wd wp Пошук:

Адам Макрэцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Макрэцкі. Адам Макрэ́цкі (польск.: Adam Mokrzecki; 16 ліпеня 1856, в. Дзітрыкі Лідскага павета, цяпер Лідскі раён Гродзенскай вобл. — 6 красавіка 1921, Гродна) — польскі вайсковы дзеяч, генерал расійскай арміі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сямейным маёнтку Дзітрыкі. З 13-гадовага ўзросту (разам з братам, С. Макрэцкім) навучаўся ў ваеннай школе ў Пскове, пасля заканчэння якой у 1877 голдзе ў чыне падпаручніка быў адпраўлены на вайну з Турцыяй. Пасля вайны служыў у Гродне. У 1895 годзе скончыў з адзнакай ваенную акадэмію ў Араніенбаўме. У 1896 годзе атрымаў званне падпалкоўніка і быў накіраваны на службу ў Лібаву, дзе знаходзіўся да 1905 года. У 1907 годзе выступіў у штабе корпусу з рэфератам «Ініцыятыва салдата на вайне», яму было прапанавана ўвайсці ў склад Генеральнага штаба пры ўмове змены веравызнання, ад чаго католік А. Макрэцкі адмовіўся. Праз некалькі месяцаў атрымаў званне палкоўніка. У 1912 годзе прызначаны камандзірам палка ў Маршанску. У 1914 годзе накіраваны на фронт. На вайне атрымаў чын генерала, узнагароджаны Крыжам святога Георгія. З 1915 года знаходзіўся ў рэзерве ў Вільні, Віцебску, Мінску, працаваў у Саюзе ваенных палякаў. Пасля рэвалюцыі ўступіў у корпус Ю. Доўбар-Мусніцкага, а калі яго расфарміравалі вярнуўся ў сямейны маёнтак. Праз некалькі месяцаў узначаліў ІІ групу Віленскай самаабароны, штаб якой знаходзіўся ў Лідзе, затым займаў пасаду каменданта Вільні. Пасля таго як польская Самаабарона пакінула Вільню і была раззброена немцамі, генерал А. Макрэцкі накіроўваецца ў рэгулярнае польскае войска. У 1919 годзе заняў Слонім, Баранавічы і Нясвіж, на чале 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі захапіў Слуцк і Клецк. Пад канец года прызначаны камандзірам ваеннай акругі ў Гродне. У 1920 годзе абараняў горад падчас наступлення бальшавіцкіх войск, адступіў да Саколкі, удзельнічаў у контрнаступленні. На пэўны час быў адкліканы ў Варшаву. Памёр у Гродне ад сардэчнага прыступу.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Памерлі 6 красавіка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1856 годзе
Катэгорыя·Ваенныя Польшчы
Катэгорыя·Памерлі ў Гродне
Катэгорыя·Памерлі ў 1921 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 ліпеня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзітрыках (Тарноўскі сельсавет)