wd wp Пошук:

Сенегал

Сенегал (фр.: le Sénégal) — дзяржава ў заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна, на поўдзень ад ракі Сенегал.

Мяжуе з Маўрытаніяй на поўначы, з Малі на ўсходзе, з Гвінеяй і Гвінеяй-Бісау на поўдні. Унутры Сенегала размяшчаецца паўанклаў дзяржава Гамбія, якая прасціраецца ад Атлантычнага акіяна ўглыб Сенегала на 300 км.

Сталіца і буйнейшы горад — Дакар.

Дзяржаўная мова — французская, але яе ўжывае толькі адукаваная меншасць. Арабская мова мае статус нацыянальнай мовы.

Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — 4 красавіка.

Дзяржаўны лад

Сенегал — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 2001 года.

Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.

Заканадаўчая ўлада належыць Нацыянальнаму сходу (120 дэпутатаў) з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. Палова складу парламента выбіраецца паводле прапарцыянальнай сістэмы, палова — паводле мажарытарнай.

Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Сенегала

Ваяр народа валоф

Паселішчы чалавека на тэрыторыі Сенегала вядомы з часоў ніжняга палеаліту.

З IX ст. тут жылі народы тукулёр, валоф, фульбэ; тэрыторыя Сенегала ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Малі, Сангай.

У XV ст. з’явіліся еўрапейцы (з 1446 партугальцы, у XVI ст. іх выцеснілі галандцы), якія гандлявалі рабамі.

У XVII ст. Сенегал каланізаваны французамі (у 1659 заснаваны горад Сен-Луі). Да 1854 года абвешчаны французскай калоніяй, але цалкам заваяваны французамі ў 1879—1890 гадах. Эканамічным цэнтрам калоніі быў горад Дакар (заснаваны ў 1857). У 1848—1851 і з 1871 года краіна мела сваіх дэпутатаў у Нацыянальным сходзе Францыі (уласна афрыканцаў з 1914). У французскіх каланіяльных войсках у Афрыцы служылі сенегальскія стралкі. З 1895 года Сенегал — частка Французскай Заходняй Афрыкі.

У 2-ю сусветную вайну да 1943 года пад уладай французскага прагерманскага ўрада Вішы, потым адна з апорных баз антыгітлераўскай Змагарнай Францыі. У 1946 годзе Сенегал атрымаў статус заморскай тэрыторыі Францыі, у 1957 — унутраную аўтаномію. Вядучай палітычнай сілай краіны з 1958 года быў Прагрэсіўны саюз Сенегала (ПСС). З 1958 года Сенегал аўтаномная рэспубліка ў складзе французскай Супольнасці. У 1959 годзе аб’яднаўся з Французскім Суданам у Федэрацыю Малі (з 20 чэрвеня 1960 года незалежная, 20 жніўня 1960 года распалася).

5 верасня 1960 года Сенегал стаў незалежнай рэспублікай на чале з прэзідэнтам Л. С. Сенгорам (генеральны сакратар ПСС). Пасля адхілення ад улады апазіцыйна настроенага кіраўніка ўрада М. Дыя (у 1962—1974 зняволены) Сенгор адначасова быў і прэм’ер-міністрам краіны (1962—1970). У дзяржаве будаваўся «дэмакратычны афрыканскі сацыялізм» (спробы сумясціць афрыканскія традыцыі і каштоўнасці індустрыяльнага грамадства). З 1966 года існаваў аднапартыйна рэжым ПСС (з 1976 называецца Сацыялістычная партыя), які ў знешняй палітыцы арыентаваўся на Францыю.

У 1974 годзе дазволена дзейнасць іншых партый, у тым ліку Дэмакратычная партыя Сенегала (генеральны сакратар А. Вад). Пры пераемніку Сенгора А. Дыуфу (з 1983 прэзідэнт, у 1983—1991 адначасова і прэм’ер-міністр Сенегала) у краіне паглыбіліся палітычныя і сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні, палепшаны адносіны з Анголай і Эфіопіяй. У 1982—1989 гадах Сенегал разам з Гамбіяй утвараў канфедэрацыю Сенегамбія. У 1988 годзе адбыліся міжэтнічныя хваляванні на памежжы Сенегала і Маўрытаніі, з 1990 года ўнутры краіны ўзнік канфлікт вакол пытання незалежнасці паўднёвай правінцыі Казаманс.

У сакавіку 2000 года прэзідэнтам Сенегала выбраны А. Вад.

Геаграфія

Нацыянальны парк Джудж

Дзяржава Сенегал знаходзіцца ў Заходняй Афрыцы. Абмываецца водамі Атлантычнага акіяна.

Плошча: агульная — 196 190 кв. км. Даўжыня берагавой лініі — 531 км. Найвышэйшая вяршыня Сенегала — 581 м.

Ландшафт у асноўным раўнінны-саванны з невялікім уздымам на поўдні.

Клімат субэкватарыяльны. Сярэднія тэмпературы: каля 23 °C у студзені і 28 °C у ліпені.

Найбольшыя рэкі Сенегал, Гамбія (вярхоўі), Салум і Казаманс.

Тут знаходзіцца самы заходні пункт Афрыкі — паўвостраў Зялёны мыс.

Нацыянальны парк Ніякола-Коба, Джудж (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны).

З карысных выкапняў найбольшае значэнне маюць фасфарыты. Ёсць жалезная руда, пяскі з ільменітам, рутылам і цырконам.

Эканоміка

Эканоміка краіны не развітая. Каля 70 % працаздольнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі зяўляюцца: цукровы трыснёг, бавоўна, рыс.

Насельніцтва

Насельніцтва краіны налічвае каля 11 млн чалавек. 20 этнічных груп, з якіх валоф — 43 % насельніцтва, фульбэ — 23 %, сэрэра — 15 %, еўрапейцы (у асноўным французы і ліванцы) — каля 10 %. Валоф засяляюць цэнтральную частку краіны, на поўнач і ўсход ад Дакара і тэрыторыі ўздоўж узбярэжжа. 70 % насельніцтва жыве ў сельскай мясцовасці.

Мусульмане — каля 94 % насельніцтва, хрысціяне (пераважна каталікі) — 5, мясцовыя вераванні — 1 %.

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Франкамоўныя краіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Сенегал
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара