wd wp Пошук:

Юбілейны дом

Юбілейны дом, або Будынак царкоўна-археалагічнага музея — збудаванне ў Мінску на праспекце Незалежнасці, 26. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, пабудаваны ў 1913 годзе (архітэктары Віктар Струеў і Іван Фамін). Уваходзіў у склад Архірэйскага падвор’я, частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.

Гісторыя

У 1909 годзе паводле ініцыятывы гісторыка-археалагічнага камітэта ў Мінску быў адкрыты музей царкоўных старажытнасцяў. Першыя чатыры гады ён месціўся ў будынку Дваранскага сходу. У 1913 годзе быў пабудаваны адмысловы будынак царкоўна-архелагічнага музея на Архірэйскім падвор’і, архітэктарамі выступілі Віктар Струеў і Іван Фамін. Будынак узведзены да 300-годдзя дома Раманавых, таму займеў назву «Юбілейны дом». Стары адрас — Захар’еўская вуліца, у першай палове 1910-х — без нумара, у 1917 годзе — 94, у 1939—1941 — 108[1].

Юбілейны дом у 1928 г. Малюнак Марыі Уладычынай

У выцягнутым прамавугольным аб’ёме, што выходзіў на Захар’еўскую вуліцу (цяпер праспект Незалежнасці), месцілася выставачная зала. У кароткім крыле, размешчаным перпендыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканні. У месцы злучэння гэтых двух аб’ёмаў размяшчалася лесвіца, што вяла на другі паверх. Тут жа на галоўным фасадзе быў уваход у будынак, а на першым паверсе — невялікі вестыбюль. У музеі знаходзіліся ў асноўным прадметы рэлігійнага культу — крыжы, манеты, гравюры, адзенне. Таксама былі прадметы этнаграфічнага характару — тэксты народных песень, казак, паданняў. Галоўнай скарбніцай была бібліятэка гісторыка-археалагічнага камітэта. У музеі налічвалася каля 1900 тамоў старажытных кніг, у тым ліку рукапісы XVI — XVII стст[2]. У часе Першай сусветнай вайны музей быў эвакуяваны ў Разань. Экспанаты вярнуліся ў Менск у 1922 годзе, былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны музей[3]. Невялікая частка экспанатаў, што засталася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

У 1917 годзе ў будынку месцяцца злічальны аддзел Упраўлення будаўніча-тэхнічнай часці Заходняга фронту і рэдакцыя тыднёвіка «Известия инженерно-строительных дружин Западного фронта»[1]. З чэрвеня 1918 года будынак займае Менскае беларускае прадстаўніцтва, «Юбілейны дом» на Захараўскай пазначаецца як «адрас адміністрацыі» газеты «Беларускі шлях», што выдавалася прадстаўніцтвам. З 17 жніўня 1918 года другі паверх Юбілейнага дома займае Народны сакратарыят БНР, на першым паверсе адбываюцца пасяджэнні Рады БНР[4][5][6]. Па заняцці Менска бальшавікамі, у 1919 годзе будынак займае Савет народнай асветы, старшыня — Вайцянкоў Т. К[1]. 8 жніўня 1919 года Менск займаюць польскія войскі (Польска-савецкая вайна), у Юбілейным доме размяшчаецца Часовы беларускі нацыянальны камітэт, разам з ім у розны час рэдакцыі беларускіх газет «Звон», «Беларусь» і часопіса «Беларускае жыццё»[7]. Будынак займеў назву «Беларускі дом»[8].

Юбілейны дом у 1936 г.

11 ліпеня 1920 года Менск займаюць бальшавікі, у будынку месціцца «Политпросвет» Наркамата асветы. У 1920—1921 гадах — Беларускі кніжны склад. У 1922 годзе — Беларуска-руская бібліятэка, у 1923 годзе — Беларускі дзяржаўны архіў, з 1925 года — Беларускі дзяржаўны музей. У 1922—1932 гадах у будынку месціцца Беларуская дзяржаўная бібліятэка (да 1926 года пад назвай Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка). Рашэнне пра пераезд універсітэцкай бібліятэкі ў Юбілейны дом было прынята ў канцы 1921 года. Будынак меў два паверхі, на першым размяшчаўся аддзел савецкага будаўніцтва і сховішча, на другім — беларускі аддзел і чытальная зала. У 1923 годзе бібліятэцы перадалі яшчэ і суседні будынак былой духоўнай кансісторыі. У гэтым доме размясціліся медыцынскі, прыродазнаўчы, яўрэйскі аддзелы, канцылярыя, кніжная палата, а таксама сховішча старадрукаў і кватэра дырэктара І. Б. Сіманоўскага[9]. У 1935 годзе ў Юбілейным доме месціўся Беларускі дзяржаўны сацыяльна-гістарычны музей (у 1936 годзе — Музей гісторыі ЦК КП(б)Б, у 1937—1940 гадах Менскі (Мінскі) гістарычны музей), у 1940 годзе — цырульня № 2 «Аблкамгаса»[10].

Вуліца Савецкая і Юбілейны дом у 1938 г.

З 1963 года ў Юбілейным доме месціўся «Дом работнікаў мастацтваў» («Дом мастацтваў»), потым універсітэцкая бібліятэка[3]. «Дом мастацтваў» меў глядзельную (165 месцаў) і выставачную залы, бібліятэку. Праводзіў лекцыі і даклады, творчыя вечары, сустрэчы з майстрамі мастацтва. Працавалі ўніверсітэты тэатральнага і музычнага мастацтва, клубы творчай і навуковай моладзі, «Далягляд» (для школьнікаў)[11]. Разам з «Домам работнікаў мастацтваў» у будынку на першым паверсе месцілася кавярня з народнай назвай «Мутнае вока», папулярная сярод літаратараў і дзеячаў культуры[12]. У 1999 годзе будынак перададзены Беларускай праваслаўнай царкве, якая размясціла ў ім Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя Святых Мяфодзія і Кірыла. У 2013 годзе Мінскай епархіяй тут быў зарэгістраваны праваслаўны прыход храма святых раўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла з далейшым стварэннем адукацыйнага і культурна-гістарычнага цэнтра «Юбілейны дом»[13].

Архітэктура

Бакавы фасад
Праспект Незалежнасці і Юбілейны дом, 2012 г.

Прамавугольны ў плане, двухпавярховы будынак на высокім цокалі накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усходняга боку галоўнага фасада далучаная круглая ў плане вежа, накрытая шлемападобным купалам, якая імітуе старажытнарускія абарончыя вежы. Сцены вежы прарэзаныя байніцамі, верхняя частка аформленая машыкулямі і геаметрычным арнаментам. З заходняга боку фасад фланкіраваны невысокай квадратнай у плане чатырохграннай шатровай вежачкай. Галоўны ўваход, размешчаны асіметрычна, падкрэслены кілепадобным шчытом, плоскасць якога ўпрыгожаная арнаментам. Сцены галоўнага фасада прарэзаныя высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, якія багата дэкараваныя (дэкаратыўныя паўкалоны, 2- і 3-лопасцевыя аркі, філёнгі і іншыя элементы). Абрамленне вокнаў 2-га паверха імітуе старажытнарускія какошнікі.

Будынак ёсць помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю.

Зноскі

  1. 1 2 3 Маракоў Л., 2013, с. 176
  2. Чарняўская Т., 2002, с. 449
  3. 1 2 Церковно-археологический музей(руск.)  (недаступная спасылка). minsk-old-new.com (6 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2019. Праверана 24-11-2019.
  4. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР (9). Летняе зацішша, Скірмунт едзе адпачываць(бел. (тар.))   (нявызн.)?. svaboda.org (28 лютага 2018). Праверана 24-11-2019.
  5. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР (11). На сцэну выходзіць Антон Луцкевіч(бел. (тар.))   (нявызн.)?. svaboda.org (2 сакавіка 2018). Праверана 24-11-2019.
  6. Архівы БНР, 1998, с. 237
  7. З гісторыі сьвяткаваньня 25 сакавіка // Спадчына. 1998. №1. С. 32—50 (нявызн.). pawet.net. Архівавана з першакрыніцы 26-11-2019. Праверана 26-11-2019.
  8. Беларускае жыцьцё № 1(23) (нявызн.) (недаступная спасылка) (19 студня 1920). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2019.
  9. Тамковіч Ю. В. Спроба рэканструкцыі карты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1921—1941 гг. // Беларускі гістарычны часопіс. — 2021. — № 10 (267), кастрычнік. — С. 18-27.
  10. Маракоў Л., 2013, с. 177
  11. «Дом искусств» // Минск. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. – Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1983. – 467 с.
  12. «Мутнае вока»(бел. (тар.))   (нявызн.)?. svaboda.org (21 лістапада 1999). Архівавана з першакрыніцы 30-4-2020. Праверана 30-4-2020.
  13. О Юбилейном доме(руск.)  (недаступная спасылка). jubileum.by. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2019. Праверана 26-11-2019.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Славутасці Мінска
Праспект Незалежнасці (Мінск)
1913 год у Мінску
Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
З’явіліся ў 1913 годзе
Будынкі і збудаванні Мінска