wd wp Пошук:

Сцяпан Хусейнавіч Александровіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Александровіч. Сцяпан Александровіч (1921, Капыль — 1986, Мінск) — беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца, крытык, краязнаўца. Доктар філалагічных навук, прафесар[1]. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 г.

Біяграфія

Нарадзіўся 15 снежня 1921 г. у гарадскім пасёлку Капыль Мінскай вобласці ў сям’і рабочага. Скончыў сярэднюю школу ў Капылі.

У 1939 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[1]. Бег з нямецкага палону (Крывы Рог) на Капыльшчыну. Быў партызанам.

Скончыў універсітэт у 1950 г[1]. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Навагрудку (1944—1953), у Мінскім бібліятэчным тэхнікуме (1953—1958). У 1959[1]—1963 гг. — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1963 г. — дацэнт, з 1974 г. — прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[1].

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1984).

Памёр 1 мая 1986 года. Пахаваны на Паўночных могілках пад Мінскам[2].

Асноўныя навуковыя працы

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры XIX—XX стагоддзяў, развіццё нацыянальнага кнігадрукавання і перыядычнага друку, літаратурныя сувязі, у тым ліку беларуска-ўкраінскія. Александровіч надаваў значную ролю вывучэнні творчасці Тараса Шаўчэнкі. Яму належаць артыкулы «Т. Шаўчэнка і Янка Купала», « Тарас Шаўчэнка і Беларусь» (абодва — 1958), «Любоў Беларусі» (1964) ды іншыя.

Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры ў міжславянскім беларуска-балтыйскім і агульнаеўрапейскім гістарычна-культурным кантэксце. У працы «Пуцявіны роднага слова» (1971) прааналізаваў працэс станаўлення новай беларускай літаратуры ў 2-й палове XIX — пачатку XX ст. паралельна з зараджэннем і развіццём нацыянальнага кнігадрукавання і перыёдыкі[1]. Узнавіў цэласную карціну беларускіх перыядычных выданняў і выдавецкіх суполак, таварыстваў, паказаў іх ролю ў ідэйна-мастацкім і жанравым росце айчыннай славеснасці, сталенні нацыянальнага тэатра, музыкі, журналістыкі, у паглыбленым вывучэнні фальклору, этнаграфіі і ўсёй культуры Беларусі. У кнізе «Вальнадумца з-пад Нясвіжа Аляксандр Незабытоўскі» (1975) раскрыў малавядомыя падзеі з гісторыі беларуска-польскіх літаратурных і грамадска-палітычных сувязяў у 1840-я гады.

Адмысловыя распрацоўкі прысвяціў жыццю і дзейнасці Ф. Скарыны, гісторыі народніцкага «Гомана», газетам «Наша доля» і «Наша ніва», сувязям Янкі Купалы з польскай літаратурай ды інш. Вывучаў літаратурна-гістарычную біяграфію Цішкі Гартнага (З. Жылуновіча). Створаным С. Александровічам літаратурным партрэтам пісьменнікаў П. Багрыма, Ф. Савіча, Ф. Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага ды іншым уласцівыя глыбокі гістарызм, жыццёвая праўдзівасць.

Дзейсна прычыніўся да ўзбагачэння крыніцазнаўчай і тэксталагічнай базы па гісторыі беларускай літаратуры. Надаваў прынцыповае значэнне метадалогіі даследаванняў, палемізаваў з некаторымі расійскімі і польскімі аўтарамі за іх антыгістарычны падыход да паняццяў «Русь», «рускі», «Літва», «літоўскі», штучнае атаясамліванне з расійскай або літоўскай культурай здабыткаў уласна беларускай культуры, дасягнутых пад гэтымі назвамі ў розныя эпохі[3].

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964) і складальнікаў хрэстаматый «Беларуская літаратура XIX стагоддзя» (1971), «Беларуская літаратура XIX-пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў» (1978), «Публицистика белорусских народников : Нелегальные издания белорусских народников (1881—1884)» (1983), «Успаміны пра Цішку Гартнага» (1984).

Падрыхтаваў да выдання творчую спадчыну Ф. К. Багушэвіча, К. Каганца, А. Паўловіча, Цёткі[1].

Літаратурныя творы

Дэбютаваў у друку ў 1946 годзе[1]. Пісаў навукова-папулярныя і публіцыстычныя нарысы, мастацкія біяграфіі.

Узнагароды

Узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Узнагароджваўся ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені, медалямі.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  3. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. С. 552

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (30):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Пісьменнікі паводле алфавіта
Памерлі ў 1986 годзе
Пахаваныя на Паўночных могілках
Нарадзіліся ў Капылі
Памерлі 1 мая
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Нарадзіліся 15 снежня
Выкладчыкі БДУ
Памерлі ў Мінску
Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Пісьменнікі СССР
Дактары філалагічных навук
Нарадзіліся ў 1921 годзе
Беларусісты
Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Кавалеры ордэна Славы
Літаратуразнаўцы Беларусі
Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Вучоныя паводле алфавіта
Літаратуразнаўцы СССР
Беларуска-літоўскія татары
Крытыкі паводле алфавіта
Выпускнікі БДУ
Краязнаўцы Беларусі
Пісьменнікі Беларусі
Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Заслужаныя работнікі культуры Беларускай ССР
Крытыкі Беларусі
Асобы