2004 годзе[6][12][13].

Публікацыі

Дабрачынная дзейнасць

Займаецца дабрачыннасцю. У прыватнасці, напярэдадні высылкі з Беларусі выступіла арганізатарам дабрачыннага канцэрта класічнай музыкі для персанала і пацыентаў псіханеўралагічнага дыспансера гарадского пасёлка Лынтупы, ладзіла збор кніг для гарадской бібліятэкі Лынтуп ды інш.[4]

Высылка з Беларусі

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Алена Танкачова // Арытмія, альбо Код супраціву / А. Л. Тамковіч. — Смаленск: «Родина», 2012. — 278 с. — ISBN 978-5887-73562-7. — С. 103—108 [Электронны дакумент] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — Дата доступу: 19.03.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/files/22/86/Arytmia_albo_kod_supratsivu___A.Tamkovich.pdf, вольны. — Загал. з экрана.
  2. 1 2 Снов О. С вещами на выезд! [Электронный документ] // Народная Воля. — Веб-сайт газеты. — 18.11.2014. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://www.nv-online.info/by/532/printed/93393/С-вещами-на-выезд!.htm(недаступная+спасылка), свободный. — Загл. с экрана.
  3. 1 2 3 4 5 6 Стенограмма судебного заседания по жалобе Елены Тонкачёвой на действия УВД Администрации Первомайского района г. Минска. День первый (08.01.2015) [Электронный ресурс] // Lawtrend.org. — Веб-сайт Центра правовой трансформации. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://www.lawtrend.org/wp-content/uploads/2015/02/Dzen_pershy_08.01.2015.pdf, свободный. — Загл. с экрана.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 Ходатайство Просветительского учреждения «Центр правовой трансформации» [Электронный ресурс] // Lawtrend.org. — Веб-сайт Центра правовой трансформации. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://www.lawtrend.org/wp-content/uploads/2014/11/Hodatajstvo_Elena-Tonkacheva_sajt.pdf, свободный. — Загл. с экрана.
  5. 1 2 Лабадзенка Г. Алена Танкачова: «Задача праваабаронцаў — змена становішча з правамі чалавека пры любой уладзе» [Электронны рэсурс] // TUT.BY. — Інтэрнэт-партал. — 21.05.2012. — Дата доступу: 21.03.2016. — Рэжым доступу: http://news.tut.by/society/290019.html Архівавана 10 кастрычніка 2016., вольны. — Загал. з экрана.
  6. 1 2 3 4 5 Смирнов А. Правозащитница Елена Тонкачёва: Самое важное — помогать людям [Электронный ресурс] // Deutsche Welle. — Веб-сайт русской редакции радиостанции Deutsche Welle. — 12.10.2012. — Дата доступа: 22.03.2016. — Режим доступа: http://www.dw.com/ru/правозащитница-елена-тонкачева-самое-важное-помогать-людям/a-16301553, свободный. — Загл. с экрана.
  7. 1 2 3 4 5 6 7 Богданова Е. Депортация как «мягкая» мера [Электронный ресурс] // «7х7 — Горизонтальная Россия». — Веб-сайт медиапроекта. — 10.08.2015. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://7x7-journal.ru/item/65651, свободный. — Загл. с экрана.
  8. 1 2 3 4 5 Шаршуков С. «Минские кухни». Правозащитница, которую депортируют из Беларуси: «Я ощущаю себя минчанкой и в сторону Смоленска точно не поеду» [Электронный ресурс] // TUT.BY. — Интернет-портал. — 15.11.2014. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://news.tut.by/society/423484.html Архівавана 1 кастрычніка 2015., свободный. — Загл. с экрана.
  9. Кухта П. Елена Тонкачева: Работы с Беларусью хватит и в Вильнюсе [Электронный документ] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — 19.02.2015. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/news/society/2015/02/19/elena-tonkacheva-raboty-s-belarus-yu-hvatit-i-v-vil-nyuse.html, свободный. — Загл. с экрана.
  10. Спасюк Е. Какая Конституция празднует день рождения? [Электронный документ] // Naviny.by. Белорусские новости. — Интернет-газета БелаПАН. — 15.03.2010. — Дата доступа: 19.03.2016. — Режим доступа: http://naviny.by/rubrics/society/2010/03/15/ic_articles_116_167065/, свободный. — Загл. с экрана.
  11. 1 2 3 Дашчынскі А. Асабістыя абставіны абцяжарвалі пытанне са зваротам да кіраўніка краіны, — Танкачова [Электронны рэсурс] // Радыё «Свабода». — Вэб-сайт беларускай рэдакцыі радыёстанцыі RFE/RL. — 03.11.2014. — Дата доступу: 21.03.2016. — Рэжым доступу: http://www.svaboda.org/content/article/26672492.html, вольны. — Загал. з экрану.
  12. 1 2 3 Столярова О. Истории успеха: Елена Тонкачёва: «Развитое гражданское общество является залогом стабильности…» [Электронный ресурс] // Orgconsulting.by. — Вэб-сайт Биржи организационного развития. — 07.04.2014. — Дата доступа: 29.02.2016. — Режим доступа: http://orgconsulting.by/news/id/2987/(недаступная+спасылка), свободный. — Загл. с экрана.
  13. 1 2 Запись от 1 декабря 2014 года в персональном аккаунте Елены Тонкачёвой в Фейсбуке [Электронный ресурс] // Фейсбук. — Международная социальная сеть. — 01.12.2014. — Дата доступа: 22.03.2016. — Режим доступа: https://www.facebook.com/tonkacheva/posts/808621979197080, свободный. — Загл. с экрана.
Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Калузе
Катэгорыя·Юрысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з незавершанымі раздзеламі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Юрысты паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Артыкулы з незавершанымі раздзеламі
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы Беларусі
Катэгорыя·Праваабаронцы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1970 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай