wd wp Пошук:

Хроніка ўсяго свету

Тытульны аркуш першага выдання

«Хроніка ўсяго свету» (польск.: «Kronika wszytkiego świata») — помнік польскай гістарыяграфіі XVI ст., гісторыка-літаратурная кампіляцыя, складзеная Марцінам Бельскім.

Прысвечана сусветнай гісторыі ад антычных часоў да сярэдзіны XVI ст. Шмат увагі аддадзена біблейскай гісторыі, якая выкладзена паводле Старога Запавету і Евангелля, старажытнай гісторыі Грэцыі і Рыма, а таксама сярэдневяковай гісторыі Заходняй Еўропы. Больш сцісла апісана гістарычнае мінулае славян. У канцы хронікі кароткае апісанне розных падарожжаў і вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага дададзена паводле «Гісторыі Польшчы» Я. Длугаша. Хроніка вызначаецца некрытычным стаўленнем аўтара да крыніц. У ёй шмат легендарных звестак, белетрызаванага апісання мінулага, літаратурнага матэрыялу.

Упершыню апублікавана ў Кракаве ў 1551 годзе, у дапоўненым варыянце перавыдадзена ў 1554 і 1564. Карысталася папулярнасцю на землях усходніх славян. Перакладзена на беларускую (1560-я гг.) і рускую мовы. Паслужыла непасрэднай крыніцай 3-й рэдакцыі «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, беларуска-ўкраінскага хранографа XVII ст. «Вялікая хроніка».

Адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні агульнага кругагляду беларускіх чытачоў эпохі барока, задавальняла іх павышаную цікавасць да гістарычнага мінулага інш. краін і народаў, далучала да антычнай гісторыі і міфалогіі, знаёміла з падзеямі і героямі сусветнай гісторыі: Траянская вайна, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя») і Скандэрбега (гл. «Аповесць пра Скандэрбега»), крыжовыя паходы, адкрыццё Калумбам Амерыкі і інш.

У трэцім выданні (1564) складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Пра маскоўскі або рускі народ. Пра пасольства Васіля да папы рымскага. Пра Літву. Пра Ліфлянцкую зямлю. Пра Татараў» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Пра маскоўскі народ» з’яўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.

Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыяметральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемент, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (І. Хшаноўскі). Адзначаецца, што «Хроніка ўсяго свету», магчыма, і не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не дзейнасць яго сына Яўхіма Бельскага[1].

Зноскі

  1. Паводле: Белазаровіч, С.39.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Гістарыяграфія гісторыі Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Хронікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Літаратурныя творы на польскай мове
Катэгорыя·Кнігі 1551 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара